26 Апреля, 2024 Пятница

На Навагрудчыне будуецца ветрапарк

  • 04 февраля 2016 Экономика Беларуская 0

    Першы ў краіне ветрапарк у хуткім часе з’явіцца на Навагрудчыне. Увядзенне ў эксплуатацыю пяці ветраэнергетычных установак дазволіць на чвэрць забяспечыць патрэбы раёна ў электра­энергіі і стане значным крокам у развіцці “зялёнай” энергетыкі.

    Выкарыстанне энергіі ветру ў апошнія гады атрымала новы імпульс і вельмі актыўна развіваецца. Аднак будаўніцтва  цэлага парка ветраэнергетычных установак – справа новая не толькі для рэгіёну, але і для ўсёй краіны. Пра тое, як узводзіцца ветрапарк каля в. Грабнікі, нам расказаў дырэктар філіяла Лідскія электрычныя сеткі РУП “Гроднаэнерга” В.С. ЖУК.

    – Будаўніцтва ветраэнергапарка ў Навагрудскім раёне, якое пачалося ў верасні мінулага года, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады, – гаворыць Віктар Станіслававіч. – Спачатку быў распрацаваны архітэктурны праект ветрапарка, які атрымаў усе неабходныя экспертызы, і выдзелены зямельныя ўчасткі каля вёскі Грабнікі. Месца было выбрана не выпадкова: на ўзвышшы больш за 300 м над узроўнем Балтыйскага мора вецер дзьме амаль пастаянна. Сярэднегадавая хуткасць ветру тут 7 м/с. Генеральным падрадчыкам з’яўляецца ААТ “Белэлектрамантажналадка”, таксама да ўдзелу ў будаўніцтве прыцягваліся будаўнічыя і дарожныя арганізацыі вобласці. Падчас падрыхтоўчых работ былі пабудаваны пад’язныя дарогі, пляцоўка пад будучы ветрапарк і падмуркі пад ветраўстаноўкі. Сумесны кантроль за ходам будаўнічых і мантажных работ ажыццяўляюць спецыялісты філіяла Лідскія электрасеткі і УКБ Навагрудскага райвыканкама.

    Літаральна праз некалькі месяцаў адна за адной у неба пачалі ўзнімацца 80-мятровыя вежы ветраэнергетычных установак. Зараз іх ужо чатыры, і здалёк здаецца, што яны шчыльна стаяць побач, а на самой справе іх аддзяляюць сотні метраў. Грандыёзнасць і маштабнасць канструкцыі, якая хутка пачне вырабляць электраэнергію, проста зачароўвае.

    – Усе мантажныя работы вядзе польская кампанія Sarens. Зараз яе спецыялісты працуюць над мантажом апошняй, пятай ветраўстаноўкі. Для гэтых мэт былі спецыяльна дастаўлены два магутныя краны, грузападымальнасцю 750 і 250 тон. З іх дапамогай устанаўліваюцца элементы вежы і самая цяжкая частка ўстаноўкі – гандола з генератарам. Яе вага каля 60 тон, а ўся канструкцыя важыць 200 тон. Работа гэта адказная і складаная: груз мала падняць на вышыню, яго трэба з высокай дакладнасцю апусціць на вежу. Далей канструкцыю замацоўваюць мантажнікі. Абсталяванне ўнутры ветраўстановак кітайскай фірмы-вытворцы НЕАG, яе спецыялісты адказваюць за яго ўстаноўку, наладку і паспяховы запуск, – адзначыў В.С. Жук.

    Свае карэктывы ў планы будаўнікоў уносіць надвор’е. Справа ў тым, што ажыццяўляць мантаж магчыма толькі пры пэўных умовах: вецер да 9 м/с і тэмпература не ніжэй за мінус 20 градусаў. Вецер часта прымушае прыпыняць работы. Аднак менавіта вецер з’яўляецца аднаўляльнай крыніцай энергіі і дае людзям самую чыстую, без шкодных адходаў, энергію.

    – Побач з ветраўстаноўкамі будуецца трансфарматарная падстанцыя, – працягвае Віктар Станіслававіч. – Яна будзе забяспечваць прыём электраэнергіі ветрапарка, устаноўленая магутнасць якога складзе 9 МВт. Як паказала практыка, устаноўка, якая ўжо дзейнічае, вырабляе каля 4 млн. кВт гадзін у год. У залежнасці ад умоў надвор’я каэфіцыент выкарыстання магутнасцей складае 30-35%. Такім чынам, увядзенне ў эксплуатацыю ўсіх ветраўстановак дазволіць на чвэрць забяспечыць патрэбы Навагрудскага раёна ў электра­энергіі і зэканоміць сродкі. У год эканомія складзе больш за 6,5 тыс. тон умоўнага паліва. Пры цяперашнім кошце рэсурсаў аб’ект акупіцца прыкладна праз 10 гадоў.

    Плануецца, што будаўніцтва ветрапарка будзе завершана ў маі 2016 года, а тэрмін службы аб’екта складзе 20 гадоў. Эксплуатацыяй і абслугоўваннем ветраэнергетычных установак будуць займацца спецыялісты філіяла Лідскія электрасеткі. Кантраляваць работу ветрапарка можна і на адлегласці: за ўсімі працэсамі сочыць аўтаматыка. Яна не толькі спыніць працу пры ўрагане, але і зможа павярнуць гандолу і злавіць самы моцны вецер. Эксперты высока ацэньваюць патэнцыял Навагрудчыны ў выкарыстанні энергіі ветру. Можна з упэўненасцю сказаць, што будаўніцтва ветраэнергетычных установак у раёне будзе працягвацца.

    Тэкст і фота А. ГАНЦЭВІЧ, “НЖ”.

    Автор: А. ГАНЦЭВІЧ, “НЖ”.Новае жыццё

Комментарии (0)