29 Апреля, 2026 Среда

Маладзечанскі раён: у беспрацоўя мужчынскі твар

  • 15 февраля 2016 Экономика Беларуская 0

    На адну свабодную вакансію ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прэтэндуюць 19 беспрацоўных, што стаяць на ўліку. Усё пра рынак працы ў Маладзечанскім раёне расказвае спецыяліст.

    Хто ён, сярэднестатыстычны беспрацоўны? Якія прафесіі найбольш запатрабаваныя? Ці высокі ўзровень беспрацоўя на Маладзечаншчыне? Аб гэтым расказала намеснік начальніка гэтага падраздзялення Таццяна МУЧЫНСКАЯ.

    — Апошнім часам ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама звяртаецца ўсё больш людзей, якія шукаюць работу. З чым гэта звязана?

    — Сапраўды, тых, хто шукае работу, стала больш. Іншым разам людзі прыходзяць яшчэ да пачатку рабочага дня. Сітуацыя тлумачыцца комплексам фактараў. Значную ролю адыграла распрацаваная дзяржавай сістэма мер па выкараненні ўтрыманства і дармаедства. Гэта стала дадатковым стымулам для беспрацоўных грамадзян шукаць работу ці хаця б проста зарэгістравацца ў службе занятасці, каб пазбегнуць выплаты так званага падатку за дармаедства, заўважыла Таццяна Іванаўна. Павялічыўся прыток грамадзян, якія нелегальна ездзілі на заробкі ў Расію. Пераважана гэта работнікі будаўнічай галіны. Яны вярнуліся дамоў, бо з-за па-дзення расійскага рубля працаваць у краіне-суседцы стала нявыгадна. Пагоршылася эканамічная сітуацыя на некаторых прадпрыемствах раёна. У параўнанні з 2014 годам летась колькасць работнікаў на іх зменшылася амаль на 1600 чалавек. Дадатковую нагрузку на рынак працы аказваюць і прадпрыемствы, якім даводзіцца існаваць у рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці. У чэрвені мінулага года такіх было 17, у лістападзе – 6, у снежні – 10.

    Павелічэння колькасці беспрацоўных у сувязі з пэўнымі карэктывамі ў дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў не адзначаецца. Такія выпадкі адзінкавыя. Практычна не звяртаюцца і ўкраінцы, як гэта было мінулым летам. Тады неаднойчы прасілі дапамогі жыхары Данецкай і Луганскай абласцей.

    — Прагнозы на гэты год рабіць рана. А колькі беспрацоўных цяпер знаходзіцца на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама?

    — Летась да нас звярнуліся 5002 чалавекі, пераважнай большасці з іх мы дапамаглі. Гэта не толькі беспрацоўныя, але і тыя, хто хацеў змяніць месца працы, школьнікі і студэнты, якія шукалі часовую работу на летнія канікулы. Таксама наша служба садзейнічае ў працаўладкаванні абавязаным асобам па Дэкрэце №18 і асу-джаным, якія працуюць на грамадскіх работах. У асенні перыяд нямала маладзечанцаў жадаюць адправіцца на ўборку ўраджаю ў мясцовыя гаспадаркі. Такім чынам, па стане на 1 студзеня гэтага года ў нас на ўліку знаходзілася 1219 чалавек, што прыкладна на 400 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. На пачатак лютага наша служба прапануе каля 70 свабодных вакансій, 40 з іх – па рабочых прафесіях.

    — Ці можна, як і раней, атрымаць субсідыі для адкрыцця ўласнага бізнесу?

    — Гэты від дапамогі ёсць і цяпер. Але за апошнія чатыры гады жадаючых адкрыць уласную справу стала менш. Напрыклад, у 2012-м субсідыі былі выдадзены 38 жыхарам раёна, у 2013-м – 34, у 2014-м – 23, летась – 22. Найчасцей мала-дзечанцы адкрываюць швейныя рамонтныя майстэрні, цырульні, аказваюць паслугі ў будаўнічай галіне, грузавых і пасажырскіх перавозках. У 2015 годзе на адкрыццё ўласнага бізнесу з фонду сацабароны было выдаткавана 379 мільёнаў рублёў.

    — Якія прафесіі запатрабаваныя на Маладзечаншчыне?

    — Рынак працы ў першую чаргу арыентаваны на рабочыя прафесіі – іх каля 60 працэнтаў ад агульнай колькасці заяўленых наймальнікамі вакансій. Сярэдняя зарплата — 3,5 мільёна рублёў. Апошнім часам у лідарах па раёне ветэрынары і заатэхнікі. Да найбольш запатрабаваных можна аднесці слесараў-сантэхнікаў, электрагаза-зваршчыкаў, токараў, повараў, прадаўцоў з пэўнымі прафесійнымі разрадамі, галоўных бухгалтараў. Даволі цяжка знайсці работу ў будаўнічай галіне, дрэва- і металаапрацоўцы.

    Па-ранейшаму ёсць вакансіі ў медыцыне. А вось статус педагогаў у раёне значна павысіўся. У гэтай сферы нават з’явілася канкурэнцыя. Яшчэ зусім нядаўна, напрыклад, у выхавальнікі бралі спецыялістаў з адпаведнай сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Цяпер аддаецца перавага педагогам з дыпломамі ВНУ.

    Часам сустракаюцца эксклюзіўныя вакансіі. Летась на адно замежнае гандлёвае прадпрыемства ў раёне патрабаваўся намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях з веданнем літоўскай і англійскай моў, а таксама з дыпломам еўрапейскага ўзору з кваліфікацыяй «тэхналогія вытворчасці харчовых дабавак для буйной рагатай жывёлы». Дарэчы, заработную плату абяцалі амаль 20 мільёнаў рублёў. Цяпер ёсць яшчэ адна даволі рэдкая вакансія: у прыватную арганізацыю патрабуецца ветэрынар-фельчар з уменнем правядзення хірургічных аперацый малым жывёлам.

    — Ці можна скласці партрэт сярэднестатыстычнага беспрацоўнага жыхара раёна?

    — Яшчэ пазалетась гэта была жанчына 30-40 гадоў з сярэдняй адукацыяй, рабочай прафесіяй або без спецыяльнасці, якая не працавала больш за год і, як правіла, была звольнена па асабістым жаданні. Гарантам стабільнасці, дарэчы, не з’яўляліся ні вышэйшая адукацыя, ні вопыт у рабоце. Ця-пер у беспрацоўя мужчынскі твар. Асабліва незапатрабаванымі сталі мужчыны ў самым росквіце сіл – 40-45 гадоў, з сярэдняй адукацыяй, без спецыяльнасці, з вопытам работы ў будаўнічай галіне.

    — Як можна атрымаць статус беспрацоўнага і на працягу якога часу дазваляецца стаяць на ўліку ў службе занятасці? Наколькі вялікі маштаб беспрацоўя на Маладзечаншчыне ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі вобласці?

    — У раёне сітуацыя па беспрацоўі даволі вострая, як і ў Барысаўскім, Слуцкім, Вілейскім і іншых. Але яна пад кантролем, што, безумоўна, абнадзейвае. Хачу нагадаць: беспрацоўным можа быць прызнаны чалавек, які не мае ніякага даходу, не з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і не знахо-дзіцца ў дэкрэтным водпуску. У гэтым статусе можна быць на працягу трох гадоў. Грамадзяне абавязаны ўдзельнічаць у грамадскіх работах (аплачваемых), калі няма супрацьпаказанняў па здароўі ці іншых важкіх прычын. Найчасцей людзі працуюць у сельгасарганізацыях, напрыклад, на ўборцы ўраджаю, перабіранні садавіны і агародніны. Мы прапануем беспрацоўным перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі, набыццё дадатковай спецыяльнасці. Упраўленне сумесна з іншымі службамі арганізуе перападрыхтоўку па некаторых рабочых спецыяльнасцях – прадавец, цырульнік, электрагазазваршчык, вадзіцель па-грузчыка, аператар газавай кацельні, машыніст-качагар. Іншым разам дадатковую прафесію жадаюць атрымаць і маладзечанцы з вышэйшай адукацыяй. Таксама мы садзейнічаем правядзенню курсаў павышэння кваліфікацыі для бухгалтараў. Згодна са шматгадовымі назіраннямі, яны аказаліся найбольш мэтазгоднымі. Заняткі па перанавучанні і павышэнні кваліфікацыі праходзяць на базе мясцовых устаноў адукацыі. Летась з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на іх было выдаткавана звыш 500 мільёнаў рублёў.

    — Фонд фінансуе і працаўладкаванне ў рамках праграмы «Маладзёжная практыка», а таксама  інвалідаў…

    — Гэта самыя складаныя кірункі дзейнасці нашай службы. Мажліва, абывацелям падасца нязначным тое, што летась мы дапамаглі знайсці работу траім інвалідам, але гэты вынік важкі. Адаптаваць да пэўнай дзейнасці такога чалавека вельмі не проста. На гэтыя мэты з фонду было выдаткавана звыш 100 мільёнаў рублёў. А ў рамках праграмы «Маладзёжная практыка» на работу былі накіраваны шасцёра чалавек, на што пайшло больш за 150 мільёнаў рублёў. Работадаўцы не вельмі ахвотна бяруць спецыялістаў, якія толькі пачынаюць шлях у прафесію.

    — Ваша служба садзейнічае таксама ў працаўладкаванні сем’ям з забеспячэннем іх жыллём у сельскай мясцовасці.

    — Сапраўды, штогод ёсць тыя, хто жадае знайсці ці змяніць работу, а заадно і месца пражывання. Летась на гэта пайшлі чатыры сям’і, тры з іх маладыя. Адна пераехала ў Гарадок з Барысаўскага раёна. Яшчэ дзве змянілі прапіску ў межах раёна – Сакольнікі на Заскавічы і Бабровічы на Гарадзілава. Сям’я, у якой муж і жонка перадпенсіённага ўзросту, перабралася на Маладзечаншчыну з Валожыншчыны. Усе яны шчыруюць у сельскай гаспадарцы. Пры такім працаўладкаванні выдаткоўваецца фінансавая кампенсацыя ў сяміразовым памеры бюджэту пражытачнага мінімуму. Пяць сем’яў з Маладзечаншчыны пераехалі ў іншыя рэгіёны Мінскай і Гродзенскай абласцей.

    Мы працягваем развіваць асноўныя кірункі дзейнасці нашай службы. Сярод прыярытэтных задач – працаўладкаванне насельніцтва, садзейнічанне прафесійнаму навучанню беспрацоўных, дапамога пры адкрыцці ўласнага бізнесу і перасяленні сем’яў з забеспячэннем іх месцам працы і жыхарства, арганізацыя  аплачваемых грамадскіх работ. Спадзяёмся, мы зможам стварыць мэтавыя групы інвалідаў, моладзі, абавязаных асоб па Дэкрэце №18, тых, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, аказаць ім належную падтрымку, каб яны не згубіліся ў соцыуме.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)