27 Апреля, 2024 Суббота

Республиканские и международные победы, широкий ассортимент и качество. ОАО «Оранчицкая птицефабрика» отмечает 50-летие

  • 15 февраля 2016 Экономика Беларуская 0

    Акрамя традыцыйных накірункаў сельскагаспадарчай галіны — раслінаводства і жывёлагадоўлі, у тагачасным Ліноўскім калгасе «30 год БССР» развівалі яшчэ адну — птушкагадоўлю.

    А ў 1966 годзе птушкафабрыка пачала самастойны шлях у якасці саўгаса «Аранчыцкі». Па выніках першага года самастойнай работы на птушкаферме ў Аранчыцах налічвалася 24,5 тысячы галоў птушкі, у тым ліку 10,5 тысячы курэй-нясушак, ад якіх за год атрымалі 698 тысяч штук яек.

    За паўстагоддзя многае тут памянялася: у некалькі разоў павялічылася пагалоўе птушкі, а разам з тым выраслі і вытворчыя паказчыкі. Як працуе ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» сёння? У нагу з часам

    На прадпрыемстве падкрэсліваюць, што назву брэнду — «Деревенское яйцо» — далі не таму, што прывабна гучыць: калі прадукцыя птушкафабрыкі і адрозніваецца ад яек з асабістых падворкаў, дык толькі гарантаванымі высокай якасцю і абсалютнай бяспекай. 

    Сёння фабрыка — гэта пяць птушнікаў і два памяшканні для куранят, дзе пасля нядаўняй рэканструкцыі стала магчымым павелічэнне пагалоўя. Цяпер тут утрымліваюцца 250 тысяч курэй-нясушак і 110 тысяч куранят. Акрамя таго, пры таварыстве функцыянуе свой кармацэх, дзе вырабляюць сумесі па ўласных рэцэптурах.

    З года ў год таварыства ўкладвае сродкі ў абнаўленне машынна-трактарнага парку, мадэрнізацыю. У 2013 годзе змяненні адбыліся на яйкаскладзе: устаноўлена новая сартавальная машына, якая за кошт абсалютнай аўтаматызацыі не проста палегчыла рабочы працэс, але і дазволіла выкарыстоўваць сучасную ўпакоўку. У рамках праграмы энергазберажэння ў птушніках старыя лямпы былі заменены на святлодыёдныя. Пару гадоў таму пабудаваны забойны цэх, а сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новае збожжасховішча і тым самым адмовіцца ад арэндных плошчаў.

    Пра тое, што прадпрыемства сапраўды развіваецца, сведчаць і паказчыкі гаспадарчай дзейнасці. З 2005 года на Аранчыцкай птушкафабрыцы фіксуюць толькі рост вытворчасці. Пра тое, што прадпрыемства займае лідзіруючую пазіцыю ў вобласці і з’яўляецца адным з лепшых у рэспубліцы, сведчаць вынікі нацыянальнага бізнэс-рэйтынгу. Ад адной нясушкі за год тут атрымліваюць 325 яек пры сярэднім расходзе на адно яйка 130 грамаў кармоў. Вышэйшы паказчык яйканоскасці толькі на трох прадпрыемствах краіны, а па расходу кармоў — на двух. Акрамя таго, у аранчыцкіх птушкаводаў адзін з лепшых паказчыкаў па захаванасці птушкі.

    — Безумоўна, гэта вынік узгодненай работы ўсяго калектыву, — зазначае дырэктар Т.В.Дыбуль.

    Ад Брэста да Санкт-Пецярбурга

    Апошнім часам яйкі птушкафабрыкі паступаюць на паліцы магазінаў пад новымі брэндамі: акрамя традыцыйнага «Деревенского яйца», з’явіліся «Деревенские крохи» і «Хатні сняданак».

    У жыхароў Пружаншчыны яйкі мясцовай вытворчасці не маюць патрэбы ў рэкламе. У прынцыпе, зазначае спецыяліст аддзела збыту І.М.Іванова, прадукцыю Аранчыцкай птушкафабрыкі добра ведаюць і жыхары іншых рэгіёнаў Беларусі. Фірменныя магазіны таварыства сёння ёсць у Брэсце і Бярозе, выязны гандаль працуе ў суседніх райцэнтрах, наладжана супрацоўніцтва з мінскімі і гро-дзенскімі магазінамі. А, згодна з аналізам попыту гандлёвай сеткі «Еўраопт», аранчыцкія яйкі — самыя запатрабаваныя ў сваёй катэгорыі тавараў у пакупнікоў інтэрнэт-магазіна.

    Геаграфія паставак ужо ахоплівае і Расійскую Федэрацыю: «Деревенское яйцо» адгружаецца ў Смаленск, Маскву і Санкт-Пецярбург. Дарэчы, за мінулы год экспарт прадукцыі вырас амаль на 20% да ўзроўню папярэдняга года.

    Кіраўніцтва аддае належнае спецыялістам аддзела збыту: рэкламу яек ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» можна пачуць у брэсцкіх маршрутных таксі, убачыць на тэлеэкранах буйных супермаркетаў. На пытанне: «У чым сакрэт папулярнасці?»,— адказваюць: «Нашы яйкі ні ў чым не саступаюць вясковым. За паўстагоддзя мы навучыліся вырабляць іх у прамысловых маштабах».

    «Деревенское» — лепшае

    Стабільнасць работы таварыства, задавальненне патрабаванняў пакупнікоў, высокая якасць прадукцыі — усё гэта садзейнічае стварэнню станоўчага іміджу ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» на спажывецкім рынку.

    Красамоўней слоў і лічбаў дзясяткі высокіх рэспубліканскіх узнагарод і дыпломаў, міжнародных прызоў, сярод якіх «Лідар галіны» паводле нацыянальнага бізнэс-рэйтынгу, дыплом лаўрэата конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь». Толькі за два апошнія гады прадпрыемства атрымала дыплом фіналіста прэміі спажывецкага прызнання «Народная марка 2014», Гран-пры і дыплом III ступені  Беларускага нацыянальнага конкурсу «Прадукт года», спажыўцы прызналі аранчыцкія яйкі лепшымі падчас народнага конкурсу-дэгустацыі «Чэмпіён смаку», дыплом I ступені ў конкурсе спажывецкага прызнання «Лепшы смак»...

    Шэраг узнагарод знайшоў і спецыялістаў птушкафабрыкі, у тым ліку і яе кіраўніка. Так, да шматлікіх дыпломаў і званняў Тэрэсы Валяр’янаўны Дыбуль, сярод якіх «Жанчына года 2013», дабавілася Ганаровая грамата міжнароднага аргкамітэта па грамадскіх узнагародах і званнях — за высокія вынікі ў прафесійнай дзейнасці і за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржавы — члена Мытнага саюза.

    Раённыя будні

    Автор: Марына ВакульскаяРаённыя будні

Комментарии (0)