25 Апреля, 2024 Четверг

Жыллёвая прыватызацыя: цэны і ацэнкі

  • 21 февраля 2016 Экономика Беларуская 0

    Прыватызацыя  жылля, аднесенага да дзяржаўнага жыллёвага фонду, – тэма актуальная. Яна ўздымаецца практычна на ўсіх “прамых лініях”, асабістых прыёмах грамадзян, якія праводзяць кіраўнікі органаў улады. Цікавіць яна і чытачоў “НТ”. На пытанні, якія найбольш часта сустракаюцца ў практыцы прыватызацыі, дае тлумачэнні начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Аляксей Мартысюк. 

    – На падставе якога дакумента і ў якія тэрміны праводзіцца прыватызацыя жыллёвых памяшканняў, што адносяцца да дзяржаўнага жыллёвага фонду?

    – Прыватызацыя праводзіцца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2013 г. №563 “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых праваадносін”  і працягнецца да 1 ліпеня 2016 года. 

    – З чаго пачынаць наймальніку, калі ён вырашыў прыватызаваць дзяржаўнае  жыллё?

    – Калі жылое памяшканне адносіцца да градской ці раённай камунальнай уласнасці, грамадзянін павінен звярнуцца з заявай у гарадскі ці раённы  выканаўчы камітэт або ў арганізацыю, упаўнаважаную ім на прыём заяў аб прыватызацыі. Калі жылое памяшканне адносіцца да абласной камунальнай ці рэспубліканскай уласнасці, звяртацца трэба ў дзяржаўную арганізацыю, у падпарадкаванні якой яно знаходзіцца. 

    – На падставе чаго і якім чынам  вызначаецца кошт аб’екта прыватызацыі?

    – Разлік ацэначнага кошту жылых памяшканняў здзяйсняецца на падставе Палажэння аб вызначэнні кошту аб’ектаў прыватызацыі, зацверджанага пастановай Саўміна ад 28 мая 2013 г. №421. У адпаведнасці з ім ацэначны кошт жылога памяшкання ў мэтах прыватызацыі праводзіцца дзяржаўным органам, які прыняў заяву, і вызначаецца, зыходзячы з першапачатковага кошту жылога дома, адлюстраванага ў бухгалтарскім уліку, а таксама плошчы жылога памяшкання і шэрагу каэфіцыентаў, якія ўлічваюць змяненне кошту ў будаўніцтве і спажывецкія якасці жылля. 

    Як паказала практыка, у асобных выпадках вызначаны па дадзенай методыцы ацэначны кошт аб’екта прыватызацыі перавышаў рыначны кошт жылога памяшкання. Асабліва гэта тычылася сельскай мясцовасці, дзе часцяком выдаткі на будаўніцтва жылля вышэйшыя, чым у буйных гарадах, а рыначны кошт меншы. Каб пазбегнуць гэтага, 25 студзеня 2016 года ўнесены змяненні ва Указ Прэзідэнта ад 13 лістапада 2014 года №524 “Аб прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду”. Зараз, калі грамадзянін не згодны з ацэначным коштам жылля, ён мае права самастойна звярнуцца для правядзення незалежнай ацэнкі рыначнага кошту жылля, якое прыватызуецца, у спецыялізаваную дзяржаўную арганізацыю, якая ажыццяўляе ацэначную дзейнасць. Напрыклад, у адно з рэгіянальных падраздзяленняў РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры”. 

    – А калі рыначны кошт адрозніваецца ад ацэначнага?

    – Прыватызацыя жылога памяшкання ажыццяўляецца па найменшым кошце: ацэначным, вызначаным дзяржаўным органам, які прыняў заяву на прыватызацыю, або рыначным, вызначаным спецыялізаванай арганізацыяй.  

    Але, перш чым скарыстацца магчымасцю правядзення незалежнай ацэнкі, трэба звярнуць увагу на наступныя моманты. Па-першае, дадзеным правам можна скарыстацца ў перыяд разгляду заявы аб прыватызацыі або ў выпадку, калі тэрмін дзеяння ўжо прынятага рашэння аб прыватызацыі не скончыўся (тэрмін дзеяння рашэння аб прыватызацыі – адзін год), а дагавор куплі-продажу гэтага памяшкання натарыяльна не зацверджаны. А па-другое, паслугі па правядзенні незалежнай ацэнкі рыначнага кошту жылога памяшкання аказваюцца за кошт сродкаў грамадзяніна. Пры гэтым у выпадку прыватызацыі жылога памяшкання па рыначным  кошце яго кошт змяншаецца на суму выдаткаў  грамадзяніна на правядзенне такой ацэнкі. У выпадку прыватызацыі па ацэначным кошце кампенсацыя не выплачваецца. 

    – Як дзейнічаць наймальніку, каб жыллё, якое ён займае, набыць ва ўласнасць танней?

    – Разгледзім дзве магчымыя сітуацыі, звязаныя з прыватызацыяй, рэалізацыя  якіх дазволіць набыць ва ўласнасць жылое памяшканне па найменшым кошце.  

    Сітуацыя першая. Грамадзянін звярнуўся ў дзяржаўны орган з заявай аб прыватызацыі, і рашэнне па ёй яшчэ не прынята. Што трэба  рабіць  далей? Праз 10-15 дзён з дня падачы заявы аб прыватызацыі звярнуцца ў дзяржаўны орган, які прыняў заяву, і азнаёміцца з разлічаным ацэначным коштам жылога памяшкання. У выпадку нязгоды з ацэначным коштам жылога памяшкання звярнуцца ў дзяржаўную арганізацыю, якая вядзе ацэначную дзейнасць, і заключыць дагавор на аказанне паслуг па правядзенні незалежнай ацэнкі рыначнага кошту жылога памяшкання.  Затым на працягу 5-ці дзён з дня заключэння дагавора, але не пазней 25-ці дзён з дня падачы заявы аб прыватызацыі падаць копію дадзенага дагавора ў дзяржаўны орган, які прыняў заяву. На падставе гэтага дакумента тэрмін разгляду заявы будзе працягнуты з аднаго да двух месяцаў. У выпадку, калі рыначны кошт, вызначаны спецыялізаванай арганізацыяй,  будзе меншым за ацэначны, трэба накіраваць заключэнне аб ацэнцы ў дзяржаўны орган, які прыняў заяву, не пазней, чым за 10 дзён да заканчэння тэрміну разгляду заявы аб прыватызацыі (два месяцы). На падставе дадзенага заключэння прыватызацыя будзе праведзена па рыначнай цане.

    Сітуацыя другая. Грамадзянін звярнуўся ў дзяржаўны орган з заявай аб прыватызацыі, і па ёй прынята рашэнне прадаць жылое памяшканне па ацэначным кошце, тэрмін дзеяння рашэння не скончыўся, дагавор куплі-продажу жылога памяшкання натарыяльна не зацверджаны. Далей трэба дзейнічаць так: у выпадку нязгоды з коштам жылога памяшкання, указаным  у рашэнні аб прыватызацыі, звярнуцца ў дзяржаўную арганізацыю, якая вядзе ацэначную дзейнасць, і заключыць дагавор на аказанне паслуг па правядзенні незалежнай ацэнкі рыначнага кошту жылога памяшкання. Затым у выпадку, калі рыначны кошт, вызначаны спецыялізаванай арганізацыяй, будзе меншым за кошт жылога памяшкання, указанага ў рашэнні аб прыватызацыі, неабходна звярнуцца з заявай у дзяржаўны орган, які прыняў рашэне аб прыватызацыі, аб унясенні змяненняў у рашэнне аб прыватызацыі жылога памяшкання ў частцы кошту аб’екта прыватызацыі. 

    І, урэшце, у выпадку нязгоды з коштам жылога памяшкання  камунальнага жылфонду, вызначаным у працэсе прыватызацыі, грамадзянін можа звярнуцца  ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама.

    Автор: Адам АрсеньеўНародная трыбуна

Комментарии (0)