19 Апреля, 2024 Пятница

Мадэрнізацыя вытворчасці: Смаргонскі ліцейна-механічны завод

  • 11 марта 2016 Экономика Беларуская 0

    На ліцейна-механічным заводзе пачалася рэалізацыя асноўнай часткі інвестыцыйнага праекта па мадэрнізацыі вытворчасці, замене старых плавільных агрэгатаў.

    Яшчэ ў 2014 годзе кіраўніцтва гэтага прадпрыемства прыняло рашэнне аб мадэрнізацыі ваграначнага комплексу. Для гэтага было некалькі прычын: ранейшыя магутнасці прадпрыемства дазвалялі вырабляць 5 тон чыгуннага ліцця за гадзіну. Новыя печы больш прадукцыйныя. Да таго ж інвестыцыйны праект экалагічна накіраваны. Згодна з ім на ліцейна-механічным заводзе прадугледжана значнае зніжэнне шкодных выкідаў у атмасферу. Ваграначны комплекс будзе мець тры ўстаноўкі. Адна з іх, пылаачысткі, забяспечана фільтрамі, якія зменшаць выкіды пылу да 20 міліграмаў пры дапусцімай канцэнтрацыі – 50 міліграмаў. На саміх печках з’явяцца камеры дапальвання СО. Для нейтралізацыі шкоднага ўплыву серы спецыяльная ўстаноўка будзе ўводзіць гідрааксід кальцыю.

    Тэндар на пастаўку неабходнага тэхналагічнага абсталявання выйграла нямецкая фірма. Перад гэтым прадстаўнікі адміністрацыі ліцейна-механічнага завода пабывалі на заходнееўрапейскіх заводах, дзе яно ўстаноўлена. Смаргонцаў цікавіла адпаведнасць гэтага абсталявання тэхнічным патрабаванням. Немалаважную ролю ў выбары інвестара складаў цэнавы фактар. Тэхналагічнае абсталявання абышлося ў 3 мільёны 300 еўра. Інвестыцыйны праект часткова фінансуецца за кошт уласных сродкаў ліцейна-механічнага завода і крэдыту нямецкай кампаніі. Для перавозкі тэхналагічнага абсталявання ў Смаргонь былі задзейнічаны больш за тры дзясяткі вялікагрузных аўтамабіляў. Пасля заканчэння паставак на ЛМЗ падрыхтавалі будаўнічую пляцоўку, распачалі дэмантаж вагранак, якія адслужылі свой тэрмін.

    Увесь будаўнічы праект раздзелены на дзве часткі. Першая з іх – устаноўка ўсіх сістэм пылагазаачысткі, якая будзе весціся па-за будынкам цэха. Ужо цалкам гатовы падмурак, і спецыялісты манціруюць абсталяванне. Калі поўнасцю будзе зроблена абвязка па-за будынкам, другая частка рэалізацыі праекта пачнецца з устаноўкі ў будынку новых печаў. Выкарыстанне сучасных тэхналогій дазволіць павысіць якасць выплаўляемага металу, ліццё стане яшчэ больш канкурэнтаздольным на рынку. У выпадку значнага павелічэння вытворчасці прадукцыі, добрай яе рэалізацыі, на печы будзе ўстаноўлена сістэма водаахалоджання, што дазволіць арганізаваць работу ў дзве змены.

    Як было паведамлена вышэй, дзякуючы сучаснай сістэме пылагазаачысткі з ліцейна-механічнага завода амаль што перастануць паступаць у атмасферу выкіды шкодных рэчываў, іх колькасць будзе ніжэй гранічна дапусцімых канцэнтрацый, якія дзейнічаюць у Беларусі. Жыхары горада перастануць адчуваць непрыемны пах ліцейнай вытворчасці яшчэ і таму, што на заводзе ўстановяць новыя печкі цалкам закрытага тыпу.

    Мантажныя работы на ліцейна-механічным заводзе выканаюць магілёўскія спецыялісты пад кантролем прадстаўнікоў фірмы-пастаўшчыка. Плануецца, што пасля ўстаноўкі сучаснага тэхналагічнага абсталявання (вытворчы працэс будзе аўтаматызаваны) першая прадукцыя з новых плавільных печаў з’явіцца ўжо напрыканцы красавіка.

    Автор: Юрый ЯНУШКЕВІЧ.Светлы шлях

Комментарии (0)