19 Апреля, 2024 Пятница

Прэм’ерны паказ

  • 11 марта 2016 Экономика Беларуская 0

    У ходзе рабочай паездкі па Брэстчыне старшыня Урада Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў пабываў на ААТ “Івацэвічдрэў”, УП “Гефест-тэхніка”, якое ўваходзіць у склад холдынгу СП ААТ “Брэстгазаапарат”, і ААТ “Брэсцкі электралямпавы завод”

    Пад грыфам ДСП

    Падводзячы вынікі паездкі, Андрэй Кабякоў адзначыў, што “Івацэвічдрэў” – гэта самае паспяховае дрэваапрацоўчае прадпрыемства з тых, што прайшлі праз мадэрнізацыю. Яе правялі тут на некалькі гадоў раней, чым у іншых. На прадпрыемстве маюць больш чым 100-працэнтную загрузку і добры партфель заказаў, таму не прыходзіцца працаваць на склад. Але сістэмныя пытанні засталіся – рынак драўнянастружкавых пліт (ДСП), якія выпускае прадпрыемства, паменшыўся ў валютным эквіваленце, і стала цяжэй абслугоўваць крэдыты, узятыя для тэхнічнага пераўзбраення. У падобным становішчы апынуліся іншыя прадпрыемствы галіны, у тым ліку і за мяжой. Але выжывае наймацнейшы і, дзякуючы таму, што “Івацэвічдрэў” мае высокатэхналагічнае абсталяванне вядучых сусветных фірм, у яго ёсць усе шанцы застацца на плаву. Таму размова ішла аб тым, каб выпрацаваць меры для паспяховай працы прадпрыемства, калі трэба – дзяржава гатова падставіць плячо, хоць прэм’ер лічыць, што ў Івацэвічах здольныя знайсці ўнутраныя рэзервы.

    Старт у будучыню

    На думку Андрэя Кабякова, няпростае фінансавае становішча склалася на Брэсцкім электралямпавым заво-дзе. Прадпрыемству трэба аддаваць вялікія крэдыты, у яго энергазатратная вытворчасць, неабходная па тэхналогіі, а з-за змены валютных курсаў памянялася і цана на энергарэсурсы. Усё гэта ўплывае на эканоміку прадпрыемства. Але складаныя ўмовы не павінны перашкодзіць стаць лідарам у сваёй галіне. Андрэй Кабякоў заўважыў, што Брэсцкі электралямпавы выжыў і цяпер знайшоў сур’ёзныя перспектывы росту, прычым не толькі колькаснага. Дзякуючы асваенню новых тэхналогій і выпуску інавацыйнай прадукцыі, прадпрыемства можа заняць нішы, якія запатрабаваныя як цяпер, так і ў будучыні. А так як сярод партнёраў завода – сусветна вядомыя кампаніі, у берасцейцаў ёсць усе шанцы стаць найбольш запатрабаванымі ў сваёй галіне на ўсёй постсавецкай прасторы.

    Летась на Брэсцкім электралямпавым заводзе выпусцілі больш за 100 мільёнаў электралямпаў – звычайных, энергазберагальных, люмінесцэнтных трубчастых, люстраных, галагенных, аўтамабільных і многіх іншых. Гэтая прадукцыя выкарыстоўваецца ў побыце, прамысловасці, на ўсіх відах транспарту, у цяпліцах, для вулічнага асвятлення. Акрамя таго, у Брэсце асвоілі выпуск інавацыйнай лямпы са святлодыёднымі ніткамі. Такая лямпа магутнасцю ўсяго 5 ват дае такое ж святло, як звычайная, у 75 ват. Пры гэтым тэрмін яе службы 30 тысяч гадзін. Экспарт прадукцыі прадпрыемства перавысіў 14 мільёнаў долараў: 65 працэнтаў замежных паставак ідзе ў Расію, чвэрць – ва Украіну. На заводзе плануюць, што ў 2016-м доля іншых спажыўцоў вырасце за кошт новых партнёраў – Літвы, Польшчы, Арменіі і Азербайджана. Адгрузкі ў гэтыя краіны пачаліся.

    Справа тэхнікі

    Старшыня Урада прывёў у прыклад разумную тэхналагічную і эканамічную палітыку “Гефест-тэхнікі”, якая дазволіла эфектыўна працаваць нават у неспрыяльных умовах, што складваюцца на рынках збыту. Летась прыбытак холдынгу вырас на 8 працэнтаў, 2016-ы прадпрыемства таксама пачало на мінулагоднім узроўні. Тут выпускаюць сучасныя газавыя, электрычныя і камбінаваныя стацыянарныя пліты, убудаваныя духоўкі і настольныя пліты, выцяжкі і паветраачышчальнікі, іншую бытавую кухонную тэхніку пад гандлёвай маркай “Гефест”. Уся прадукцыя, каля 80 працэнтаў якой адпраўляюць на экспарт, мае высокую якасць, модны дызайн і запатрабаваны функцыянал. Летась экспарт перавысіў 106 мільёнаў долараў.

    Адразу некалькі фактараў дазваляюць холдынгу трымаць высокую планку ў няпростых умовах падзення пакупніцкай здольнасці ў Расіі, палітычнага і эканамічнага крызісу ва Украіне, дэвальвацыі валюты ў Казахстане. Прадпрыемства стварыла шырокую сетку дылераў – толькі ў Расіі іх 42, што дазволіла ахапіць 29 працэнтаў расійскага рынку. Падобныя структуры збыту ёсць таксама ў Казахстане, Узбекістане, Украіне, Малдове. Пры рызыках неплацяжоў перайшлі на перадаплату, банкаўскія гарантыі і іншых віды страхоўкі. Вытворцы пліт не бралі на сябе крэдытны цяжар, хоць з 2005 года ўклалі ў мадэрнізацыю і пашырэнне вытворчасці 82,5 мільёна долараў. Кіраўнікі і менеджары кампаніі – сапраўдныя прафесіяналы. Яны ўвесь час аналізуюць рынак, вывучаюць яго кан’юнктуру, абнаўляюць лінейку прадукцыі і сочаць за сучаснымі тэндэнцыямі ў вытворчасці высокатэхналагічнага абсталявання для выпуску пліт. Напрыклад, холдынг можа выпускаць мільён падлогавых стацыянарных пліт, але цяпер яны ўжо не карыстаюцца ранейшай папулярнасцю, і іх выпуск прадпрыемства паменшыла на 13 працэнтаў. Затое вытворчасць убудаванай кухоннай тэхнікі, якая ўвайшла ў моду, павялічылі адразу ў 2,5 раза. У холдынгу пастаянна працуюць над іміджам свайго брэнда “Гефест”. Калі за апошні час у Расіі зачыніліся 5 падобных заводаў, СП ААТ “Брэстгазаапарат” прырасло двума дачэрнімі прадпрыемствамі – УП “Гефест-тэхніка” і УП “Гефест-Кварц”. 

    Падводзячы рысу, Андрэй Кабякоў зазначыў: вельмі добра, што ў нас ёсць такія флагманы, на прыкладзе якіх можна шмат чаму павучыцца – трэба не стагнаць і “плакаць”, а працаваць  на вынік.

    Автор: Сяргей РЭКУЦНародная трыбуна

Комментарии (0)