02 Мая, 2024 Четверг

Астравецкі хлеб з італьянскай печкі

  • 22 марта 2016 Экономика Беларуская 0

    Напэўна, не толькі казачнаму ваўку здаецца, што смачны, сытны, духмяны хлеб з’яўляецца сам па сабе, у крайнім выпадку – “расце” ў гастраноме.

    Пра тое, як хлеб, батоны і булкі трапляюць на наш стол, – рэпартаж “АП”.

    – Рэканструкцыя нашага хлебазавода пачалася яшчэ ў 2014 годзе, – расказвае намеснік дырэктара па прамысловасці Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Марыя Уладзіславаўна Масойць. – Спачатку заняліся рамонтам памяшканняў, каб прывесці іх у адпаведнасць з санітарнымі правіламі і нормамі. Ужо тады ўзнікла думка аб пашырэнні асартыменту і павышэнні якасці выпускаемай прадукцыі – таму і аб’явілі тэндар на набыццё ратацыйнай печы.

    хлеб на итальянской печке1

    На той час на Астравецкім хлебазаводзе ўжо працавалі дзве печы на газе, але для ўстаноўкі новай неабходна было падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю, прайсці экспертызу і правесці іншую падрыхтоўчую работу што, зразумела, заняло шмат часу. А зусім нядаўна новая ратацыйная печка італьянскай вытворчасці была ўведзена ў эксплуатацыю – і ў магазінах з’явіліся смачныя булкі і булачкі, прадукцыя для здаровага харчавання і дробнаштучныя вырабы астравецкай вытворчасці.

    хлеб на итальянской печке2

    – Кампанія, якая ажыццяўляла пастаўку абсталявання, правяла пуска-наладачныя работы, якія суправаджаліся навучаннем нашага персаналу – і мы задаволены тым, што сёння маем, – дэманструе Марыя Уладзіславаўна новае абсталяванне.

    хлеб на итальянской печке3

    Тое, што ўмовы працы змяніліся да лепшага, адзначаюць і працаўнікі хлебазавода. Яніна Лявонаўна Субаткевіч, якая тут ужо 13 гадоў, не хавае свайго задавальнення.

    – Работа наша цяжкая, але ўдзячная, – гаворыць жанчына. – Асабліва калі заходзіш у магазін і бачыш, што астраўчане выбіраюць наш хлеб і булкі. Яны – самыя лепшыя і самыя смачныя, бо зроблены з любоўю.

    Яніна Лявонаўна замешвае цеста. Цяпер, праўда, гэтую работу выконвае новая цестамясільная машына – і гэта паўплывала не толькі на якасць хлеба, але і на аб’ёмы.

    хлеб на итальянской печке4

    – Штодзень мы выпускаем да 20 найменняў хлебабулачных вырабаў, – дэманструе Марыя Уладзіславаўна прадукцыю хлебазавода. – Усяго ж на нашым прадпрыемстве распрацавана і выпускаецца 40 назваў хлебабулачных вырабаў. А гэта 100 тон у месяц, якія прадаюцца не толькі ў Астраўцы і ў нашым раёне, але і ў Смаргоні, Маладзечне і іншых гарадах нашай краіны.

    Дарэчы, нядаўна на хлебазаводзе з’явіліся і новыя машыны для нарэзкі і ўпакоўкі хлеба – 60 працэнтаў выпускаемага асартыменту рэалізуюцца ва ўпакоўцы. Астатнія 40 працэнтаў прадукцыі развозяцца па магазінах яшчэ гарачымі.

    хлеб на итальянской печке5

    – Тры разы на дзень мы развозім па магазінах горада, у Малі і ў Гудагай свежавыпечаную прадукцыю. Ужо ў абед жыхары райцэнтра могуць набыць яшчэ цёпленькія, толькі з печы, хлеб, батоны, булкі, булачкі, кексы рознай вагі і памеру.

    Тое, што прадукцыя астравецкіх хлебапёкаў стала больш якаснай і смачнай, пацвярджае і майстар-пекар Святлана Сяргееўна Мілешка, якая займаецца фармаваннем булак і іх выпечкай.

    – З набыццём новай печы з’явілася магчымасць выпякаць булкі невялікімі партыямі – а значыць, іх асартымент можна пашырыць, – гаворыць Святлана Сяргееўна.

    хлеб на итальянской печке6

    – Вялікую ролю ў тым, што якасць нашай прадукцыі стала значна лепшай, адыгрывае расстойная шафа – тут пры вызначанай тэмпературы і вільготнасці булкі падыходзяць, а затым адпраўляюцца ў ратацыйную печ, – працягвае знаёміць з вытворчасцю Марыя Уладзіславаўна Масойць. – Усе параметры выводзяцца на электроннае табло, і спецыялісты могуць сачыць за працэсам выпечкі: усё адбываецца на нашых вачах.

    хлеб на итальянской печке7

    Хлебазавод Астравецкага філіяла пастаянна ўдзельнічае ў конкурсах. Яго прадукцыя заўсёды знаходзіцца ў лідарах. А ўсё таму, што тут працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты. З такіх – інжынер па якасці Святлана Іванаўна Рашэтнік, інжынер-тэхнолаг Таццяна Іванаўна Яцэвіч, начальнік участка хлебзавода Зоя Іванаўна Лаўрэцкая. Прыходзяць на хлебазавод і маладыя спецыялісты. З такіх інжынер-тэхнолаг Ірына Аляксееўна Астрамецкая, якая не толькі прыслухоўваецца да старэйшых калег, але і сама прапануе новаўвядзенні па паляпшэнні якасці хлебабулачных вырабаў.

    хлеб на итальянской печке8

    – Цяпер мы актыўна рыхтуемся да Вялікадня – плануем парадаваць астраўчан і гасцей горада і раёна новымі відамі прадукцыі, – раскрывае яшчэ адзін сакрэт Святлана Іванаўна Рашэтнік. – Як сведчыць аналіз продажаў нашых вырабаў, астраўчане любяць здобную румяную выпечку, з задавальненнем набываюць булачкі з тварагом і фруктовымі напаўняльнікамі.

    хлеб на итальянской печке9

    – Мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым, у нас шмат планаў. Адзін з іх – пашырэнне работы кандытарскага цэха. Яго памяшканне таксама адрамантавана, засталося набыць неабходнае абсталяванне – і будзем радаваць астраўчан смачнай прадукцыяй, якая ні па кошту, ні па якасці не саступіць мінскай, – запэўнівае Марыя Уладзіславаўна.

    Што ж, дачакаемся – пачастуемся!

    хлеб на итальянской печке10

    ----------------------------

    Алена ЯРАШЭВІЧ.

    Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.

    Автор: Алена ЯрашэвічАстравецкая праўда

Комментарии (0)