19 Апреля, 2024 Пятница

Прайшоў семінар па жывёлагадоўлі

  • 23 марта 2016 Экономика Беларуская 0

    Якія неабходна прыняць меры па нарошчванні аб’ёмаў прадукцыі жывёлагадоўлі? Як павялічыць надоі малака і палепшыць ягоную якасць? Які патрабуецца падыход да захавання маладняку буйнарагатай жывёлы? Якіх прытрымлівацца патрабаванняў да рэжыму і рацыёну кармлення з улікам сёлетняга дэфіцыту корму? Гэтыя і некаторыя іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі раённага нядзельнага выязнога семінару-нарады — спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі гаспадарак, начальнікі вет- і племслужбаў. Семінар прайшоў на базе трох гаспадарак:  СВК «Калгас імя Дзяржынскага», ААТ «Неўскі-Агра» і Баб­руйскага ААТ «Аграмашсервіс». Удзел у ім прыняў і старшыня райвыканкама Аляксандр Осіпаў. 

    З улікам таго што сёлетні год для жывёлагадоўлі раёна выдаўся надзвычай няпростым — многім гаспадаркам даводзіцца набываць травяны корм (іншым разам не лепшай якасці) за межамі раёна, а то і вобласці. Прымаецца да ўвагі любая ініцыятыва з боку сельгасарганізацый, здольная палепшыць якасныя паказчыкі корму і як вынік — садзейнічаць павелічэнню надояў. На МТФ Воўчая Гара СВК “Калгас імя Дзяржынскага” удзельнікам семінару быў наглядана прадэманстраваны нетрадыцыйны спосаб прыгатавання корму — здражжаванне. Па словах намесніка старшыні гаспадаркі Алены Пацыенкі, станоўчыя вынікі ад яго прымянення не прымусілі сябе доўга чакаць — малака ў рагуль прыкметна пабольшала. Зрабіўшы акцэнт на тым, што на ферме Воўчая Гара вядуцца да таго ж строгі штодзённы кантроль і аналіз вынікаў работы, начальнік райсельгасхарчу Анатоль Ланкуць заклікаў да такога падыходу ў іншых гаспадарках і парэкамендаваў кіраўнікам укараніць здражжаванне і ў сябе на фермах. Яшчэ адна асаблівасць сёлетняга травянога корму — павышаная кіслотнасць. Каб яе зні­зіць, у гаспадарках, як адзначыў кіраўнік раёна, не павінны грэб­аваць выкарыстаннем харчовай соды. Акрамя таго, Аляксандр Осіпаў нагадаў аб неабходнасці актыўнага выкарыстання такога спосабу ўзбагачэння корму вітамінамі, як падмешванне да здрабнёнай саломы хвоі. 

    На МТФ Туркі ААТ “Неўскі-Агра” удзельнікам нарады былі прадэманстраваны “хаткі” для асобнага ўтрымання нованаро­джаных цялятак, нагаданы асаблівасці кармлення маладняку. Сама па сабе ініцыятыва з “хаткамі”, па словах кіраўніка раёна, нядрэнная, і дадзены вопыт заслугоўвае таго, каб быць перанятым (у дапрацаваным выглядзе), аднак пры ўмове адпаведнага догляду за жывёлай: своечасовай ачысткай памяшканняў, рэгулярным аглядам цялят ветэрынарнымі ўрачамі. Спецыялістам ААТ “Неўскі-­Агра” кантроль за ўсім гэтым даручана ўзмацніць. 

    Падчас нарады адзначалася, што ў доглядзе за жывёлай важна дай­сці да кожнай рагулі: калі адной неабходна ўзмацніць харчовы рацыён, то другой, магчыма, забяспечыць павышаную ўвагу ветэрынара. У гэтай сувязі апраўдвае сябе, як адзначыў Анатоль Ланкуць, спосаб вылучэння кароў у групы, які ўдзельнікам семінару быў прадэманстраваны на базе МТФ Слабада Бабруйскага ААТ “Аграмашсервіс”. У кожнай групы свой рацыён. Напрыклад, калі малапрадукцыйныя каровы атрымліваюць удзень па 2 кг камбікорму, то высокапрадукцыйныя — па 3 і болей. Падчас семінару было ўказана на неабходнасць актывізаваць работы па падрыхтоўцы летніх лагераў для ўтрымання жывёлы.

    Абмяркоўваючы праблемы жывёлагадоўлі, удзельнікі мерапрыемства не абыйшлі і пытанні раслінаводства. Сёлета як ніколі стала зразумела, наколькі ўзаемазвязаны адна галіна з другой. Найбольш вопытныя кіраўнікі далі слушныя парады калегам адносна арганізацыі падсейвання траў, каб, улічваючы непрадказальнае надвор’е, у раёне была выкарыстана любая магчымасць мінімізаваць страты травянога корму.  

    Акрамя непасрэдна тэхналагічных працэсаў, звязаных з вытворчасцю жывёлаводчай прадукцыі, шмат увагі падчас нарады было ўдзелена пытанням працоўнай дысцыпліны ў калектывах і адносін да сваіх абавязкаў спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак — так званаму чалавечаму фактару. Бясспрэчна, гаспадаркі розняцца па сваім фінансавым стане, і тое, што з лёгкасцю можа ўкараніць у сябе адна — не пад сілу другой. Але ёсць і іншы бок. Чаму ў той жа “Стасеўцы” паклапаціліся пра хваёвы вітамін для жывёлы, а, да прыкладу, у “Неўскім-Агра” і іншых забыліся? Чаму, возячы корм здалёку, ля малочна-таварнага комплексу Хімы дагэтуль не ўпарадкавана ўласная траншэя (на фота ўнізе)? Чаму ў адных гаспадарках жывёла харчуецца ў адпаведнасці з рэжымам, у другіх — як прыдзецца? З тым, што адказы на гэтыя пытанні ляжаць, як кажуць, у плос­касці сумлення — не паспрачаешся. Гэта відавочна, і пра гэта гаварыў на семінары кіраўнік раёна, заклікаючы асобных перамяніць свае адносіны да даручанага. Тым, хто не пераменіць, лагічна чакаць перамен кадравых. 

    Автор: Алена КАРПЕНКАТрыбуна працы

Комментарии (0)