28 Апреля, 2024 Воскресенье

На парозе перамен

  • 29 марта 2016 Экономика Беларуская 0

    Адбыўся справаздачны сход упаўнаважаных Івацэвіцкага райста

    Мінулы год быў няпросты для раённай спажыўкааперацыі. Неабходнасць працаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з прадстаўніцтвамі вядомых гандлёвых сетак, ды яшчэ на фоне змяншэння ліку насельніцтва раёна, а значыць, і патэнцыяльных пакупнікоў, вымушала калектыў, што называецца, “круціцца” з падвойнай хуткасцю і генерыраваць плённыя ідэі. Падчас сёлетняга справаздачнага сходу ўпаўнаважаных раённай спажыўкааперацыі старшыня праўлення Івацэвіцкага райста Тамара Варабей заявіла, што “спажывецкая кааперацыя ўжо не тая, што была яшчэ некалькі гадоў таму, сістэма патрабуе кардынальных перамен, і мы будзем іх праводзіць”.

    Слухаючы яе даклад аб выніках работы райста за 2015 год, а таксама задачах на год бягучы, верыш у поспех новай стратэгіі развіцця, якую рашучы кіраўнік ужо ўвасабляе ў жыццё пры дапамозе свайго нераўнадушнага калектыву. Трэба сказаць, што ў сістэме райста сёння задзейнічаныя 1 393 чалавекі, райспажыўкааперацыя – буйнейшы падаткаплацельшчык Івацэвіцкага раёна, і калі такая “махіна” хіснецца ў бок, гэта будзе адчувальна. Таму ў пэўнай ступені кожны з нас зацікаўлены ў поспеху райспажыўкааперацыі, тым больш, што яна выконвае важнейшую сацыяльную функцыю – ад дастаўкі прадуктаў у аддаленыя вёсачкі раёна да нарыхтовак “дароў прыроды”. Больш за сорак гандлёвых кропак райста – толькі ў Івацэвічах (у Драгічыне, для параўнання, іх каля 15) – гэта выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, якая можа стаць пляцоўкай для ўвасаблення новых ідэй. “Ініцыятыва, прадпрымальнасць, адпавяданне сучасным патрабаванням, асабістая адказнасць, авалодванне перадавымі тэхналогіямі і іх прымяненне на практыцы – вось складнікі поспеху”, – адзначыла Тамара Варабей, і зразумела, што гэта і пералік патрабаванняў, якія ставіць кіраўнік перад сваімі работнікамі.

    Старшыня праўлення ў сваім канструктыўным і даволі крытычным дакладзе падрабязна спынілася на рабоце кожнай галіны райста. Быў падняты шэраг праблемных пытанняў, прапанаваны шляхі выхаду з няпростага становішча, падкрэслены поспехі асобных філіялаў. Прывядзем найбольш яскравыя факты, якія найлепшым чынам характарызуюць работу спажыўкааперацыі за мінулы год.

    Гандаль: у пошуку рэзерваў для павышэння тавараабароту

    Трэба адзначыць, што сукупны аб’ём дзейнасці Івацэвіцкага райста за 2015 год склаў 620 млрд руб., забяспечана рэнтабельная работа ўсіх галін дзейнасці. Атрымана 8,5 млрд руб. чыстага прыбытку, а аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 13 млрд руб. Удасканальваліся тэхналогіі вытворчасці і продажу. Атрыманы эканамічны эфект ад мадэрнізацыі і тэхнічнага пераўзбраення ў нарыхтоўках, вытворчасці і транспарце. Аднак выніковы год пяцігодкі стаў найбольш складаным у выкананні ключавых прагнозных паказчыкаў – удалося выканаць толькі пяць з адзінаццаці. Гэта вытворчасць прамысловай прадукцыі і асабістай прадукцыі грамадскага харчавання, нарыхтоўка сельгаспрадукцыі і сыравіны ў насельніцтва, экспарт і энергазберажэнне. Але галоўны даведзены паказчык – рознічны тавараабарот – не выкананы. Пры прагнозе 100,5% тэмп росту забяспечаны на 91,3%, выканалі паказчык толькі філіялы “Каапзагатпрам” і філіял “Камбінат кааператыўнай прамысловасці”.

    Перад спажыўкааперацыяй стаіць задача актывізаваць гандаль нехарчовымі таварамі – іх павінна быць не меней, чым 25% у рознічным тавараабароце. Па гэтым паказчыку Івацэвіцкае райста на пятым месцы ў вобласці (16,1%), тут ёсць да чаго імкнуцца. Няма ў райста праблем з забеспячэннем насельніцтва таварамі, але дапушчана зніжэнне рэалізацыі па шэрагу таварных груп. Аднак па рэалізацыі рыбы і морапрадуктаў, а таксама кандытарскіх вырабаў Івацэвіцкае райста – першае па аблспажыўсаюзе.

    Райспажыўкааперацыя мае шэсць аўтамагазінаў, кожны з якіх у 2015 г. справіўся з ускладзенай нагрузкай – не менш за 100 млн руб. тавараабароту ў месяц. У хуткім часе да шасці аўтамагазінаў далучыцца яшчэ адзін, уласнай вытворчасці. Прадаўжаецца камп’ютарызацыя гандлёвых кропак: на сёння 10 магазінаў ужо аснашчаны камп’ютарнымі сістэмамі. Дзейнічаюць 13 магазінаў крокавай даступнасці, адзін быў пабудаваны ў 2015 годзе, некалькі магазінаў “Родны кут” памянялі сваё аблічча. У магазінах райста рознага кшталту ўстаноўлена 55 адзінак новага халадзільнага абсталявання, 12 кандыцыянераў толькі ў 2015 г. Адным словам, умовы для работы створаны.

    Адным з рэзерваў павелічэння тавараабароту з’яўляецца наяўнасць у магазінах тэрмінальнага абсталявання (безнаяўнага разліку пластыкавымі карткамі), хоць па мэтазгоднасці яго ўстаноўкі ў магазінах шэрагу малых вёсак і ўзнікаюць пытанні – праблема была агучана на сходзе ў прысутнасці прадстаўнікоў райвыканкама, банка і, напэўна, атрымае шырокае абмеркаванне. Але факт застаецца фактам: усяго пяць гадоў таму магчымасць разлічыцца карткай была толькі ў 20 магазінах райста, а сёння – у 116 магазінах і пяці аўтамагазінах (166 тэрміналаў), а гэта амаль 80% ад усіх магазінаў сістэмы райста. Выязны гандаль і іншыя актыўныя формы продажу тавараў развіваліся і будуць развівацца райста і далей, будуць праводзіцца рэкламныя акцыі і мерапрыемствы – сачыце за аб’явамі.

    Грамадскае харчаванне: у чаканні аддачы ад укладзеных сродкаў

    Грамадскае харчаванне прадстаўлена ў двух філіялах райста – “Івацэвіцкім” і “Целяханскім”. На жаль, гэтая сфера выклікала найбольш нараканняў з боку старшыні праўлення райста. Па абароце грамадскага харчавання райста панесла значныя страты рынку – амаль 13%, а гэта 5,8 млрд руб., якія “аддалі канкурэнтам”. Прыярытэтным кірункам у дадзенай галіне было нарошчванне вытворчасці ўласнай прадукцыі (аб’ём – 21,4 млрд руб), у асноўным кандытарскіх і здобна-булачных вырабаў.

    – Неабходна арганізаваць выпуск новага асартыменту кандытарскіх вырабаў, прапанаваць пакупнікам шырокі асартымент паўфабрыкатаў з мяса, гародніны, мукі, рыбы, салатаў, бо насельніцтвам актыўна набываюцца прадукты высокай ступені гатоўнасці, – лічыць Тамара Варабей. – Нізкай застаецца ўдзельная вага абе-дзеннай прадукцыі, у той час калі грамад-скае харчаванне прызвана карміць людзей. Трэба прыняць меры. У гэтую галіну ўкладваюцца сродкі, і яны павінны прыносіць аддачу. І падкрэсліла, што “ўсё вырашаюць кадры, таму калі ёсць жаданне, падыход, любоў да сваёй справы, значыць, ёсць і вынік”.

    Знешнеэканамічная дзейнасць: поспех, нягледзячы на ўмовы

    Па выніках 2015 года экспарт нарыхтаванай, перапрацаванай і іншай прадукцыі склаў 681 тыс. долараў, тэмп росту – 134,9%. Найбольшую ўдзельную вагу ў экспарце займае рэалізацыя мяса. У Расію адгружана 160 т мяса на 400 тыс. долараў, а другі папулярны тавар – чарніцы – экспартаваліся ў Літву і Польшчу (82 т на суму 170 тыс. долараў). Але ў 2015 годзе не было паставак за мяжу бульбы, гародніны, фруктаў. Сённяшняя экспартная дзейнасць здзяйсняецца ў неспрыяльным знешнеэканамічным асяроддзі: знізіліся цэны на прадукцыю, скараціўся попыт, узмацніліся патрабаванні да сертыфікацыі прадукцыі. Знізіўся і кошт экспартуемай бульбы, чарніц, мяса (мяса – у 3 разы ў параўнанні з 2011 годам, чарніц – у 2 разы). У сувязі з гэтым падыходы да арганізацыі экспарту будуць перагледжаныя. Асноўны акцэнт будзе зроблены не на экспарт сыравіны, а на экспарт паўфабрыкатаў і гатовай прадукцыі.

    Нарыхтоўкі і вытворчасць: дасягнута станоўчая дынаміка

    Івацэвіцкае райста выканала прагнозны паказчык па закупках сельгаспрадукцыі і сыравіны ў насельніцтва, тэмп росту склаў 115,7% пры прагнозе 108%, і гэта трэці рэзультат у вобласці. Павялічаны аб’ёмы закупак каляровых металаў, шклабою, мёду, гародніны.

    Станоўчая дынаміка дасягнута і амаль па ўсіх асноўных відах вытворчасці. Прыярытэтнай застаецца хлебапякарная вытворчасць (яе аб’ёмы найбольшыя ў рэспубліцы ў сістэме спажыўкааперацыі). У 2015 годзе філіял “Камбінат кааператыўнай прамысловасці” набыў фургон і прычэп “Купава” для ажыццяўлення выязнога гандлю. Менавіта за кошт выязнога гандлю ў 2015 годзе атрыманы тавараабарот у суме 2 млрд руб. Аднак “ККП” яшчэ ёсць над чым папрацаваць.

    15% у агульным аб’ёме выпуску займае нехарчовая група тавараў – цвікі, плёнка, пакеты, швейныя і рытуальныя вырабы і іншыя. Завершана мадэрнізацыя цэху перапрацоўкі пладоў і гародніны ў філіяле “Каапзагатпрам”, дзе перапрацавана 34 т сыравіны традыцыйнымі метадамі салення, квашання і мачэння. Прадукцыя добра рэалізуецца ў рознічным гандлі сеткі райста, а таксама у сеткавых магазінах “Алмі”, на “Брэсцкім рынку”. Павялічаны аб’ёмы вытворчасці мяса, каўбасных вырабаў, рыбнай прадукцыі. Расшырыў дзейнасць па аб’ёме прамысловай вытворчасці філіял “Аўтабаза”.

    Транспарт: асноўны, але не адзіны

    У 2015 годзе быў рэарганізаваны філіял “Рамонтны камбінат” – яго далучылі да філіяла “Аўтабаза”. Сёння ён ажыццяўляе розныя віды дзейнасці – ад выпуску аконных праёмаў, блокаў, мэблі і нават стварэння аўтамагазінаў да аказання платных паслуг па рамонце бытавой тэхнікі, шынамантажу, распілоўцы лесу і іншыя. Аднак асноўны від дзейнасці – транспарт, каб забяспечыць бесперабойную работу іншых галін пры найменшых выдатках. Самае праблемнае пытанне па дадзеным філіяле – прастоі транспарту, але ёсць прапановы па яго вырашэнні.

    Адным з актуальных пытанняў застаецца пытанне эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. І хоць гэты паказчык выкананы, не ўсе рэзервы вычарпаныя.

    Фінансавыя рэзультаты: “лакмусавая паперка” эфектыўнасці

    Фінансавыя рэзультаты дзейнасці філіялаў – асноўны і самы галоўны крытэрый ацэнкі эфектыўнасці іх работы. На працягу 2015 года ўдалося захоўваць стабільнасць дадатнага фінансавага стану. Асабістыя абаротныя сродкі без уліку даўготэрміновых крэдытаў банку складаюць 13 млрд. руб. Усе філіялы райста за справаздачны перыяд своечасова і ў поўным аб’ёме разлічваліся з бюджэтам і пазабюджэтнымі фондамі за энергарэсурсы, без затрымак выплачвалі заработную плату і прымалі меры па сацыяльнай абароне работнікаў. Удзельная вага выплачаных падаткаў сістэмай райста ў раённы бюджэт за 2015 год склаў 9% (сума ўсіх плацяжоў у бюджэт – 24 млрд. руб.).

    Лік работнікаў райспажыўкааперацыі ў сувязі з аптымізацыяй зменшыўся за мінулы год на 33 чалавекі. У 2015 годзе ў сістэму прыйшоў працаваць 21 малады спецыяліст, многія работнікі навучаюцца ў вышэйшых навучальных установах, прайшлі прафпадрыхтоўку па рабочых прафесіях на вытворчасці. Хоць цякучасць кадраў у мінулым годзе зменшылася, райста, як і раней, мае патрэбу ў кваліфікаваных прадаўцах.

    На справаздачным сходзе прысутнічалі запрошаныя госці: намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Наталля Аляхновіч, намеснік старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Ларыса Казлова, галоўны спецыяліст упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюзу Сяргей Андалюкевіч, начальнік разлікова-касавага цэнтра №11 у г. Івацэвічы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Валянціна Падгорная. Пасля асноўнага дакладу выступалі прадстаўнікі ўсіх філіялаў райста, кожны выступоўца прызнаў работу праўлення райста здавальняючай. Заслухваліся і іншыя пытанні павесткі дня – усяго сем. Да прысутных звярнулася намеснік старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Ларыса Казлова, якая зазначыла, што ў рэйтынгу з усіх райста вобласці Івацэвіцкая спажыўкааперацыя займае пятае месца, і гэта добра. Крыўдна, што галоўны паказчык – тэмп росту рознічнага тавараабароту – не выкананы і склаў 91,3%, але радуе, што бягучы год быў пачаты няблага, і тэмп росту на сёння ўжо 97%. Насцярожвае тое, што доля райста ў тавараабароце раёна ў 2010 г. была 54%, а па выніках 2015 г. толькі – 39%. Між тым, пазіцыі губляць не хочацца. Ларыса Казлова бачыць дадатнае ў канкурэнцыі, бо яна – стымул да руху і развіцця, і задача спажыўкааперацыі – навучыцца правільна працаваць у новых умовах, адэкватна на іх рэагаваць. Для поспеху ёсць рэзервы, моцная матэрыяльна-тэхнічная база. Выступоўца прапанавала ісці па шляху пераспецыялізацыі магазінаў, месцаў грамадскага харчавання, а таксама хутка заняць нішу, якую вызвалілі індывідуальныя прадпрымальнікі.

    Намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Наталля Аляхновіч сярод іншага ўзгадала і пра тое, што філіял райста “Камбінат кааператыўнай прамысловасці” па выніках штогадовага раённага спаборніцтва па сукупнасці паказчыкаў упэўнена заняў другое месца ў няпросты для прамысловасці год. А гэта гаворыць аб дастаткова высокай працоўнай і фінансавай базе райста. Адзначыла яна і актыўны ўдзел калектыву ў грамадскім жыцці. Цалкам тавараабарот у раёне за студзень-люты 2016 года склаў 100,6%, а тавараабарот райста – 97,6%. “Даганяйце, бо правільна было сказана, што вы ўжо адаптаваліся да жорсткіх канкурэнтных умоваў”, – падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама.

    Напрыканцы мерапрыемства па добрай традыцыі былі ўзнагароджаны пераможцы спаборніцтва сярод філіялаў з уручэннем пераходных кубкаў. У намінацыі “За лепшую арганізацыю нарыхтоўчай дзейнасці” кубак і дыплом былі ўручаны дырэктару філіяла “Каапзагатпрам” Таісіі Куіс. Узнагароду за лепшую арганізацыю работы па аказанні платных паслуг насельніцтву атрымаў філіял “Лотас” (дырэктар – Алена Куратнік). У намінацыі “За лепшую арганізацыю работы па энергазберажэнні” перамог філіял “Камбінат кааператыўнай прамысловасці” (дырэктар – Надзея Дзядок). А найлепшым у прасоўванні тавару да пакупніка быў прызнаны філіял “Аптовая база” (дырэктар – Вольга Цімашэвіч).

    Вольга ШЭЛЯГОВІЧ (фота аўтара).

     

     

     

     

     

    Автор: Вольга ШЭЛЯГОВІЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)