18 Апреля, 2024 Четверг

Не мінайце сучасны прыдарожны комплекс

  • 30 марта 2016 Экономика Беларуская 0

    Чацвер 17 сакавіка азнаменаваўся для Браслаўшчыны чарговай знакавай падзеяй: узбоч дарогі да граніцы з Латвіяй перад паваротам на в. Крукі адкрыўся яшчэ адзін аб’ект прыдарожнага сэрвісу з аўтазапраўкай, магазінам і кафетэрыем.

    Зямельны ўчастак пад сучасны аб’ект быў вызначаны ў гэтым месцы, дзе асабліва інтэнсіўны рух вялікагрузнага транспарту, у адпаведнасці з дамоўленасцю расійскага публічнага акцыянернага таварыства “Татнафта” з канцэрнам “Белнафтахім” па ўзгадненні з Браслаўскім райвыканкамам.

    За кошт інвестыцыйных сродкаў ПАТ “Татнафта” ТАА БМБУ-4 як генеральны падрадчык у сціслыя тэрміны пабудавала на плошчы больш за 2 га цэлы комплекс. Дарэчы, у рэалізацыі праекта паўдзельнічалі і браслаўскія дарожнікі з ДРБУ-142, якія выканалі вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі і заасфальтавалі пляцоўку.

    На новай АЗС, абсталяванай скараснымі калонкамі, можна хутка заправіцца дызельным палівам, бензінам АІ-92 і АІ-95, прадугледжана запраўка па картках “Берлио” і міжнародных паліўных картках, практыкуецца сістэма скідак. Але неабходнасць папоўніць бак палівам — не адзіная прычына заехаць на станцыю. На месцы і дадатковыя паслугі — падкачка шын, пыласос для салона аўто. Вадзіцелі-дальнабойшчыкі маюць магчымасць не толькі перавесці дух на абшарнай паркоўцы, але і пакарыстацца душавой, пральнай машынай з сушкай. А прасторны і разам з тым утульны магазін з кафетэрыем, працуючы кругласутачна (на станцыі, дарэчы, створана 12 працоўных месц), прываблівае пачаставацца смачнай выпечкай, выпіць духмянай кавы ці купіць нейкі неабходны тавар.

    Комплекс у стане працаваць у аўтаномным рэжыме, бо ў непрадбачаных сітуацыях для забеспячэння электрычнасцю аўтаматычна ўключыцца дызельны генератар. А яшчэ гэта адзін з пакуль што нямногіх аб’ектаў у Беларусі, дзе прыменена інавацыйная сістэма ацяплення — цеплавыя помпы, што дазваляе не толькі значна скарачаць выдаткі на ацяпленне, але і зводзіць да мінімуму выкіды шкодных рэчываў у атмасферу. І гэта не адзіны экалагічны праект. У бліжэйшай перспектыве для зніжэння таксічнасці выхлапных газаў станцыю плануецца абсталяваць спецустаноўкай па выпрацоўцы дабавак у дызпаліва.

    Падчас адкрыцця новага аб’екта прыдарожнага сэрвісу традыцыйную чырвоную стужку перарэзалі галоўны інжынер “Татбелнафтапрадукту” (прадстаўніцтва “Татнафты” ў Беларусі) Рафаэль Гайнутдзінаў і намеснік дырэктара БМБУ-4 Дзмітрый Мачучка і перадалі сімвалічны ключ кіраўніцтва станцыяй яе начальніку Аляксандру Зыкаву. Пры гэтым Р. Гайнутдзінаў не толькі расказаў вадзіцелям, якія паспелі сабрацца падчас адкрыцця АЗС, пра асаблівасці яе работы, але і выказаў шчырыя словы ўдзячнасці мясцовай уладзе за разуменне і падтрымку ў ходзе будаўніцтва станцыі.

    На вачах публікі яны ж і першымі заправілі ўласныя аўтамабілі, дэманстратыўна падкрэсліваючы ўпэўненасць у якасці прапануемай прадукцы, якая, дарэчы, пастаўляецца з “Нафтана”.

    Автор: Казімір ПятушкаБраслаўская звязда

Комментарии (0)