29 Марта, 2024 Пятница

Будуецца гасцінічны комплекс

  • 01 апреля 2016 Экономика Беларуская 0

    Насупраць Лядовай арэны і плавальнага басейна, па той бок дарогі, сёння шчыруюць будаўнікі ПМК-18. У агароджанай пляцоўцы завершана ўзвядзенне фундамента досыць вялікага будынка. Што тут будзе? Калі будзе? – з такімі пытаннямі звярталіся да нас у рэдакцыю. А быў і адзін не вельмі прыемны званок. Узбуджаны жаночы голас абураўся: вось, распачалі будоўлю, а прама насупраць – жылыя дамы. Мала таго, што “свет закрые” гмах будынка, дык яшчэ тут будзе рэстаран ды кафэ, а гэта шум і тлум, аўтамабілі, музыка грыміць. Адзначым тут жа, што былі падобныя на апошні звароты і ў райвыканкам: маўляў, навошта нам тут нейкі там рэстаран ці гасцініца? Бач, гэтыя іпэшнікі будуюць, дзе захочуць…

    На жаль, такія вось мы і ёсць – што б дзе ні рабілася, ні будавалася, знойдзецца не адзін і не два чалавекі, для каго новае будзе непрымальным у той ці іншай ступені па нейкіх прычынах.

    Каб адразу ж адказаць на падобную незадаволенасць, забягу наперад: дык вось, праект прайшоў усе магчымыя і неабходныя экспертызы, у тым ліку – санітарную. Яго, бадай што, рэнтгенам прасвяцілі наконт магчымасці размяшчэння менавіта тут, менавіта з такімі памерамі і такой архітэктуры.

    А цяпер, як кажуць, па парадку.

    Неабходнасць мець побач з Лядовым палацам і плавальным басейнам комплекс па аказанні паслуг прадбачылася яшчэ на этапе праекту гэтых спартыўных аб’ектаў. У генплан забудовы ўчастка насупраць Лядовай арэны і басейна быў выдзелены ўчастак менавіта пад такі аб’ект. Комплекс па аказанні паслуг насельніцтву, у тым ліку гасцініца на 30-40 месцаў, кафэ і рэстаран на 40 пасадачных месцаў – так называецца ўзводзімы цяпер аб’ект.

    Так, гэта будзе гасцініца, і як належыць  сучаснай гасцініцы, у ёй будзе рэстаранная зала і бар-буфет, будзе цырульня, магазін…

    Калі будаўніцтва Лядовай арэны і плавальнага басейна фінансавалася дзяржавай, то гасцінічны комплекс планавалася будаваць за кошт прыцягнення інвестыцый. Зразумела, што падобны аб’ект патрабуе ад пачатку вялікіх фінансавых сродкаў. Толькі адзін праект каштуе немаленькіх грошай. Да таго ж, час, які патрабуецца, каб акупіць укладзеныя сродкі, не такі і малы. Гэта датычыць  усіх капітальных укладанняў. Таму няма чаго здзіўляцца, што доўгі час прапанова аддзела эканомікі райвыканкама аб забудове запланаванага месца і ўзвядзення будынка заставалася без адказу. І вось інвестар, нарэшце, адгукнуўся. Гэта прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Вкус-ніка”. З яго гаспадыняй, Святланай Пятроўнай Стральчук, сёння наша размова.

    – Святлана Пятроўна, на эскізе будынак бачыцца вельмі цікавым па дызайне і архітэктуры, нечым незвычайным і адначасова знаёмым… Ці доўга ішла работа над праектам самога будынка?

    – Так, вельмі доўга. Мне вельмі хацелася спалучыць і сучаснасць, і нашу мінуўшчыну. Прызнаюся, перамалёўвалі вялікую колькасць разоў. Але архітэктары мяне разумелі, разумелі, што я хачу ўрэшце пабачыць, таму вынік задаволіў усіх нас, задаволіў ён і камісію.

    – Для вас такім важным быў дызайн будынка, вонкавы выгляд яго?

    – Канечне, як жа іначай! Я вельмі хачу, каб у нас усё, што будуецца, было толькі прыгожым. Гэта ж застаецца на многія гады, хіба нам самім не прыемна, калі госці будуць дзівіцца нашым горадам, нашымі будынкамі?

    – Вы адважыліся ўкладаць сродкі свайго прадпрыемства ў такі праект… Чаму?

    – Мажліва, таму, што я – патрыёт свайго краю. Мне хочацца, каб павышалася якасць жыцця нашых людзей, каб было больш прыгажосці вакол. Яшчэ я пераканана, што любы бізнес не можа стаяць на месцы, ён павінен развівацца, расці – толькі ў гэтым можа быць поспех. Бізнес павінен працаваць для людзей, яго дзейнасць павінна несці прыгожае і патрэбнае людзям. Гэта маё цвёрдае перакананне, мая пазіцыя па жыцці.

    – Фінансавыя сродкі – гэта адно… Святлана Пятроўна, а яшчэ якія цяжкасці сустрэліся падчас пачатку рэалізацыі праекта?

    – Ні адна новая справа не абыдзецца без цяжкасцей на сваім пачатку. Хапала розных праблемаў, вялікіх і малых, на розных этапах. Усё пераадольваецца. Не асабліва прыемна было даведацца, што былі звароты да раённай улады са скаргамі… На жаль, людзі часта шукаюць у новым толькі адмоўнае, бачаць нейкія мінусы для сябе і сваіх выгод. А хіба не плюс тое, што комплекс дасць работу пяцідзесяці жыхарам раёна? Дый, мажліва, нехта і з тых, хто жыве побач, будзе тут працаваць. Горад займее прыгожы будынак, інфраструктура для турыстаў і гасцей раёна прыбавіць у разы! З’явіцца новае месца для баўлення вольнага часу ў добрым месцы моладзі, жыхарам горада і раёна… Былі і чыста тэхнічныя моманты.

    – Складаныя?

    – Так, нечакана выявілася, што хоць участак запланаваны і вялікі, але ён літаральна ўвесь “парэзаны” рознымі камунікацыямі. І месца для непасрэдна будаўніцтва ледзь выбралі, больш за тое, давялося пераносіць лініі электраперадач, а гэта, скажу шчыра, дадатковыя расходы, якія не планаваліся, і расходы былі вялікія. Але, галоўнае, будаўніцтва пачалося.

     і калі ўсё складзецца, як запланавана, калі новы аб’ект будзе гатовы прыняць першых наведвальнікаў?

    – Калі будзе ісці па плане будаўніцтва, дык здача аб’екта павінна быць у наступным, 2017 годзе.

    Жыццёвая пазіцыя гаспадыні “Вкус-нікі” Святланы Стральчук і зразумелая, і сімпатычная. У гэтым будучым комплексе для паслуг насельніцтву з гасцініцай, рэстаранам і іншымі паслугамі, сапраўды, цяжка знайсці нейкія рэальныя “мінусы”. Тое, што ён размесціцца блізка ад жылых дамоў, нельга ўспрымаць як нейкі замах на спакой жыльцоў – санітарныя нормы вытрыманы, ёсць пэўныя патрабаванні да такіх аб’ектаў у плане выканання рэжыму працы. Таму не трэба пужацца, што раптам нейкае “вяселле” будзе тут грымець ноч бесперапынна. Сярод плюсаў жа і згаданыя Святланай Пятроўнай новыя рабочыя месцы (тым больш – для жанчын), і эстэтычнае паляпшэнне агульнай карціны горада, пашырэнне інфраструктуры паслуг. А яшчэ – работа для нашых будаўнікоў, якія ў цяперашні час далёка не загружаныя заказамі. Так што давайце разам парадуемся за пачатак увасаблення ў жыццё інвестыцыйнага праекта і пажадаем яму дайсці да фінішу без затрымак і прыкрасцей. Калі райцэнтр прырастае прыгожымі будынкамі – гэта не можа не радаваць.

    Валерый Гапееў, фота Валерыя Міскевіча.

    Автор: Валерый ГапееўІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)