28 Апреля, 2024 Воскресенье

Падарожжа па індывідуальнай праграме

  • 13 апреля 2016 Экономика Беларуская 0

    Сусветная турыстычная індустрыя займае 10 працэнтаў унутранага валавога прадукту планеты, кожны дзясяты долар інвестары ўкладаюць у гэты сегмент рынку.

    І не дзіва – па ўзроўні даходаў гэтая высокарэнтабельная галіна эканомікі саступае толькі экспарту нафты і аўтамабіляў. Рост аб’ёму турыстычных паслуг магчымы, у асноўным, за кошт новых тэрыторый. Таму Брэстчына мае ўнікальны шанс заняць сваю нішу на сусветным рынку турызму.

    Пяць гадоў у актыў

    Апошнюю пяцігодку па турыстычнай дзейнасці Брэстчына можа смела занесці сабе ў актыў. Паводле інфармацыі ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама, за гэты час экспарт турыстычных паслуг вырас на 35 працэнтаў – да 11,9 мільёна еўра ў 2015 годзе. А 120 турфірм вобласці здолелі выручыць летась  амаль 70 мільярдаў рублёў. Хоць арганізаваны турызм скараціўся больш чым на трэць (да нас едуць, у асноўным, групы з краін СНД, а таксама Польшчы, Францыі, Літвы і Кітая), ды колькасць тых, хто прыбыў на Брэстчыну ў індывідуальным парадку, вырасла на 35 працэнтаў. Спецыялісты звязваюць гэта з развіццём інтэрнэту, з-за чаго арганізаваны турызм губляе актуальнасць, бо карыстальнікі сеткі могуць самастойна знайсці інфармацыю пра турыстычны патэнцыял любога рэгіёна планеты і зрабіць онлайн-заказ.

    Можна адзначыць, што 9 з 10 прыватных турыстаў спыняюцца ў гасцініцах і іх аналагах. Тым больш што за апошні час вобласць прыкметна прырасла падобнымі аб’ектамі – іх ужо 76 адзінак на 4670 месцаў. Ёсць нават адна 4-зоркавая і тры гасцініцы з пазнакай “3 зоркі“, а таксама тры бюджэтныя хостэлы і 6 стаянак для кэмпераў.

    Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што за 5 гадоў на 12 працэнтаў скараціўся выязны арганізаваны турызм. Акрамя згаданых прычын, сваю негатыўную ролю тут адыгралі рост курсу замежных валют і памяншэнне патоку турыстаў ва Украіну ў 14 (!) разоў, якое звязана з неспрыяльнай сітувцыяй у нашых паўднёвых суседзяў і фактычнай немагчымасцю адпраўляць тургрупы ў Крым. Куды ж часцей за ўсё ездзілі адпачываць жыхары вобласці? Самыя папулярныя напрамкі – Польшча, Турцыя, Балгарыя, Егіпет і краіны СНД.

    Паспяховыя напрамкі

    Адным з самых паспяховых напрамкаў за апошнія гады стаў лячэбна-аздараўленчы. У санаторыях “Буг“, “Бярэсце“, “Ружанскі“, “Алеся“, аздараўленчых цэнтрах “Сонечны“, “Энергія“, “Журавінка“ і яшчэ шасці дзясятках падобных арганізацый вобласці ў 2015 годзе аздаравілася больш за 113 тысяч чалавек (другі вынік у рэспубліцы), прычым амаль кожны пяты з іх – іншаземец. У асноўным да нас едуць падлячыцца расіяне, бо  гэта для іх танней, чым на радзіме. Праўда, у сувязі з дэвальвацыяй расійскага рубля нашы санаторыі сталі менш даступнымі для жыхароў Расіі. Але і аздараўленчыя арганізацыі Брэстчыны не спяшаюцца падымаць цэны ў беларускай валюце, таму колькасць турыстаў з усходу знізілася нязначна. Гэта дазволіла летась атрымаць амаль 900 тысяч долараў ад экспарту медыцынскіх паслуг – у 3,6 раза больш, чым 5 гадоў таму.

    Аднак галоўнае, што прыцягвае турыстаў у наш край, гэта яго першародная прырода: векавыя лясы, празрыстыя рэкі і азёры, дзікія балоты, чыстае паветра – гэтага ўжо даўно няма ў многіх краінах Еўропы. Таму экатурызм асабліва папулярны сярод замежных і беларускіх падарожнікаў. Для іх у Прыпяцкім Палессі ствараюць унікальныя экалагічныя сцежкі і пракладваюць маляўнічыя водныя маршруты, а ў Белавежскай пушчы праводзяць веласіпедныя экскурсіі. Сапраўдным месцам паломніцтва турыстаў стала сядзіба беларускага Дзеда Мароза, які пасяліўся ў пушчы 13 гадоў таму. 

    Спорт і турызм

    Непадробную цікавасць у гасцей з розных краін выклікаюць сотні іншых помнікаў прыроды, гісторыі і культуры. Сярод іх можна вылучыць: Брэсцкую крэпасць – грандыёзны мемарыяльны комплекс, які ўвекавечыў мужны подзвіг яе абаронцаў; археалагічны музей “Бярэсце”, у якім прадстаўлены раскопкі старажытнага горада; 30-метровую Белую вежу – адзінае ацалелае абарончае збудаванне падобнага тыпу ў Беларусі, якое не змаглі разбурыць ні аблогі крыжакоў, ні набегі татараў; Косаўскі палац, пабудаваны ў неагатычным стылі… Зрэшты, літаральна ў кожным раёне Брэстчыны можна знайсці шэраг жамчужын, здольных выклікаць павышаную цікавасць турыстаў. 

    Дарэчы, сярод шматлікіх гасцей вобласці папулярнасцю карыстаюцца і новыя спартыўныя аб’екты. Пры гэтым Вяслярны канал, лядовыя палацы, басейны і іншыя спартыўныя збудаванні вобласці выклікаюць не толькі эстэтычную, але і цалкам практычную цікавасць – іх арандуюць для трэніровак атлеты з Расіі і іншых краін. 

    Яшчэ адным аспектам спартыўнага турызму з’яўляюцца спаборніцтвы рознага ўзроўню, якія прымае Брэстчына. Да нас прыязджаюць не толькі спартсмены і прадстаўнікі каманд, але і прыхільнікі спорту, якія звычайна актыўна карыстаюцца магчымасцю бліжэй пазнаёміцца са славутасцямі гарадоў, дзе праходзяць турніры.

    Наогул, падзейны турызм у Брэсцкай вобласці карыстаецца попытам. Вялікую ўвагу ўдзельнікаў і гледачоў з усяго свету прыцягваюць фестывалі “Студзеньскія музычныя вечары“, “Белая вежа“, злёты байкераў, іншыя яркія мерапрыемствы. Славіцца рэгіён і тым, што на яго тэрыторыі адбыўся шэраг знакавых гістарычных падзей: заключэнне Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года, падпісанне Брэсцкага міру ў 1918 годзе і Белавежскага пагаднення ў Віскулях у 1991-м ды іншыя. Гэта прыцягвае да Брэстчыны дадатковую ўвагу тых, каго цікавяць вандроўкі па гістарычных мясцінах пад знакам “агра”.

    Сапраўднай Мекай стала вобласць для аматараў агратурызму. У 346 аграсядзібах рэгіёна, многія з якіх сталі сапраўдным гонарам Брэстчыны, можна не толькі выдатна адпачыць у экалагічна чыстых умовах, але і адчуць сябе селянінам, акунуцца ў жыццё сапраўднай беларускай вёскі. 

    Развіццё моднага і карыснага віду турызму стала магчыма пры падтрымцы дзяржавы. Каб аграсядзібы расквітнелі па-сапраўднаму, за апошнія гады “Белаграпрамбанк“ выдзеліў ім 7,6 мільярда рублёў. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць: за апошнюю пяцігодку колькасць аграсядзіб вырасла ў 2,3 раза. Цяпер яны ёсць ва ўсіх раёнах – больш за ўсё ў Брэсцкім, Камянецкім, Кобрынскім і Пінскім. За гэты час колькасць агратурыстаў, у тым ліку і замежных, патроілася, і яны летась прынеслі сваім гасцінным гаспадарам больш за 14 мільярдаў рублёў прыбытку. Акрамя таго, жамчужынамі аграэкатурызму вобласці сталі маштабныя і запамінальныя міжнародныя аграфестывалі: “Мотальскія прысмакі“ ў Іванаўскім раёне, “Спораўскія жарты“ і “Спораўскія сенажаці“ ў Бярозаўскім, “Палескія прысмакі“ ў Кобрынскім, “Кузевічы“ ў Баранавіцкім раёнах...

    На Брэстчыну з задавальненнем прыязджаюць паляўнічыя з розных куткоў Еўропы, таму што ў рэгіёне дастаткова багатых рознай жыўнасцю і дзічынай угоддзяў. Нездарма ў 2015 годзе замежны паляўнічы турызм прынёс амаль 100 тысяч еўра – на 22 працэнты больш, чым 5 гадоў таму. 

    Не забываюць аператары турыстычнай сферы і пра юнае пакаленне – у мінулым годзе на пазнавальных экскурсіях па прасторах рэспублікі пабывалі больш за 410 тысяч школьнікаў Брэстчыны.

     Фактары поспеху

    Зараз сусветны фінансавы крызіс негатыўна адбіваецца на турыстычнай галіне ў многіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Павялічыць прывабнасць Брэстчыны ў вачах пераборлівых замежных турыстаў можа толькі далейшае развіццё турыстычнай інфраструктуры, прыдарожнага сэрвісу. Падарожнікі жадаюць не толькі любавацца хараством нашага краю, але са 100-працэнтным камфортам адпачыць пасля экскурсій і паездак, пакаштаваць якасныя мясцовыя стравы і прыняць удзел у традыцыйных забавах – усё гэта вельмі важныя складнікі любога тура. 

    Павялічыць колькасць замежных турыстаў у Беларусь магло б змякчэнне візавага рэжыму і рэгістрацыйных працэдур у самой рэспубліцы. Перашкаджае наладжванню кантактаў моўны бар’ер. Далёка не ўсе работнікі турыстычнай сферы добра ведаюць англійскую, нямецкую ці хаця б польскую мовы, не кажучы ўжо пра менш папулярныя. А тым часам асабістыя зносіны – гэта ў немалаважнай ступені гарант таго, што турыст, які пабываў на Брэстчыне ўпершыню, захоча прыехаць да нас зноў, ды яшчэ параіць наведаць наш край сябрам і знаёмым.

    Автор: Сяргей РЭКУЦНародная трыбуна

Комментарии (0)