27 Апреля, 2024 Суббота

Інвестыцыі ідуць да тых, хто іх дастойны

  • 21 апреля 2016 Экономика Русский 0

    У Глыбокім рэалізуецца некалькі маштабных праектаў Сусветнага банка, Еўрасаюза і Праграмы развіцця ААН

     КАЛІ паглядзець на Глыбокае сёння з вышыні птушынага палёту, нельга не ўбачыць, што амаль увесь райцэнтр у траншэях, у якія камунальшчыкі ўкладваюць даволі ёмкія трубы. Асобныя ўчасткі вуліц перакрыты, што стварае часовыя нязручнасці для ўладальнікаў легкавушак. Аднак людзі не абураюцца — больш за тое, ставяцца да гэтых маштабных работ прыхільна.

    Тут доўга тлумачыць не трэба: Глыбокае — ці не адзіны райцэнтр у краіне, які не мае цэнтральнай каналізацыі. Так, кавалачкамі. У выніку брудныя сцёкі трапляюць у суседнія вадаёмы Кагальнае, Вялікае і іншыя. Некалькі разоў, яшчэ ў савецкі час і пасля яго, з дапамогай прамысловых прадпрыемстваў была спроба вырашыць праблему, але так і не здолелі. І вось цяпер, нарэшце, справа скранулася з месца.

    НАМЕСНІК старшыні райвыканкама Алег Жынь дастае з шафы вялікі папяровы скрутак, разгортвае яго: зялёнымі і сінімі лініямі пазначана сетка каналізацыі. Яна ўсяго каля 20 кіламетраў.  Акрамя таго, помпавая станцыя, ачышчальныя  збудаванні з поўнай біялагічнай ачысткай магутнасцю  2,5 тысячы кубаметраў у суткі.

    Работы  ідуць інтэнсіўна. Даводзіцца месцамі ламаць асфальт, але ў першую чаргу вышукваюцца свабодныя калідоры, а заказчык праекта  прыслухоўваецца да думкі жыхароў.

    Фінансуе работы па Рэспубліканскай праграме “Чыстая вада”, у якую трапіла Глыбокае, Сусветны банк. На  каналізацыю райцэнтра выдзелена ажно 8 мільёнаў долараў. Распрацавала праект дацкая фірма.  На правядзенне работ прэтэндавалі прадстаўнікі шасці краін, у тым ліку  немцы, кітайцы, але выйгралі тэндар віцябчане:  кансорцыум  ТАА “Прамбудцэнтр” і  ТАА ”Плісабуд”, якія ўжо зарэкамендавалі сябе на падобных аб’ектах. Да выканання работ прыцягнуты і мясцовыя арганізацыі: ПМК-48 і ПМК меліярацыі.

    Чаму менавіта Глыбокае ўвайшло ў вызначаную праграму? Алег Жынь называе такі аспект: гарадскія азёры шэрагам рэчак злучаюцца з Заходняй Дзвіной, якая ўпадае ў Балтыйскае мора. З гэтым можна пагадзіцца, але часткова. Праект існаваў з 2002 года, тым не менш не мог здзейсніцца. І толькі  год пяць таму пачаліся рэальныя зрухі.  І тут ніяк  нельга скідваць з рахункаў плённую дзейнасць па навядзенні парадку мясцовай улады: у прыватнасці, старшыні райвыканкама Алега Морхата і старшыні раённага Савета дэпутатаў Галіны Унуковіч. Райцэнтр апошнім часам значна змяніў сваё аблічча. Нямала садзейнічалі справе і такія традыцыйныя міжнародныя  святы ў Глыбокім, як “Вішнёвы фестываль”, “Магніфікат”, “Кладзезь”, на якіх пабывалі шматлікія дэлегацыі з  Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі, Ізраіля, Грузіі, Арменіі і іншых краін. Асабістыя знаёмствы, сяброўства заўсёды шмат што значылі.

    ГЛЫБОЧЧЫНА далёка не ўпершыню атрымлівае інвестыцыі з-за мяжы. Дзякуючы таму, што раён уваходзіць у еўрарэгіён “Азёрны край”, сумесна з латышамі і літоўцамі рэалізаваны праекты па сельскім агратурызме, рэканструкцыі школы мастацтваў, экалогіі і многія іншыя. Толькі на набыццё кантэйнераў для раздзельнага збору смецця і  новай спецыяльнай машыны для яго адвозу атрымана 100 тысяч долараў.

    На адным з апошніх праектаў, які таксама паспяхова рэалізуецца, хочацца спыніцца асобна. Глыбоцкі раённы Савет дэпутатаў падаў заяўку на ўдзел у першым конкурсе  мясцовых ініцыятыў “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які праводзіўся пад эгідай Еўрасаюза і Праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Мясцовая ініцыятыва глыбачан была названа ў ліку пераможцаў, а глыбачане ўвайшлі ў 30 пілотных раёнаў, дзе пры падтрымцы Еўрасаюза і праграм ААН  будзе апрабаваны інавацыйны падыход малых гарадоў і сельскіх тэрыторый да цеснага супрацоўніцтва дзяржаўных органаў бізнесу і мясцовых жыхароў.

    Бюджэт мясцовай ініцыятывы складае 21 тысячу долараў. Сума не такая вялікая,  але гэта толькі пачатак, бо перамога дае права ўдзельнічаць у другім этапе конкурсу, дзе фінансаванне будзе куды большае. А самае каштоўнае: праект накіраваны на развіццё ініцыятывы мясцовага насельніцтва, патэнцыялу самакіравання, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе хапае праблем. І цяпер не толькі ўлада, але і самі жыхары будуць уносіць прапановы па адкрыцці рабочых месцаў, стварэнні зон адпачынку, рамонце дарог і іншае, імкнуцца вырашаць пытанні любой складанасці.

    Першы ж грант пойдзе на распрацоўку стратэгіі і плана дзеяння тэрытарыяльна арыентаванага развіцця  раёна ў цэлым. Для гэтага створаны рабочыя групы  ў эканамічнай, сацыяльнай, экалагічнай  і іншых сферах, з удзелам у іх менавіта самых ініцыятыўных прадстаўнікоў насельніцтва.

    Завяршыць першы азначаны праект глыбачане павінны ўжо ў жніўні гэтага года.  На павестцы дня — заяўка на другі па той жа тэматыцы.

    НЯДАЎНА стала вядома, што Беларусь  уключана ў Праграму трансгранічнага супрацоўніцтва разам з Латвіяй і Літвой да 2020 года.  А гэта значыць, што  і надалей будуць ажыццяўляцца праекты  еўрарэгіёна “Азёрны край”, у якім задзейнічаны 10 раёнаў Віцебскай вобласці.

    Кантора еўрарэгіёна беларускага боку знаходзіцца ў Глыбокім. Дырэктар установы Міхаіл Арэхаў паведаміў, што ў бліжэйшай перспектыве вырашэнне такіх значных праектаў, як устаноўка новых прыбораў па ўліку вады, аднаўленне старажытных паркаў Патупы і Залессе, забеспячэнне спецыяльнымі сродкамі сувязі сельскіх саветаў. Папярэдняя лічба па фінансаванні ўсіх праектаў — да 30 мільёнаў долараў.

     

    Фота аўтара

    Автор: САУЛИЧ Владимир ВладимировичСельская газета

Комментарии (0)