25 Апреля, 2024 Четверг

Лабараторыя працы і ідэй

  • 22 апреля 2016 Экономика Беларуская 0

    Шмат гадоў у Навагрудскім аграрным каледжы дзейнічае лабараторыя па вырошчванні бульбы на бязвіруснай аснове. Адзінае ў вобласці навуковае пад­раздзяленне такога роду – лабараторыя мае багатыя традыцыі і станоўчы вопыт па вырошчванні элітных сартоў бульбы.

    Па ініцыятыве А.І. Калановіча, у той час дырэктара ўстановы, у 1987 годзе на базе Навагрудскага саўгаса-тэхнікума было вырашана стварыць навуковую лабараторыю. Трэба адзначыць, што справа гэта няпростая. Нават сёння адкрыць такую лабараторыю па сілах толькі вядучым ВНУ краіны. З вялікімі цяжкасцямі набывалася абсталяванне і інструменты для чаранкавання раслін, стваралася матэрыяльная база. Значны ўклад у распрацоўку тэхналогіі вырошчвання бульбы на бязвіруснай аснове ўнеслі загадчыкі лабараторыі А.А. Мікульчык і М.П. Ванагель.

    Сёння лабараторыю Навагрудскага аграрнага каледжа ўзначальвае выкладчык А.Л. Стасюкевіч (на здымку). Выпускніца каледжа, Аксана Леанідаўна пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта пачынала працоўную дзейнасць лабарантам, а тры гады таму стала загадчыцай.

    – Мы займаемся размнажэннем элітных сартоў бульбы, якія падбіраюцца з улікам мясцовых глеб і разлічаны на раяніраванне ў нашым рэгіёне, – расказвае А.Л. Стасюкевіч. – На бязвіруснай аснове сёння вырошчваюцца “скарб”, якім занята каля 50% плошчаў рэспублікі, сярэдняраннія “брыз” і “маніфест”. Пра­цэс вырошчвання бульбы бесперапынны. У снежні расліны закупляюцца і чаранкуюцца. Затым прабіркі з чаранкамі ўстанаўліваюцца не стэлажах у пакоях, дзе створаны неабходны рэжым тэмпературы, вільготнасці і святла. Праз некаторы час расліны закатваюцца ў рулоны, а ў чэрвені высаджваюцца ў цяпліцы – і так штогод. Ад першага чаранкавання  і да атрымання клубняў эліты праходзіць чатыры гады.

    Элітныя сарты бульбы, вырашчанай на палях каледжа, не толькі закупляюцца сельгаспрадпрыемствамі, але і карыстаюцца попытам у жыхароў раёна. Яны маюць добрыя смакавыя якасці, а ўраджайнасць складае каля 300 ц/га. Кожны, хто набывае эліту, можа быць упэўнены: бульба цалкам адпавядае характарыстыкам дадзенага сорту і на працягу 5-7 гадоў будзе даваць высокі ўраджай.

     – За час існавання лабараторыі створана эфектыўная тэхналогія вырошчвання бульбы. Усе працэсы ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з нарматывамі і строга кантралююцца. Вырасціць бульбу з прабіркі складана, бо кожнай расліне і ў лабараторыі, і ў полі неабходны догляд і ўвага. Высокая якасць нашай бульбы дасягаецца дзякуючы наладжанай тэхналогіі і прафесіяналізму людзей. Калектыў  у нас невялікі – пяць чалавек. Усе некалі закончылі нашу ўстанову і працуюць не адзін год. Утрыманне лабараторыі патрабуе значных фінансавых выдаткаў, таму вельмі важна, каб яе дзейнасць была прыбытковай. Зараз вельмі запатрабаванымі на рынку сталі дэкаратыўныя культуры, якія выкарыстоўваюцца для азелянення. Актыўна займаемся вырошчваннем шматгадовых хмызнякоў: туі заходняй, спірэі, самшыту, гартэнзіі, бэзу, барбарысу і інш. Усе нашы расліны мы прапануем пакупнікам.

    На кожным этапе работ задзейнічаны навучэнцы каледжа, якія падчас вытворчай практыкі знаёмяцца з асновамі вырошчвання бульбы ў лабараторных умовах, працуюць у пітомніку, займаюцца доглядам раслін. Прыцягваюцца рабяты і да даследчай дзейнасці, у мінулым годзе на базе лабараторыі праводзіўся эксперымент па вырошчванні бульбы ў збаночках. Для трэцякурснікаў арганізаваны факультатыў “Вырошчванне бульбы на бязвіруснай аснове”, на якім вывучаецца тэхналогія атрымання эліты.

    А. ГАНЦЭВІЧ, “НЖ”.

    Автор: А. ГАНЦЭВІЧ, “НЖ”.Новае жыццё

Комментарии (0)