24 Апреля, 2024 Среда

Праменад для рагуль

  • 13 мая 2016 Экономика Беларуская 0

    Пасля працяглых дажджоў адпіліся травы і ледзьве не за ноч, як грыбы, пацягнуліся ўверх – да сонейка. Не толькі чалавек узрадаваўся такой небывалай ізумруднай раскошы, але і жывёла.

    Паступовы пераход на пашавае ўтрыманне ў нашым раёне пачаўся некалькі тыдняў назад – і каровы відавочна павесялелі – прынамсі, тыя рагулі, якія ласуюцца свежай травой. У гэтым на мінулым тыдні ўпэўніўся наш карэспандэнт, завітаўшы на малочна-таварную ферму “Сакалойці” СВК “Гервяты”.

    коровы СПК Гервяты1

    Рэзкія змены ў рацыёне кароў уплываюць як на фізічны стан жывёлы, так і яе прадуктыўнасць, таму пераход ад зімне-стойлавага да пашавага ўтрымання ў СВК “Гервяты”, як і ў астатніх гаспадарках раёна, адбываўся паэтапна. Напрыканцы сакавіка кароў пачалі выганяць на прагулку. Праменад рагуль, па словах спецыялістаў, працягваўся не больш за дзве гадзіны, каб адаптацыя жывёлы да пашавага сезону адбылася без асаблівых стрэсаў.

    Гражына Уладзіміраўна Саўко, галоўны ветурач
    Гражына Уладзіміраўна Саўко, галоўны ветурач

    Марыя Аляксееўна Грымбоўская, заатэхнік-селекцыянерМарыя Аляксееўна Грымбоўская, заатэхнік-селекцыянер

    У СВК “Гервяты” пасуць свае гурты чатыры малочна-таварныя фермы: “Сакалойці”, “Малюта”, “Чэхі” і “Гіры”. Плануецца, што і на комплексах для аздараўлення будуць выпасваць сухастойных кароў. Увогуле зараз рагуль выганяюць у поле а палове дзясятай гадзіны адразу пасля ранішняй дойкі, а вяртаецца жывёла ў стойла каля шасці гадзін вечара. Пры спрыяльнай тэмпературы паветра некаторыя фермы перайдуць на кругласутачны выпас статкаў.

    – Немагчыма пераацаніць перавагу пашавага ўтрымання жывёлы над стойлавым. І плюсы тут не толькі ў свежых травах і паветры, але і ў самой актыўнасці жывёлы, – тлумачыць галоўны ветурач СВК “Гервяты” Гражына Уладзіміраўна Саўко. – Па-першае, гэта прафілактыка захворванняў канечнасцей, якія часта ўзнікаюць у рагуль пры ўтрыманні на комплексах. Па-другое, калі жывёла рухаецца, паляпшаецца кровазварот – а, значыць, мінімізуецца фактар узнікнення мастытаў і эндаметрытаў.

    Сяргей Эдуардавіч Мацкевіч, падвоз вады
    Сяргей Эдуардавіч Мацкевіч, падвоз вады

    Побач з загонам ёсць пафарбаваная ў светлы колер бочка з вадой. Рагулі раз-пораз падыходзяць да паілкі і кармушак, каб паласавацца соллю, патакай ці мелам. Акрамя гэтага, у яслях ляжыць сена: жывёле патрэбны не толькі сакавітая і свежая трава, але і клятчатка.

    Генадзь Браніслававіч Палачанскі, пастух
    Генадзь Браніслававіч Палачанскі, пастух

    Слава Іосіфавіч Гудойць, пастух
    Слава Іосіфавіч Гудойць, пастух

    Пастухі, пільна сочаць за статкам: менавіта ад атрыманых надояў залежыць заробак. Некалькі гадоў запар у СВК “Гервяты” практыкавалася так званая “чэкавая” сістэма аплаты работнікаў, занятых на выпасе жывёлы. Таксама пастухам даплачваюць за начныя змены і забяспечваюць іх харчаваннем, як і механізатараў.

    коровы СПК Гервяты2

    Пасля страўлівання “клетку”, якая ўтвараецца з дапамогай электрапастуха, пераносяць на іншы ўчастак, а пашу падкошваюць, уносяць мінеральныя ўгнаенні і раўняюць – праз некаторы час трава тут адрасце і статак зноў вернецца.

    Неўзабаве ў СВК “Гервяты” перайдуць на франтальную пасьбу, пры якой на кожную галаву гурта выдзяляецца “персанальны” метр траў. Як лічаць заатэхнікі, такі спосаб пасьбы спрыяе паядальнасці колькасці зялёных кармоў, што ў выніку станоўча адаб’ецца на надоях.

    коровы СПК Гервяты3

    Акрамя гэтага, гервяцкія земляробы збіраюцца паляпшаць калгасную пашу: ужо перазалужана 103 гектары каля ферм “Гіры” і “Малюта”.

    Пакуль жывёла ласуецца сакавітымі кармамі, жывёлаводы тым часам займаюцца дэзінфекцыяй, рамонтам і пабелкай памяшканняў і траншэй для закладкі кармоў.

    Мовай лічбаў

    У СВК “Гервяты” плануецца пасвіць, у тым ліку кругласутачна, 618 кароў (21 працэнт). На адну ўмоўную галаву прыпадае 0,49 гектараў пашы. На круглагадавым стойлавым утрыманні будзе знаходзіцца 1 583 асобіны (72 працэнты).

    --------------------------------------

    Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

    Автор: Алена ГанулічАстравецкая праўда

Комментарии (0)