Нядаўні агляд сельскагаспадарчай тэхнікі, арганізаваны ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама сумесна са спецыялістамі РАНС і іншымі зацікаўленымі службамі, пацвердзіў, што большасць гаспадарак раёна гатовы прыступіць да першага ўкосу траў і нарыхтоўкі кармоў.
Выязная камісія на чале з кіраўніком райсельгасхарчу Генадзем Баляслававічам Хомічам пабывала на мехдвары ААТ “Дэмбрава”, дзе радамі выстраіліся кормаўборачныя камбайны, магутныя трактары “Амкадор” і “К-700”, а таксама касілкі, граблі і прэс-падборшчыкі. Усе як след дагледжаныя, адрамантаваныя і гатовыя выйсці ў поле.
– Сёлета нам прадстаіць абкасіць 1430 гектараў, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Для гэтага задзейнічаем два кормаўборачныя камбайны “Ягуар” і адзін “Палессе”, а таксама пяць касілак і чацвёра грабель. На трамбоўцы зялёнай масы будуць працаваць два звяны механізатараў. Усіх работнікаў, занятых на касавіцы, забяспечым двухразовым гарачым харчаваннем.
У СВУ “Пратасаўшчына” ўся кормаўборачная тэхніка таксама прыведзена ў “баявую гатоўнасць”. Падчас першага ўкосу тут плануюць нарыхтаваць 6800 тон сенажу і 300 тон сена.
Гатовы распачаць касьбу і ў ААТ “Шчучынаграпрадукт”, дзе травы займаюць плошчу 2325 гектараў.
– Тэхніка дазваляе абкошваць да 110 гектараў у суткі, – зазначае галоўны аграном гэтай гаспадаркі Дзмітрый Аляксандравіч Ануфрык. – Пры такім напружаным графіку завершым першы ўкос прыкладна за дваццаць дзён. Толькі б надвор’е не падвяло!
Удзельнікі раённага агляду пабывалі ў ААТ “Васілішкі” і “АграГЖС”, дзе аказаліся няспраўнымі два кормаўборачныя камбайны. А ў ААТ “Шчучынаграпрадукт” у дзень рэйду заставаліся неадрамантаванымі трактар “Кіравец” і некалькі падвесных агрэгатаў. Кіраўнікі гэтых гаспадарак паабяцалі аператыўна выправіць недахопы.
– У раёне налічваецца амаль 62 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, і ўвесь гэты статак неабходна забяспечыць якаснымі кармамі, – падкрэсліў кіраўнік райсельгасхарчу Генадзь Баляслававіч Хоміч. – Пастаўлена задача нарыхтаваць 254404 тоны сіласу і 191671 тону сенажу. На касавіцы будуць працаваць 46 кормаўборачных камбайнаў, 73 касілкі, 55 грабель і столькі ж прэс-падборшчыкаў. Першы ўкос плануем закончыць да 1 чэрвеня.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.
Комментарии (0)