Асновам прадпрымальніцкай дзейнасці навучала інвалідаў па зроку грамадскае аб’яднанне са Швецыі. Грант на рэалізацыю сваіх бізнес-ідэй атрымала маладзечанка Ядвіга Тамашэўская.
Летась грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» і шведска-фінская народная школа «Svefi» запусцілі сумесны праект па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці для інвалідаў па зроку.
Усяго ў праекце паўдзельнічаў семдзесят адзін чалавек, а лепшыя з лепшых на заключнай сесіі ў Швецыі атрымалі гранты на рэалізацыю сваіх бізнес-ідэй. Сярод іх маладзечанка Ядвіга Тамашэўская (на фота крайняя справа).
Сямейны бізнес
Па сваёй натуры мая субяседніца пазітыўная і лёгкая на пад’ём. Гэта адчуваецца з першых хвілін знаёмства з ёю: яна з задавальненнем дэманструе сувеніры з паездкі, расказвае пра новыя знаёмствы і месцы.
— Я інвалід па зроку І групы, ужо дваццаць восем гадоў працую на ўнітарным прадпрыемстве «Энва», — гаворыць Ядвіга і частуе мяне шведскімі цукеркамі. – Спяваю ў нашай харавой групе, з’яўляюся капітанам каманды ў «Брэйн-рынгу», часта ўдзельнічаю ў конкурсе «Алё, мы шукаем таленты!», гуляю ў шашкі.
Аб уласнай справе маладзечанка марыла яшчэ да беларуска-шведска-фінскага праекта. Таму паступіла ў Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж на спецыяльнасць «кантралёр-касір-прадавец» і разам з мужам Сяргеем і сынам Ільёй пачала шукаць месца для аграсядзібы. Такі бізнес-напрамак Ядвіга выбрала невыпадкова: нарадзілася і вырасла ў адной з вёсак у Налібоцкай пушчы і вельмі любіць прыроду.
— З дзяцінства ведаю, дзе збіраць грыбы і карысныя зёлкі для чаю, — расказвае субяседніца і заўважае, што не толькі чыстым паветрам плануе прывабліваць гасцей. – Ад маці мне дастаўся рэцэпт хлеба, які выпякаюць у печы, а таксама сакрэты вырабу тварагу з кефіру. А яшчэ мы трымаем курэй і авечак. Чыстае паветра і смачныя экалагічна чыстыя прадукты… Усё гэта прывабіць і айчынных, і замежных турыстаў.
«Ядвізіна хатка»
Назва сядзібы «Ядвізіна хатка» пакуль што «працоўная». Так назвалі мястэчка ў валожынскім кірунку аднагрупнікі маёй субяседніцы і шведскія куратары, якія першыя завіталі сюды. Дарэчы, усё, што з’яўляецца на тэрыторыі сядзібы, вырабляецца сваімі сіламі. Муж Ядвігі працуе ў мясцовым лясгасе, у яго сапраўды залатыя рукі. Ён самастойна пабудаваў лазню і за некалькі хвілін можа адрамантаваць трактар. Безумоўна, дапамагае бацькам і сын. Спачатку ён атрымаў прафесію электраманцёра, цяпер пасля спецыяльнай падрыхтоўкі працуе ў Маскоўскім аддзеле сталічнага РАУС у групе неадкладнага рэагавання.
Сустрэчы, якія натхняюць
У пачатку праекта яго ўдзельнікаў папярэдзілі: аўтары лепшых бізнес-планаў атрымаюць прыемныя бонусы. Галоўнае — абараніць выніковую работу на «дзясятку». Ядвіга гаворыць, што вучоба дала ўсе неабходныя веды для бліскучай прэзентацыі сваёй работы.
— З чаго пачаць бізнес, дзе знайсці партнёраў і фінансаванне, як наладжваць кантакты… Інфармацыю давалі тэарэтычна, а таксама забяспечылі нас агучанымі тэлефонамі на платформе Android, якія значна спрашчаюць доступ да інфармацыі невідушчым людзям, — расказвае Ядвіга і дадае, што значнай часткай навучання сталі заняткі па англійскай мове.
Выніковая сесія прайшла ў Швецыі і Фінляндыі. Субяседніцу ўразілі фінская сістэма падрыхтоўкі сабак-павадыроў для невідушчых і сустрэчы з інвалідамі, якія стварылі паспяховыя бізнес-кампаніі. Гэта масажысты, спецыялісты па прафесійнай арыентацыі, сацыяльныя работнікі і псіхолагі.
Аднак самая адметная для маладзечанкі падзея адбылася ў шведскім горадзе Хапаранда, дзе знаходзіцца офіс народнай школы «Svefi». Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі кампаніі, якая выпускае абсталяванне для друку з выкарыстаннем шрыфту Брайля, беларусы пазнаёміліся з перакладчыкамі шведскіх газет з тэкставага ў гукавы фармат і атрымалі доўгачаканыя гранты.
— Навучанне — вялікі ўклад у развіццё безбар’ернай прасторы ў Беларусі, — гаворыць Ядвіга. – Асабіста для мяне гэта добрая фінансавая падтрымка ў рэалізацыі маёй мары.
Фота: архіў Ядвігі ТАМАШЭЎСКАЙ.

Комментарии (0)