24 Апреля, 2024 Среда

Пра крэдыты, ЭКА, дэнамінацыю і захоўванне валюты

  • 01 июня 2016 Экономика Беларуская 0

    18 мая ў рэдакцыі “ІВ” прайшла анлайн-канферэнцыя па пытаннях дэнамінацыі, якая будзе праведзена летам у Беларусі, безнаяўных плацяжоў (плацёжных картак), крэдытавання фізічных асоб, суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, афармлення банкаўскіх укладаў. На пытанні адказвала Таццяна Кульгавеня, намеснік дырэктара ЦБП №111 філіяла 802 ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк”.

    Вось характэрныя пытанні і адказы на іх.

    Алена Іосіфаўна, г. Івацэвічы:

    – Сын з маладой жонкай узяў участак пад будаўніцтва дома. Дзяцей яшчэ ў іх няма, хаця нявестка цяжарная. Мараць яны мець уласны дом. Скажыце, якія магчымасці прадстаўляе ваш банк для такіх маладых сем’яў?

    – Льготных крэдытаў для маладой сям’і, у якой яшчэ не нарадзіліся дзеці, на сённяшні дзень няма. Але можна атрымаць крэдыты на ўмовах, якія вызначаны ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк”. Маладой сям’і мы можам прапанаваць крэдыт на 15 гадоў пад 29 працэнтаў гадавых (размер крэдыту разлічваецца толькі на зарплату крэдытаатрымальніка, без уключэння ў сукупны даход; на 75 працэнтаў ад кошту будаўніцтва). Можам прапанаваць крэдыт пад назвай “Сур’ёзныя планы”, яго можа ўзяць маладая сям’я на 3 гады пад 28 працэнтаў (да 200 ба-завых велічынь) – някепская магчымасць, каб распачаць будаўніцтва. Умова: узрост мужа або жонкі не павінен перавышаць 31 год.

    Валянціна Іванаўна, Івацэвіцкі раён:

    – Захоўваю свае зберажэнні ў доларах дома, як кажуць, на чорны дзень; дзеці мяняюць мне беларускія рублі на валюту, бо я пенсіянерка і ў гэтым слаба разбіраюся. Апошнім часам яны сталі прывозіць нейкія новыя купюры, іншага нават колеру… Мяне непакоіць, а раптам купюры долараў старога ўзору, што захоўваю дома, адменяць?.. Можа, іх трэба абмяняць на новыя ў банку?

    – У гэтай справе спецыялісты банкаўскай сістэмы мала што вам канкрэтнае могуць параіць, шаноўная Валянціна Іванаўна. Вы ж цудоўна разумееце: выпуск і зварот грашовых знакаў іншых краін не рэгулюецца ў Беларусі. Фінансавыя структуры ЗША насамрэч могуць адмяніць хаджэнне купюр старога ўзору, і вам прыйдзецца самастойна вырашаць пытанне… Памятайце, што грошы, якія вы захоўваеце дома, могуць проста сапсавацца. Я ўжо расказвала пра гэты выпадак на старонках раёнкі; нам прынесла валюту жанчына з нашага раёна, каб размясціць яе на дэпазіт, але мы адмовіліся прымаць гэтыя долары, бо яны былі мокрыя, цвілыя. Жанчыне давялося плаціць камісію – немалую суму грошай! — за замену купюр.

    Наш банк аказвае паслугу па абмену купюр, але гэта платная паслуга, за якую спаганяецца тры працэнты камісіі ад сумы. Такім чынам, калі вы пажадаеце замяніць 1 000 долараў старога ўзору, то з вас за аказанне паслугі возьмуць 30 долараў… Беларускія рублі, дарэчы, мы мяняем без камісіі. Усё гэта гаворыць пра тое, што захоўваць валюту дома – нязручна і нявыгадна. Адкрыйце дэпазіт – і спіце спакойна!

    Алена Аляксееўна Ш., г. п. Целяханы:

    – Дачка замужам ужо шэсць гадоў, ніяк не атрымліваецца зацяжарыць. Вельмі перажываем па гэтай прычыне. Ведаю, што яны з мужам вывучаюць магчымасць экстракарпаральнага апладнення, так званае ЭКА. Кажуць, што Беларусбанк нават выдае крэдыт на гэтыя мэты. Раскажыце падрабязней…

     

    – Каля 2,5 года назад убачыў свет Указ №574 “Аб прадстаўлен Указ №574 “Аб прадстаўленні грамадзянам Рэспублікі Беларусь крэдытаў на льготных умовах для аплаты экстракарпаральнага апладнення (ЭКА)”, які падпісаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. У адпаведнасці з гэтым Указам атрымаць ільготную фінансавую дапамогу могуць тыя сямейныя пары, якія доўгі час не маглі нарадзіць дзіця. Права на атрыманне дадзенага льготнага крэдыту маюць жанчыны, якія з’яўляюцца грамадзянкамі Рэспублікі Беларусь і працуюць, г. зн., маюць пастаянны заробак.

     

     

    Дадзены крэдыт прадстаўляецца на даволі выгадных умовах: да 300 базавых велічынь тэрмінам на 5 гадоў і стаўкай па крэдыце – 50 працэнтаў стаўкі фінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Пагашэнне запазычанасці па крэдыце і выплата працэнтаў за карыстанне ім ажыццяўляецца роўнымі часткамі на працягу ўсяго перыяду яго пагашэння, пачынаючы з месяца, які ідзе пасля месяца выдачы, але крэдытаатрымальнік пасля нара-джэння дзіцяці можа разлічваць на адтэрміноўку ў пагашэнні запазычанасці па льготным крэдыце на перыяд атрымання дапамогі па доглядзе за дзіцем. Крэдыт не выдаецца на аплату паслуг донараў палавых клетак і сурагатных маці… Вас, шаноўная Алена Аляксееўна, цікавіць, ці “лёгкая рука” ў работнікаў ЦБП №111? Вось мой адказ: падрабязнай статыстыкі мы не вядзём, але больш за палову з ліку жанчын, што звярнуліся да нас, каб атрымаць дадзены крэдыт, змаглі зацяжарыць і нарадзіць дзіця.

     

     

     

    Мікалай Іванавіч, г. Івацэвічы:

    – Зарплата паступае мне на картку ў першы дзень месяца. Перажываю, ці не будзе блытаніны 1 ліпеня, калі, як вядома, у Беларусі будзе праведзена дэнамінацыя грошай, бо напачатку ліпеня ў мяне водпуск…

     

    – Не зусім разумею прычын вашага хвалявання. Да 1 студзеня 2017 года будуць паралельна хадзіць грашовыя знакі ўзору 2000 года (так бы мовіць, старыя грошы) і ўзору 2009 года (новыя грошы). З 1 студзеня 2017 года да 31 снежня 2019 года можна будзе абмяняць грашовыя знакі ўзору 2000 г.в. на грашовыя знакі 2009 г.в. у аддзяленнях банкаў, пасля яшчэ два гады – толькі ва ўстановах Нацыянальнага банка Беларусі. З 1 студзеня 2022 года грашовыя знакі, якія зараз ва ўжытку, стануць несапраўднымі.

     

    Астаткі па ўкладах, рахунках, крэдытах аўтаматычна пройдуць дэнамінацыю; з другога боку, няма прычыны перажываць, калі ў вашых руках і пасля 1 ліпеня будуць “старыя” грошы – яны будуць хадзіць паралельна з новымі яшчэ паўгода. Не сумняваюся, што вы і 1 ліпеня спакойна атрымаеце сваю зарплату, шаноўны Мікалай Іванавіч, і накіруецеся ў адпачынак… Тут праблема мне бачыцца крыху ў іншым: магчыма блытаніна з боку пакупнікоў, якія яшчэ не прывыкнуць да грошай новага ўзору, таму параю больш карыстацца банкаўскімі плацежнымі карткамі… Дарэчы, нярэдка прыходзіцца чуць нараканні, што ўладальнік пластыкавай карткі пасля разліку ў гандлёвай кропцы штосьці не далічыў, у чымсьці не ўпэўніваўся, што не давярае гандлёвай кропцы, якая магла зняць іншую суму, чым ёсць у чэку… Вось мая парада: падключыцеся да SMS-апавяшчэння і вы будзеце падрабязна бачыць кожны “рух” вашых сродкаў. Зараз, напярэдадні дэнамінацыі, падключыцца да гэтай паслугі не зашкодзіць многім, каб спакойна плаціць-разлічвацца…

    Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.

     

    Автор: Александр ГОРБАЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)