03 Мая, 2024 Пятница

Дэнамінацыя ў пытаннях і адказах

  • 03 июня 2016 Экономика Беларуская 0

    Аказваецца, новыя беларускія купюры надрукаваны ў Велікабрытаніі. На пытанні аб дэнамінацыі, што найбольш часта задаюць нашы чытачы, адказвае намеснік дырэктара — начальніка цэнтра рознічнага бізнесу філіяла №601 ААТ «ААБ Беларусбанк» Дануту Паташ.

    — Данута Іванаўна, многія ставяць дэнамінацыю, дэвальвацыю і дэфолт у адзін рад…

    — Гэтыя словы не сінонімы і азначаюць зусім розныя паняцці. Дэфолт – адмаўленне ад даўгавых абавязацельстваў. У міжнароднай практыцы дэфолтам называюць адмаўленне дзяржаў ад выплаты сваіх знешніх даўгоў. Дэвальвацыя — абясцэненне нацыянальнай валюты адносіна замежных. Яна часта з’яўляецца следствам інфляцыі. Дэнамінацыя — змена намінала грашовых знакаў з мэтай упарадкавання грашовага абарачэння і спрашчэння разлікаў.

    *  Гісторыя суверэннай Беларусі ведае дзве дэнамінацыі: першая праводзілася ў 1994 годзе, другая — у 2000-м. Акрамя таго, з абарачэння перыядычна выводзіліся купюры, хаджэнне якіх у сувязі з ростам цэн страчвала сэнс.

     *  Маштаб дэнамінацыі вызначаны Указам Прэзідэнта №450 «Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь». Ён абраны на аснове аналізу статыстычных даных з улікам макраэканамічнай сітуацыі ў краіне, а таксама ў адпаведнасці з грашовымі знакамі ўзору 2009 года, якія ўжо былі ў Нацыянальным банку. Яны вырабленыя па заказе Нацбанка яшчэ ў 2008 годзе.

    * Працэс дэнамінацыі носіць тэхнічны характар і не паўплывае на пакупніцкую здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты адносна замежных валют, а таксама на ўзровень інфляцыі, які фактычна склаўся.

    * Беларускія купюры былі надрукаваныя ў Вялікабрытаніі, а манеты чаканілі ў Літве і Славакіі. Вытворцаў выбіралі па выніках закрытага конкурсу. А вось дызайн распрацавалі айчынныя мастакі.

    — У банкнот старога ўзору купюры наміналам 1 тысяча рублёў і 50 тысяч, 500 рублёў і 20 тысяч вельмі падобнага колеру.

    — Усе банкноты новага грашовага раду адрозніваюцца адзін ад аднаго па колеры і памеры: кожная наступная большая за папярэднюю на 4 мм па даўжыні, а вось у вышыню ўсе аднолькавыя — 72 мм. Акрамя таго, на іх у ніжнім левым куце ёсць спецыяльныя грашовыя меткі (у выглядзе геаметрычных фігур) з павышаным рэльефам для людзей з аслабленым зрокам і буйныя лічбы намінала ў цэнтры банкноты. Так, напрыклад, на банкноце наміналам 5 рублёў — гарызантальная рыса, 10 рублёў — круг, 20 рублёў — квадрат. Колер манет таксама розны.

    — Як будуць працаваць банкаматы Беларусбанка з 1 ліпеня?

    — 30 чэрвеня з 23.30 і ўсю ноч 1 ліпеня банкаматы будуць пераналаджваць на работу з новымі грашовымі купюрамі. На сайце банка будзе працаваць функцыянал па аператыўным адлюстраванні месцазнаходжання і загрузкі банкаматаў новымі грашовымі знакамі з перадачай інфармацыі ў рэальным рэжыме. Загружаць усе банкаматы банкнотамі ўзору 2009 года будуць з 1 па 4 ліпеня. Банкі 1 ліпеня працаваць з кліентамі не будуць.

    — А калі менавіта 1 ліпеня заканчваецца тэрмін безадзыўнага ўкладу? Як кліент можа яго забраць?

    — Закрыць такі дэпазіт можна ў першы рабочы дзень аддзялення, у якім уклад захоўваецца. У ААТ «ААБ Беларусбанк» дзейнічае правіла: калі дзень наступлення тэрміну вяртання тэрміновага ўкладу прыпадае на нерабочы (калі не праводзяцца аперацыі з кліентамі), то датай вяртання ўкладу лічыцца першы рабочы дзень. Налічваюцца і працэнты. Кліент нічога не губляе.

    — Данута Іванаўна, як лепш разлічвацца, напрыклад, у магазіне ў пераходны перыяд?

    — Асабіста маё меркаванне, што заўсёды лепш разлічвацца банкаўскай карткай — так больш надзейна. Праўда, для ўласнага спакою трэба ўважліва правяраць чэк. Улічваючы паралельнае хаджэнне старых і новых грошай, пажадана мець у кашальках наяўныя ў межах неабходнага на 1 ліпеня.

    — Сёння ўсё больш людзей праводзіць разлікі праз інфакіёскі…

    — Інфакіёскі з функцыяй cash-in з 1 ліпеня і на перыяд паралельнага хаджэння грошай двух відаў будуць прымаць банкноты і старога, і новага ўзору.

     

    — Як будзе размяшчацца інфармацыя аб абменных курсах?

     

    — Да новых цэннікаў у магазінах мы прывыклі. А вось абменнікі на «дэнамінаваны» парадак пяройдуць толькі 1 ліпеня. На табло адразу з’явяцца абноўленыя курсы. Іх напішуць з дакладнасцю да чатырох знакаў пасля коскі. Напрыклад, курс долара 19788 рублёў будзе напісаны 1,9788 (1 рубель 98 капеек). Кошт валют у старых грошах вы ўбачыце толькі на сайце банка і на спецыяльных стэндах у яго аддзяленнях. Абменныя курсы будуць устанаўлівацца за колькасць адзінак замежнай валюты: долар і еўра – за адзін, расійскі рубель – за 100, польскі злоты – за 10.

    — Многіх цікавіць, ці будуць патрабаваць пашпарт пры абмене грашовых банкнот у банку?

    — Калі сумы нязначныя, то не. Калі ж вы будзеце мяняць грашовыя знакі, сума якіх адпавядае ці перавышае тысячу базавых велічынь (210000000 руб.), то пашпарт у вас запатрабуюць. Такі закон. Налічэнне ўсіх відаў выплат будзе праводзіцца ў новых грошах (рублях і капейках). А вось цалкам на выдачу кліентам купюр новага ўзору банкі пяройдуць толькі 1 кастрычніка 2016 года. Пакуль жа могуць быць выпадкі выдачы банкнот узору 2000 года. Да гэтага трэба паставіцца з разуменнем. Нагадаю, што да 31 снежня 2016 года можна будзе разлічвацца старымі і новымі банкнотамі ў любым магазіне. Наступныя тры гады (2017-2019) старыя банкноты абмяняюць у любым банку, а ў 2020-2021 гадах — у Нацбанку.

     

    — А што з укладамі ў беларускіх рублях, якія будуць знаходзіцца ў банку? Ці трэба іх пераафармляць або заключаць дадатковае пагадненне?

     

    — Сума ўкладу ў беларускіх рублях з 1 ліпеня будзе пералічана з улікам абранага маштабу дэнамінацыі — 1:10000. Не трэба і заключаць дадатковыя пагадненні да дагавора банкаўскага ўкладу.

     

    — Як правядзенне дэнамінацыі адаб’ецца на заключаных з Беларусбанкам дагаворах аб ільготным крэдытаванні будаўніцтва жылля?

     

    — Яшчэ раз нагадаю, што працэс дэнамінацыі носіць тэхнічны характар. Запазычанасць па крэдыце і працэнтах за карыстанне ім, памер штомесячных плацяжоў з 1 ліпеня будуць пералічаныя з улікам абранага маштабу дэнамінацыі.

    — Па якім кошце будуць прымацца да аплаты памятныя манеты Нацбанка, выпушчаныя да дэнамінацыі?

    — Па намінальным кошце, указаным на манеце.

     

    — Данута Іванаўна, многія прывыклі ўжо разлічвацца банкаўскімі карткамі і пры паездках за мяжу. Як будуць адлюстраваныя плацяжы, зробленыя ў канцы чэрвеня ў іншых краінах?

     

    — Хвалявацца не варта. Улічваючы, што апрацоўка транзакцый адбываецца толькі праз некалькі дзён, то аперацыя па рахунку будзе адлюстравана пасля 1 ліпеня па новым дэнамінаваным курсе.

    Пытанні задавала Алена ЛАШУК.

    Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

     

    Автор: Алена ЛАШУК.Маладзечанская газета

Комментарии (0)