19 Мая, 2024 Воскресенье

Апошняя хваля прыватызацыі

  • 20 июня 2016 Экономика Беларуская 0

    З 1 ліпеня гэтага года ўсё непрыватызаванае жыллё з дзяржаўнага фонду, якое грамадзяне займаюць па дагаворах найму, пяройдзе ў разрад камерцыйнага.

    Жыхарам прыйдзецца плаціць не толькі за камунальныя паслугі, але і за арэнду жылога памяшкання. Ці ёсць яшчэ шанц прыватызаваць жыллё? Чаму некаторыя грамадзяне дасюль гэтага не зрабілі? З гэтымі і іншымі надзённымі пытаннямі дапамог разабрацца начальнік аддзела ЖКГ аблвыканкама Аляксей МАРТЫСЮК.

    БЕЗ АЖЫЯТАЖУ 

    Па словах Аляксея Вячаслававіча, на 1 чэрвеня 2016 года на Брэстчыне не былі прыватызаваныя 13465 кватэр дзяржаўнага жылфонду, якія грамадзяне займаюць па дагаворах найму. Спецыялісты прагназуюць, што да канца тэрміну падачы заяў аб прыватызацыі такіх жылых памяшканняў застанецца каля 12 тысяч. Дарэчы, за 5 месяцаў сёлета наймальнікі падалі ў аддзелы прыватызацыі 1850 заяў. Пры гэтым, калі ў студзені было 229 жадаючых стаць уласнікамі дзяржаўнага жылля, дык у маі іх колькасць павялічылася больш чым у два разы. Бліжэй да канца тэрміну прыватызацыі грамадзяне актывізаваліся, але ажыятажу ўсё ж няма.  

    Сярод прычын, па якіх некаторыя наймальнікі дацягнулі з выкупам жылля да апошняга – адсутнасць неабходных дакументаў, неўзаконеная перапланіроўка. Бывае, што не ўсе, хто пражывае ў кватэры і мае роўныя правы валодання і карыстання ёю, згодныя на прыватызацыю або, да прыкладу, сваяк, чыя згода неабходна, з’ехаў за мяжу і яго цяжка знайсці. Часам не ўсіх задавальняе цана набыцця дзяржаўнага жылля ва ўласнасць. У выпадку, калі жыхары не згодныя з ацэначным коштам кватэры, якую разлічваюць камісіі выканкамаў з улікам яе спажывецкіх якасцяў у цэнах на дзень падачы заявы, то яны могуць звярнуцца ў ацэначную арганізацыю, каб тая вызначыла рыначны кошт жылога памяшкання за грошы будучых уласнікаў. У выніку, якая цана будзе ніжэй – ацэначная або рыначная – па той і правядуць прыватызацыю. Прычым у апошнім выпадку выдаткі на экспертызу рыначнай цаны кватэры вылічаць з сумы, па якой будзе выкуплена жылплошча.

    КОЛЬКІ КАШТУЕ?

    Канкрэтны кошт прыватызацыі жылля залежыць ад шматлікіх фактараў і вельмі індывідуальны, але, па назіраннях Аляксея Мартысюка, у асноўным сумы вагаюцца ў дыяпазоне 100-300 мільёнаў рублёў. За незалежнай экспертызай грамадзяне звяртаюцца, калі ацэначны кошт перавышае 500 мільёнаў рублёў. І былі выпадкі, калі рыначная цана аказвалася на 100-200 мільёнаў меншай. А вось нядаўна ў аддзел ЖКГ звярнулася незадаволеная брастаўчанка, кватэру якой плошчай у 49 квадратных метраў ацанілі ў 160 мільёнаў рублёў. Аднак рыначны кошт падобных апартаментаў у адпаведным раёне Брэста нават паводле папярэдніх падлікаў –  каля 600 мільёнаў рублёў. Таму спецыялісты ёй не рэкамендавалі настойваць на рыначнай ацэнцы, хоць, вядома, на гэта ў яе ёсць поўнае права.

    Варта адзначыць, што адразу неабходна ўнесці ўсяго 10 працэнтаў кошту кватэры, якая прыватызуецца. Астатняе – штомесяц роўнымі долямі на працягу не больш за 40 гадоў. Да прыкладу, калі жыллё каштуе 200 мільёнаў рублёў, то пасля аплаты першапачатковага ўзносу трэба плаціць каля 400 тысяч рублёў у месяц 40 гадоў. Пры гэтым прадаць, падарыць або памяняць кватэру можна толькі пасля поўнай аплаты. А вось калі заплаціць 10 працэнтаў сумы, то жылплошчу можна перадаць нашчадкам разам з запазычанасцю.

    ЗБІРАЕМ ДАКУМЕНТЫ

    Каб пачаць працэс прыватызацыі, трэба ў орган рэгістрацыі прынесці пашпарты наймальніка і паўналетніх членаў яго сям’і, а таксама ўсіх грамадзян, якія маюць роўнае з наймальнікам права валодання і карыстання жыллём, заяву, падпісаную гэтымі людзьмі, а калі хто-небудзь з іх адсутнічае – неабходна яго завераная ў натарыуса пісьмовая згода на прыватызацыю. Акрамя таго, у пакет дакументаў павінны ўваходзіць пасведчанні аб нараджэнні непаўналетніх дзяцей, дагавор найму, ордэр на кватэру, а таксама ў асобных выпадках некаторыя іншыя паперы. Рашэнне па заяве аб прыватызацыі выканкам прымае максімум на працягу месяца. Пры гэтым рашэнне дзейнічае год – за гэты час будучы ўласнік жылля павінен заплаціць хаця б 10 працэнтаў кошту кватэры і натарыяльна аформіць дагавор. У адваротным выпадку праз 12 месяцаў рашэнне выканкама страчвае сілу.

    АПОШНІ ШАНЦ

    Аляксей Вячаслававіч лічыць, што ўсе, хто яшчэ жадае набыць дзяржаўнае жыллё ва ўласнасць, у каго ў парадку дакументы і няма нязгодных з прыватызацыяй сваякоў і іншых асоб, чые подпісы абавязаныя стаяць на заяве, могуць паспець зарэгістраваць паперы для прыватызацыі да 1 ліпеня. Тым больш што спецыялісты аддзела ЖКГ у некаторых выпадках дапамагаюць паскорыць працэс афармлення неабходных дакументаў у асобных інстанцыях, дзе тэрміны разгляду папер рэгламентаваны. Даручана аддзелам прыватызацыі працаваць з 8 да 21 гадзіны без выхадных па 26 чэрвеня ўключна, а з 27 чэрвеня перайсці на графік працы з 6 да 24 гадзін.

    У ЛЮСТЭРКУ ЛІЧБАЎ

    Дзяржаўнае жыллё тых наймальнікаў, хто не стаў яго ўласнікам, з 1 ліпеня пяройдзе ў разрад камерцыйнага. Аднак штомесячная плата за карыстанне непрыватызаванай жылплошчай будзе ў 10 разоў меншая, чым памер стаўкі за жыллё, якое перайшло ў разрад арэнднага раней. Напрыклад, у Брэсце за арэнднае жыллё, акрамя камунальных плацяжоў, трэба плаціць 31500 рублёў за кожны квадратны метр, а за камерцыйнае – 3150 рублёў за “квадрат”. Такім чынам, плата за непрыватызаваную кватэру плошчай 50 квадратных метраў складзе 157,5 тысячы рублёў плюс камунальныя паслугі. Дарэчы, у іншых раёнах Брэстчыны “камерцыйны метр” будзе каштаваць і таго менш – ад 1260 да 2520 рублёў.

    Але і гэта яшчэ не ўсё. Аказваецца, некаторыя катэгорыі грамадзян, у прыватнасці, непрацуючыя адзінокія пенсіянеры і інваліды I і II групы, сем’і з дзецьмі-інвалідамі, Героі Беларусі і Савецкага Саюза ды іншыя могуць перавесці камерцыйнае жыллё ў разрад сацыяльнага і наогул не плаціць за арэнду. Нарэшце, наймальнікі аднапавярховых дамоў пры зносе будынкаў на 60 працэнтаў і больш могуць прыватызаваць іх бясплатна.

    Автор: Сяргей РЭКУЦНародная трыбуна

Комментарии (0)