01 Мая, 2024 Среда

"Развітанне з мільёнамі"

  • 27 июня 2016 Экономика Беларуская 0

    Дэнамінацыя ў пытаннях і адказах

    Мажліва, дэнамінацыя не выклікала б у нас столькі пытанняў, калі б не новыя тэхналогіі, якія стала ўвайшлі ў наша жыццё: безнаяўны разлік карткай, банкаматы, інфакіёскі, інтэрнэт-банкінг… У папярэднім нумары “ІВ” мы коратка спыніліся на некалькіх, скажам так, тэхнічных пытаннях дэнамінацыі, сёння мы больш падрабязна паспрабуем крануцца гэтай справы, адказаць на тыя пытанні, якія хвалююць ці могуць узнікнуць. Разабрацца ў іх нам дапамогуць Таццяна Кульгавеня, намеснік дырэктара ЦБП №111 філіяла 802 ААТ “АСБ Беларусбанк” (яна адказвае на пытанні, звязаныя з дзейнасцю банкаўскай сферы); Тамара Варабей, старшыня праўлення Івацэвіцкага спажывецкага таварыства (яна адкажа на пытанні, звязаныя з гандлем). Каб нам было зручней, дамовімся цяперашнія грошы называць старымі, а тыя, якія мы атрымаем узамен іх пасля дэнамінацыі – новымі.

    У банкаўскай сферы

    – Колькі наміналаў банкнот і манет будзе выпушчана ў абарачэнне? Якія яны?

    – Усяго 7 наміналаў банкнот і 8 наміналаў манет. Наміналы банкнот: 5, 10, 20, 50, 100, 200, 500 рублёў; наміналы манет: 1 кап., 2 кап., 5 кап., 10 кап., 20 кап., 50 кап., 1 руб., 2 руб.

    – У якіх суадносінах будзе праведзена дэнамінацыя грашовай адзінкі РБ?

    – Яшчэ раз нагадваем – 10000: 1.

    – Дзе можна абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя?

     – Да канца гэтага года будзе перыяд паралельнага абароту новых і старых грашовых знакаў. З 1 студзеня 2017 г. па 31 снежня 2019 г. старыя грошы можна будзе абмяняць на новыя ў Нацыянальным банку і ва ўсіх банках Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 2020 г. па 31 снежня 2021 – у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

    – Ці можа ажыццяўляцца прыём ад кліента адначасова новых і старых грошай?

    – Так, можа.

    – Якімі грашовымі знакамі будзеце выдаваць рэшту кліенту? Ці могуць выдаць частку новымі, частку старымі грошамі?

    – Выдача кліентам грашовай наяўнасці пры правядзенні банкаўскіх аперацый ажыццяўляецца ў грашовых знаках новага ўзору. У выключных выпадках, пры недастатковасцi новых грашовых знакаў, могуць выдавацца грашовыя знакі старога ўзору.

    – Якімі грашовымі знакамі будзе ажыццяўляцца загрузка банкаматаў?

    – Толькі банкнотамі новага ўзору.

    – У нас ёсць інфакіёскі з купюрапрыёмнікамі. Якія грашовыя знакі будуць прымацца ў іх?

    – Плануецца прыём грашовых знакаў як новага, так і старога ўзору.

    – Яшчэ пытанне адносна банкаматаў і інфакіёскаў: на іх табло будуць паказвацца якія сумы?

    – На табло адлюстраванне курсаў валют будзе ў дэнамінаваным выглядзе, а вось на сайце ў інтэрнэт-банкінгу інфармацыя будзе і ў старым выглядзе, і ў новым.

    – Ці чакаеце ажыятаж у першыя дні правядзення дэнамінацыі з-за жадання людзей хутчэй абмяняць грошы?

    – Па-першае, нагадаю жыхарам раёна аб працяглым тэрміне паралельнага абароту грашовых знакаў, спяшацца няма ніякага сэнсу. Па-другое, можна зараз размясціць грошы на банкаўскія ўклады, якія аўтаматычна пералічацца на новыя, а для таго, каб пазбегнуць блытаніны, старайцеся разлічвацца пластыкавай карткай у гандлёвых кропках.

    – Раскажыце, як зменяцца нашы ўклады і крэдыты?

    – У сувязі з правядзеннем дэнамінацыі беларускага рубля рэшткі грашовых сродкаў на дэпазітных рахунках і рэшткі дзеючых крэдытных дагавораў аўтаматычна будуць зменшаны ў 10 000 разоў. Дадам, ніякіх дзеянняў укладчыкаў ці крэдытаатрымальнікаў, ніякіх заяў і папер пісаць пры гэтым не трэба.

    – Як будзе працаваць у гэтыя бліжэйшыя дні Беларусбанк?

    – Раю кліентам да 29 чэрвеня завяршыць усе фінансавыя разлікі. 30 чэрвеня з кліентамі банк працуе да 12 гадзін, аднак за іншыя аддзяленні па ўкладных аперацыях работы здзяйсняцца не будуць.

    1 ліпеня з кліентамі банк не працуе.

    2 ліпеня банк працуе ў звычайным рэжыме, але зняць з укладных рахункаў за іншыя аддзяленні можна будзе толькі з 14:00.

    У гандлі

    – Тамара Мікалаеўна, жыхары раёна жывуць у прадчуванні дэнамінацыі і ўжо пачынаюць хвалявацца, як бы не заблытацца ў разліках пасля з’яўлення новых банкнот. Прапаную пагаварыць, якім чынам прыйдзецца разлічвацца ў магазінах пасля 1 ліпеня. Як доўга гандлёвыя аб’екты райста будуць прымаць банкноты старога ўзору? Якім чынам будзе выдавацца рэшта?

    – Я лічу, што хвалявацца не трэба, бо на адаптацыю да новых грошай дадзена ажно шэсць месяцаў – гэта дастаткова вялікі прамежак часу. Ніхто не прымушае літаральна за дзень развітацца з мільёнамі. Плацяжы ў гандлёвых аб'ектах будуць прымацца як новымі банкнотамі, так і старымі да 31 снежня 2016 года. Рэшта ў магазінах райста будзе выдавацца тымі грашыма, якія ёсць у касе – дазволена выдаваць яе і старымі, і новымі банкнотамі. Мне здаецца, самым складаным будзе прывыкнуць да карыстання манетамі – нават нашы кашалькі не разлічаны на гэта, як і касы ў магазінах. Паступова будзем мяняць касавае абсталяванне пад капейкі, хоць гэта і каштуе дорага.

    – Уявім сабе сітуацыю, што чалавек пазбавіўся ад старых купюр – абмяняў грошы ў банку. Яму не хочацца атрымліваць рэшту ў магазіне банкнотамі старога ўзору, але ў касе іншых грошай няма. Як быць у такой сітуацыі?

    – Чалавек не мае права адмовіцца браць рэшту купюрамі старога ўзору на той падставе, што ён проста не хоча. Плацяжы могуць весціся рознымі банкнотамі ажно да новага года. Акрамя таго, яшчэ пяць гадоў пасля дэнамінацыі старыя грошы можна будзе абмяняць у банку на новыя. Мінгандлю рэкамендуе пры магчымасці выдаваць рэшту новымі банкнотамі, каб старыя грошы як мага хутчэй вывесці з абароту. Мы будзем кіравацца гэтай рэкамендацыяй, на гэта нацэлены і банкі, але гэта ж справа не аднаго дня. Не думаю, што людзі ў першыя дні пасля дэнамінацыі пабягуць у банкі, каб абмяняць усе свае грошы – найхутчэй, некаторы час яны яшчэ будуць жыць па-старынцы, а таму і новыя банкноты выцясняць папярэднія не так хутка, як здаецца. Папрашу людзей ставіцца да прадаўцоў з разуменнем і не раздражняцца, калі ўзнікне сітуацыя, якую вы апісалі. А найлепш у пераходны перыяд разлічвацца пластыкавымі карткамі.

    – Дарэчы, пра карткі. Многія людзі ўжо прывыклі да безнаяўных плацяжоў і разлічваюцца з дапамогай пластыкавых картак. Ці не будзе замінак з прапанаваннем такой магчымасці ў магазінах райста пасля дэнамінацыі? У якім рэжыме будуць працаваць тэрміналы?

    – Разлік карткамі ў магазінах – гэта ідэальны варыянт. Па-першае, добра прадаўцам, бо не трэба даваць рэшту. Па-другое, усе тэрміналы з 1 ліпеня будуць пераведзены на “рублі, капейкі”, хоць каса яшчэ будзе працаваць у старым рэжыме. У каго яшчэ няма карткі, неадкладна выправіце становішча: гэта насамрэч зручна, і карыстацца карткай не так цяжка, як падаецца многім, асабліва пажылым людзям. Магчымасць разлічыцца па картцы ёсць амаль што ў кожным магазіне райста, у тым ліку і ў вёсках, тэрміналы ёсць у аўталаўках. Ніякіх замінак з разлікам па іх пасля дэнамінацыі не будзе.

    – Вы кажаце, “амаль што ў кожным магазіне”, а чаму не ў кожным?

    – Са 144 прадпрыемстваў гандлю райста тэрмінальнае абсталяванне ёсць у 113-ці, усяго 163 тэрміналы (у некаторых гандлёвых аб’ектах, дзе многа кас, іх па некалькі). Ва ўсіх 15 прадпрыемствах грамад-

    скага харчавання можна разлічыцца па картцы. Тэрміналаў няма толькі там, дзе гэта немэтазгодна – у малых магазінах з недастатковай выручкай, а іх у раёне 16. Патрабаванне банку – не менш за 30 млн рублёў нагрузкі на тэрмінал у месяц, а калі ў магазіне ўсяго за месяц такі тавараабарот, то аб чым можа ісці гаворка?

    – Касавае абсталяванне можа працаваць у адным з рэжымаў – ці “рублі”, ці “рублі, капейкі”. Чэкі старога ці новага ўзору будуць выдаваць магазіны райста пасля 1 ліпеня?

    – Пасля 1 ліпеня пакупнікі будуць атрымліваць чэкі старога ўзору, але касавае абсталяванне ўжо адаптавана і пасля дэнамінацыі пачнецца яго паступовы перавод на “рублі, капейкі”.

    – Ці ўсе магазіны сістэмы райста перайшлі на “падвойныя” цэннікі? Як хутка на іх зноў з’явіцца адна цана – у рублях і капейках?

    – Так, “падвойныя” цэннікі – у кожным нашым магазіне, а адна цана з’явіцца на іх з 1 студзеня 2017 года. Зроблена гэта для таго, каб людзі хутчэй прывыклі да новых цэн. Цяжка будзе прызвычаіцца, але да ўсяго чалавек прывыкае – прывыкне і да іншых грошай.

    – Ці можна будзе ў магазінах абмяняць старыя грошы на новыя?

    – Не, абмен можна здзейсніць толькі ў банках. Дарэчы, хачу прапанаваць людзям не мяняць усе грошы – пакіньце тое-сёе як сувенір, хутка гэта стане рэліквіяй. У Івацэвіцкім райста ёсць музей, дзе захоўваюцца многія банкноты рознага часу і іншыя прадметы, якія маюць гістарычную каштоўнасць. Там абавязкова з’явяцца тыя грошы, якія сёння мы яшчэ носім у кашальках.

    – У пераходны перыяд вялікая нагрузка кладзецца на плечы прадаўцоў, якія наўрад ці змогуць абслугоўваць пакупнікоў з той жа хуткасцю, што і да дэнамінацыі. А калі яны будуць спяшацца, то не выключаны памылкі… Гатовы ў магазінах вырашаць канфліктныя сітуацыі, якіх можа ўзнікаць значна больш? Як вы рыхтуеце сваіх работнікаў да работы ў новых умовах – ці праводзіцца для іх вучоба?

    – Мы перажываем за работу нашых прадаўцоў, матэрыяльна-адказных асоб – ім прыйдзецца няпроста. Неаднойчы на працягу года для іх праводзіліся вучобы, у тым ліку і з удзелам супрацоўнікаў банка. У магазінах гатовы вырашаць любыя канфлікты, але найлепш іх не дапусціць. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да пакупнікоў і папрасіць іх у пераходны перыяд праявіць максімум вытрымкі, спакою, увагі. Калі ласка, з разуменнем стаўцеся да сітуацыі, не прыспешвайце прадаўцоў. Мы таксама арыентуем работнікаў на тое, каб не спяшацца – любую іх памылку цяжка знайсці, а гэта прыводзіць да нястачаў. Па магчымасці разлічвайцеся пластыкавымі карткамі. Калі ж карыстаецеся наяўнымі грашыма, то пералічвайце рэшту, не адыходзячы ад касы. Паўтаруся: хвалявацца не трэба – у нас шмат часу, каб устаць на новыя рэйкі.

    Падрыхтавалі Валерый ГАПЕЕЎ і Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. 

    Автор: Валерый ГАПЕЕЎ і Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.Івацэвіцкі веснік

Комментарии (0)