19 Апреля, 2024 Пятница

Перадавікі “зялёнага жніва”

  • 09 июля 2016 Экономика Беларуская 0

    На нарыхтоўцы зялёных кармоў скончылася другая дзесяцідзёнка. Добра папрацавалі механізатары раёна на кашэнні, варашэнні і здрабненні траў, закладцы зялёнай масы ў траншэі і трамбоўцы. Згодна з умовамі спаборніцтва былі падведзены вынікі і вызначаны перадавікі раёна.

    У філіяле “Жодзішкі” трое рупліўцаў сталі абсалютнымі пераможцамі на жніве і двое занялі прызавыя месцы. Працуючы на касілцы памерам да шасці метраў, Валерый Алянцэвіч паказаў лепшы вынік і заняў першае месца. Усяго на некалькі гектараў менш скасіў Іван Бурыч, які заняў другое месца. Першае і другое месцы механізатары з філіяла “Жодзішкі” ўзялі на варушэнні і зграбанні траў. 729 га ўдалося прайсці Уладзіміру Вайнілку, ён стаў першым у раёне. З вынікам у 685 га скончыў другую дзесяцідзёнку Сяргей Мізула. Яму дасталося другое месца. Першым на трамбоўцы стаў Генадзь Дзямідаў. На “Амкадоры 352” яму ўдалося тэхналагічна закласці ў траншэю 4400 тон зялёнай масы. Павіншаваць перадавікоў “зялёнага жніва” на палеткі прыехалі старшыня райвыканкама Генадзь Харужык, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка, кіраўніцтва Смаргонскага камбіната хлебапрадуктаў. Да віншаванняў далучыўся і музычны калектыў з Жодзішак.

    Як паведаміў дырэктар філіяла “Жодзішкі” Уладзімір Шастак, у гаспадарцы першы ўкос скончылі ў канцы чэрвеня. Касілі ўсё, што толькі магчыма, нават няўдобіцу. У мінулым годзе грубыя кармы каштавалі амаль столькі ж, колькі збожжа, таму сёлета было вырашана назапасіць як мага больш – не толькі для ўласных патрэб, але і на продаж. Усяго плануецца нарыхтаваць больш за 20 тысяч тон сенажу. На сёння гэта лічба ўжо выканана на 60%.

    “Гаспадар павінен умець лічыць грошы,” – сцвярджае Уладзімір Шастак. Правёўшы разлікі, дырэктар прышоў да высновы, што трэба паступова адыходзіць ад вырошчвання кукурузы на сілас. Вельмі шмат увагі і матэрыяльных затрат патрабуе “каралева палеткаў”. У наступным годзе плануецца значна скараціць пасяўныя плошчы кукурузы і павялічыць сяўбу адналетніх траў. Такія культуры, як канюшына, люцэрна, за год даюць два ўкосы і патрабуюць мінімальных угнаенняў і сродкаў аховы.

    Сёння гаспадаркі раёна ўжо рыхтуюцца да пачатку жніва. Пасля 10 ліпеня камбінат хлебапрадуктаў пачне прымаць першыя ўраджаі – насенне рапса. Матэрыяльна-тэхнічная база прадпрыемства поўнасцю падрыхтавана да пачатку гарачай пары.

    Автор: Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯСветлы шлях

Комментарии (0)