25 Апреля, 2024 Четверг

Выратавальны круг для СЗТА

  • 10 августа 2016 Экономика Беларуская 0

    На мінулым тыдні Салігоршчыну наведаў старшыня Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. Перш-наперш Міхаіл Уладзіміравіч пабываў у закрытым акцыянерным таварыстве “Салігорскі завод тэхналагічнага абсталявання”.

    Варта адзначыць, што за апошні год гэтае прадпрыемства апынулася на мяжы банкруцтва. Віной таму, паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, стала недальнабачная палітыка акцыянераў ЗАТ, якімі з’яўляюцца дваццаць адна фізічная асоба. У тым ліку, былы дырэктар завода (яму належыць больш трыццаці працэнтаў акцый) і дырэктар цяперашні (каля дваццаці працэнтаў).

    Дык вось, акцыянеры не ўкладвалі сродкі ў мадэрнізацыю і тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці, не займаліся дыверсіфікацыяй выпускаемай прадукцыі і рынкаў яе рэалізацыі. Асноўным заказчыкам прадпрыемства ўвесь час было ААТ “Беларуськалій”: у яго адрас адпраўлялася амаль дзевяноста працэнтаў вырабаў завода.

    Прадпрыемства ж спецыялізуецца на праектаванні (тут маецца ўласны канструктарскі аддзел), выпуску, мантажу і сервісным абслугоўванні рознага абсталявання. Сярод вырабаў ЗАТ — самаходныя перагружальныя канвеерныя комплексы, лентачныя і вінтавыя канвееры, барабанныя змешвальнікі, бараметрычныя апараты, машыны пеннай сепарацыі і іншая нестандартная апаратура.

    Сёе-тое са згаданага “Беларуськалій” заказаў і сёлета. Увогуле партфель заказаў завода “цягне” прыкладна на дваццаць мільярдаў недэнамінаваных беларускіх рублёў. Але… Але ці можна вырабіць усё тое заказанае?! У прадпрыемства няма абаротных сродкаў, каб набыць патрэбныя матэрыялы і камплектуючыя. Папоўніць “абаротку” за кошт банкаўскіх крэдытаў немагчыма: крэдыторская запазычанасць ЗАТ і так вымяраецца астранамічнай сумай – дадатковых грошай ніякі банк не дасць. Акрамя таго, ёсць і іншыя даўгі: напрыклад, каля двух з паловай мільярдаў недэнамінаваных рублёў СЗТА завінаваціўся перад бюджэтам — па падатках, сямсот мільёнаў -                   за спажыванне  электраэнергіі.

    Карацей кажучы, самастойна з фінансавай ямы завод не зможа выбрацца. Каб дакладней разабрацца ў сітуацыі, Міхаіл Мясніковіч азнаёміўся са спецыфікай дзейнасці СЗТА, прайшоўшы па цахах прадпрыемства і выслухаўшы тлумачэнні цяперашняга дырэктара Юрыя Траяна, сустрэўся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву. Размаўляючы з рабочымі (а іх у ЗАТ засталося крыху больш ста сямідзесяці чалавек), Міхаіл Уладзіміравіч адзначыў, што дзяржава не адмахваецца ад праблем завода, аднак у першую чаргу трэба сур’ёзна папрацаваць з акцыянерамі.

    — У падобным становішчы неабходна дзейнічаць аж да таго, — сказаў старшыня верхняй палаты беларускага парламента, — каб праз суд забраць у іх акцыі. Калі ж высветліцца, што прадпрыемства разараецца па віне акцыянераў, трэба перадаць матэрыялы ў праваахоўчыя органы. Неабходна, каб акцыянеры адказалі па ўсёй строгасці закона, чаму дапусцілі такую бяду. Гэта будзе добрым урокам усім падобным гора-ўладальнікам у маштабах усёй нашай краіны. Такі падыход лічу апраўданым: завод жа некалі акцыяніраваўся з дзяржаўнай маёмасці.

    Міхаіл Мясніковіч заверыў, што ўлады разумеюць патрэбу ў аказанні дапамогі работнікам СЗТА, трапіўшым у складаную сітуацыю не па сваёй ахвоце. Але і калектыў прадпрыемства павінен нацэліцца на рашэнне задач па дыверсіфікацыі вытворчасці, павелічэннi вытворчасці працы і павышэннi якасці выпускаемай прадукцыі.

    Пасля Міхаіл Уладзіміравіч абмяркоўваў шляхі дасудовага фінансавага аздараўлення (магчыма, з прымяненнем санацыі або частковай санацыі) СЗТА з намеснікам старшыні аблвыканкама Алегам Плаўскім, намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы Людмілай Цыбулёнак, генеральным дырэктарам ААТ “Беларуськалій” Іванам Галаватым, кіраўніцтвам ЗАТ. Наконт прынятых мер калектыў завода будзе праінфармаваны крыху пазней.

    Потым старшыня Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны наведаў ААТ “Беларуськалій”, пабываў на пляцоўцы, дзе ўзводзіцца новы дзіцячы сад па заказе калійнага гіганта.

    Фота: Мінская праўда

    Автор: Сяргей КВІТКЕВІЧШахцёр

Комментарии (0)