24 Апреля, 2024 Среда

Поспех любіць настойлівых

  • 12 августа 2016 Экономика Беларуская 0

    Вясна бягучага года вызначылася замаразкамі, а пачатак лета – засушлівым перыядам, калі на працягу прыкладна трох тыдняў не назіралася дажджоў. Гэтыя прыродныя з’явы нанеслі сур’ёзную шкоду зерневым, прынамсі, у СВК “Квасевічы”, скажам прама, разлічвалі на іншыя паказчыкі ўраджайнасці. Сярэдні паказчык на фінішы ўборачнай – каля 47 цэнтнераў з гектара; ён застаўся прыкладна на ўзроўні мінулага года, што, канешне, не можа задавальняць кіраўніцтва гаспадаркі, якое традыцыйна ставіць перад сабой самыя амбіцыйныя задачы.

    – Прытрымліваліся традыцыйных тэхналагічных норм, кіраваліся напрацоўкамі, што выкарыстоўваем многа гадоў; вытрымалі баланс угнаенняў, правялі падкормкі, хімічныя праполкі. Але надвор’е, як вы можаце ўпэўніцца, уносіць вельмі сур’ёзныя карэктывы, – расказвае Дзмітрый Пузыновіч, галоўны аграном гаспадаркі, з якім мы сустрэліся ў мінулы панядзелак на палетках каля в. Альшаніца, дзе літаральна кіпіць работа. – Звярну ўвагу, што ўраджайнасць яравога ячменю сорту “Скальд”, былі гады, атрымлівалі не меней за 80 цэнтнераў з гектара; сёлета ўраджайнасць “Скальду” прыкладна ў два разы ніжэйшая. Хаця, паўтаруся, тэхналогія поўнасцю аналагічная той, што выкарыстоўвалася год, два таму… Вось да чаго можа прывесці халодная, без ападкаў вясна…

    Трэба адзначыць, што жніво ў сельгаспрадпрыемстве праходзіць у штатным рэжыме. Ніякай “надзвычайнасці” ў нас няма і не можа быць, падкрэслівае Дзмітрый Пузыновіч. Экіпажы камбайнераў сфарміраваныя даўно, мужчыны сталі адной камандай, нікога не трэба ўгаворваць, падштурхоўваць. Увогуле, работы на палетках СВК “Квасевічы” праводзяцца комплексна, назіраецца своеасаблівы палявы “канвеер”, дзе жніво – адзін з важных пунктаў, але не болей за тое. Так, зараз механізатарамі гаспадаркі праводзіцца падрыхтоўка плошчаў пад сяўбу азімага рапсу, звозіцца салома, уносяцца гербіцыды… Далёка не толькі жнівом жыве ў гэтыя дні сельгаспрадпрыемства.

    – Уборачная суправаджаецца дажджамі, яны крыху запаволілі тэмп работ, але гэта былі вельмі патрэбныя ападкі, – звяртае нашу ўвагу галоўны аграном. – Радуюць палі, дзе праведзена перазалужэнне: дзякуючы даж-джам травы дружна пайшлі ў рост. Прыемна зірнуць на кукурузныя палі – у мінулым годзе гэтая культура моцна пацярпела ад засухі, а зараз яна месцамі вышынёй у два росты чалавека. Хаця, не будзем забягаць наперад, уборка яе ўсё пакажа…

    З самага лепшага боку зарэкамендавалі сябе ў гэтыя гарачыя дні такія работнікі гаспадаркі, як Сяргей Кукса, Аляксандр Голуб, Мікалай Крыштопчык, сямейны экіпаж Шчасных, Сяргей Голуб, Уладзімір Шчытляк, Зоя Казімірчык… Кіраўніцтва гаспадаркі выказвае падзяку вадзіцелю Івану Доўсце, які працуе ў райспажыўтаварыстве, а на час жніва ўзяў водпуск – і перавёз на аўтамабілі “МАЗ” 1200 тон зерня – дастойны паказчык! Дарэчы, камбайнеры сельгаспрадпрыемства на маё пытанне наконт таго, ці вядзецца ўнутранае спаборніцтва паміж экіпажамі, трапна адказалі: “Мы не спаборнічаем, мы ўбіраем палі”. Застаецца дадаць, што дзяржзаказ СВК “Квасевічы” выкананы на 100 працэнтаў.

    Аляксандр ГОРБАЧ,

    Валерый МІСКЕВІЧ (фота). 

    Автор: Аляксандр ГОРБАЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)