28 Марта, 2024 Четверг

Паспець да расы

  • 23 августа 2016 Экономика Беларуская 0

    Хлеб яшчэ на полі. Напярэдадні выхадных — раніцой у пятніцу — у дыспетчарскую ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама паступілі звесткі, што сельгаспрадпрыемствамі раёна ўбрана крыху больш за палову пасеяных збожжавымі і зернебабовымі культурамі плошчаў. Напярэдадні, калі ішоў дождж, агульнымі намаганнямі за дзень хлебаробы раёна намалацілі ўсяго 85 тон збожжа.

    Дажджлівае надвор’е аказала ўплыў на тэмпы ўборкі хлеба і на якасць збожжа. Але, нягледзя­чы на прычыны, перад аграрыямі стаіць задача — да апошняга каласка ўбраць з палёў хлебны ўраджай 2016 года. 

    У пятніцу пасля паўдня, як толькі прыгрэла сонейка і з’явілася магчымасць малаціць, выехалі ў поле камбайнеры і ва­дзіцелі ДП «Астроўшчына». Працаўнікі гэтай гаспадаркі план уборкі ўжо выканалі на 76 працэнтаў, пры сярэдняй ураджайнасці 23,6 ц/га намалацілі паўтары тысячы тон залатога збожжа.

    Дырэктара гаспадаркі Аляксандра Ярахновіча, тры экіпажы камбайнераў і вадзіцеляў мы напаткалі ва ўрочышчы Мушына. Тут на плошчы 40 гектараў пасеяны ячмень.

    — З-за дажджу пасевы кладуцца, пачынаюць прарастаць, камбайны буксуюць, — тлума­чыць абстаноўку дырэктар. — Але вопыт механізатараў бярэ сваё, убіраем больш высокія ўчасткі, людзі працуюць вынікова, нікога не трэба прымушаць. Задзейнічаны на ўборцы тыя, хто сеяў, апра­цоўваў глебу. Калі надвор’е спрыяе, выязджаюць у поле, як толькі спадзе раса, і працуюць, пакуль яна зноў не з’явіцца.

    Працаўнікі Астроўшчын­ы сёлета першымі ў раёне прыступілі да ўборкі збожжавых. Гаспадарка — адна з буйных у Полацкім раёне, сяльчанам належыла ўбраць плошчу 835 гектараў. Адразу ўзялі добры тэмп 6 камбайнаў, але дождж унёс у іх планы свае карэктывы. Пачалі ўборку з азімай пшаніцы, потым падышлі ячмень і жыта. Пасля яравога ячменю — чарга яравой пшаніцы. Дырэктар гаспадаркі расказаў, што тэрыторыя ДП «Астроўшчына» — вялікая, глеба паўсюль розная, культуры паспяваюць не адначасова. Паколькі збожжа павышанай вільгаці  — з поля яго вязуць спачатку на сушылку (іх тры ў гаспадарцы), а ўжо потым — на камбінат хлебапрадуктаў. 

    Калі мы хацелі даведацца, хто з механізатараў гаспадаркі — перадавік, Аляксандр Ярахновіч упэўнена адказаў: «Пра любога пішыце, кожны — дастойны!». Таму вырашылі сфатаграфаваць у газету ўсіх, хто ўступіў у барацьбу за ўра­джай. Мена­віта ў барацьбу з надвор’ем. У дні непагадзі мужчыны выязджалі ў поле на 2-3 гадзіны, каб убраць хоць нешта.

    На некалькі хвілін спынілася праца. Перад намі — адказныя, працавітыя хлебаробы ДП «Астроўшчына». Мы ўбачылі нашых добрых знаёмых, з якімі су­стракаемся ў полі не першы год, і зусім маладых працаўнікоў, якія робяць першыя крокі ў прафесію. Самы малодшы з іх — Ларыён Шынкевіч, памочнік камбайнера, — вучань 10 класа Шпакоўшчынскай СШ. Працуе на ўбо­рачнай другі год. Хлопец расказаў, што з ім правялі інструктаж па тэхніцы бяспекі, ён добра ведае свае абавязкі. Праца на жніве прыносіць яму задавальненне. Яшчэ адзін юнак — Яўген Смірноў. Скончыў школу ў мінулым годзе, сёлета паступіў на вучобу ў Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Але пакуль пачнецца верасень — ён паспее па­працаваць памочнікам камбайнера, зарабіць грошай на свае патрэбы. Хлопец расказаў, што прафесію хлебароба выбраў свядома, плануе з ёй звязаць свой лёс. 

    P.S: Калі нумар рыхтаваўся да друку, у ДП «Астроўшчына» было ўбрана 85% плошчы збожжавых культур.

    На фота (злева направа): памочнікі камбайнераў Міхаіл Мароз, Ларыён Шынкевіч, камбайнеры Руслан Румо, Сяргей Ярахновіч, памочнік камбайнера Леанід Струкаў, вадзіцель Аляксандр Шамёнак, камбайнеры Леанід Станкевіч, Міхаіл Кальцоў, памочнік камбайнера Яўген  Смірноў, вадзіцель Анатоль Мяжнін, дырэктар гаспадаркі Аляксандр Ярахновіч.

    Автор: Алина БольшаковаПолацкі веснік

Комментарии (0)