29 Марта, 2024 Пятница

Пасяджэнне савета дырэктараў прайшло на Смаргонскім малаказаводзе

  • 26 августа 2016 Экономика Беларуская 0

    Чарговае пасяджэнне савета дырэктараў прайшло на мясцовым малаказаводзе. Яно было не раённага маштабу, а абласнога. У мерапрыемстве ўдзельнічалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук, генеральны дырэктар ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Гроднамясамалпрам” Віктар Розель, старшыня Смаргонскага райвыканкама Генадзь Харужык, кіраўнікі мясамалочнай прамысловасці Гродзенскай вобласці. Абласны савет дырэктараў, як і раённы, праводзіцца адзін раз у месяц і ў розных раёнах.

    Спачатку была невялікая экскурсія па малаказаводзе. Папярэдне дырэктар гэтага прадпрыемства Аляксандр Курлоў коратка расказаў аб вытворчасці. Для вырабу натуральнамалочнай прадукцыі за дзень перапрацоўваецца каля 75 тон малака. Для вытворчасці тварагу паступае 12,5 тоны гэтай сыравіны і 30 тон – на “натуральнамалочку”, вырабляецца ад 15 да 30 тон масла, каля 25 тон сухога абястлушчанага малака. На прадпрыемстве працуюць дзве сушылкі. Адна была ўстаноўлена даўно і мадэрнізавана ў 1991 годзе, другую, новую, увялі ў эксплуатацыю тры гады таму. Для вырабу натуральнамалочнай прадукцыі выкарыстоўваецца самая лепшая сыравіна, атрыманая з гаспадарак. Таму смятана, масла, тварог, малако і кефір атрымліваюцца добрай якасці. Натуральнамалочная прадукцыя рэалізоўваецца як на тэрыторыі нашага, так і суседніх Астравецкага, Ашмянскага і Маладзечанскага раёнаў.

    Удзельнікі савета дырэктараў пабывалі ў вытворча-тэхналагічнай лабараторыі, дзе вызначаецца якасць сыравіны, якая паступае на малаказавод. Трэба адзначыць, што аўтамабілі спачатку праязджаюць праз мыйку, таму на дваровай тэрыторыі, як і ў цэхах, чыста і акуратна. Для прыёму малака зроблены 4 пункты. Заезд у адзін з іх мае паглыбленне, нібы ўваход у метро. Гэта зроблена для таго, каб праз вароты бесперашкодна маглі патрапіць у памяшкане аўтамабілі вялікай грузападымальнасці.

    Кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў зацікавіла кацельня смаргонскага малаказавода. Тут устаноўлена нямецкае абсталяванне. Раней жа цепланосьбіт прыходзілася браць з гарадской кацельні, якая знаходзіцца на тэрыторыі завода аптычнага станкабудавання, плаціць за гэта немалыя грошы.

    Сёлета ў трэцім квартале плануецца здаць у эксплуатацыю лінію па згушчванні малака прадукцыйнасцю 2 тоны 300 кілаграмаў за гадзіну. Згушчанае малако будзе падавацца ў сушылку, якая знахо-дзіцца ў сумежным памяшканні. Цяпер на лініі згушчвання манціруецца абсталяванне, выконваюцца іншыя работы.

    Да трыбуны – са справаздачай

    Адкрываючы пасяджэнне савета дырэктараў генеральны дырэктар ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Гроднамясамалпрам” Віктар Розель адзначыў, што і надалей увага будзе надавацца эканамічнай эфектыўнасці работы кожнага прадпрыемства. Неабходна не толькі з найменшымі затратамі перапрацоўваць сыравіну, але і атрымліваць з яе высакаякасную прадукцыю для паспяховай рэалізацыі на ўнутраным і знешнім рынках.

    Віктар Зыгмундавіч паведаміў аб тым, як спрацавалі прадпрыемствы за папярэднія месяцы. Выконваюцца паказчыкі па холдынгу, хаця на некаторых прадпрыемствах не стопрацэнтна. Не адужаны па аднаму, два, а то і тры паказчыкі за студзень-ліпень. “Сітуацыю неабходна папраўляць у другой палове года”, — сказаў першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук.

    Ёсць праблемы з разлікамі за пастаўленую прадукцыю. У прыватнасці, дрэнна разлічваецца аблспажыўтаварыства з прадпрыемствамі мясамалочнай галіны, таму яны не могуць заплаціць падаткі ў бюджэт. Як адзначыла генеральны дырэктар ААТ “Молочный мир” Марына Анікеева, кіраўніцтва аблспажыўтаварыства неаднаразова парушала раней прынятыя пагадненні і дамоўленасці. І калі прадпрыемства, якое яна ўзначальвае, не мае знешняй запазычанасці, то ўнутраная ёсць. Прычым, з прыватнымі гандлёвымі прадпрыемствамі па разліках за пастаўленую прадукцыю парадак у асноўным наведзены, не зроблена гэта толькі з аблспажыўтаварыствам.

    Справаздачу прыйшлося трымаць намесніку старшыні аблспажыўтаварыства, але ён не змог суцешыць таваравытворцаў, спаслаўшыся на праблемы сваёй арганізацыі. Таму былі выказванні аб пастаўках прадукцыі толькі тым гандлёвым прадпрыемствам, якія своечасова разлічваюцца.

    Пасля гэтага заслухалі справаздачы кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія маюць нездавальняючыя паказчыкі фінансава-эканамічнай дзейнасці. У прыватнасці, недастаткова эфектыўна працуе Ваўкавыскі “Беллакт”. Звяртаючыся да кіраўніка гэтага прадпрыемства, генеральны дырэктар ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Гроднамясамалпрам” Віктар Розель сказаў: “Калі вы згодны пры нашай дапамозе перабудаваць сваю работу, то давайце шукаць шляхі выхаду з няпростай сітуацыі. Летась дэталёва была разгледжана дзейнасць Шчучынскага масласырзавода. Адміністрацыя і працоўны калектыў прынялі да ведама заўвагі, і справы на гэтым прадпрыемстве палепшыліся. Калі ж вы не прыслухаецеся да нашых прапаноў, то ў нас хопіць паўнамоцтваў для прыняцця адпаведных рашэнняў. Пакуль жа прапаноўваю па выніках работы за 6 месяцаў прыцягнуць дырэктара “Беллакта” да дысцыплінарнай адказнасці. Пры падвядзенні вынікаў работы за 9 месцаў будзе бачна, якія меры неабходна прымаць далей”.

    Автор: Юрый ЯНУШКЕВІЧСветлы шлях
    Теги: 

Комментарии (0)