26 Апреля, 2024 Пятница

Кварталы забудовы: што павінен ведаць забудоўшчык?

  • 13 сентября 2016 Экономика Беларуская 0

    За апошнія 10 гадоў Івацэвічы змяніліся непазнавальна. Колькасць прыватных дамоў у мікрараёнах забудовы павялічылася настолькі, што кіраўніцтва нашага раёна сутыкнулася з наступнай праблемай: Івацэвічам няма куды больш расці, усе кварталы і мікрараёны ў гарадской рысе “захоплены” забудоўшчыкамі. 

    Андрэй Рэгес, намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама.

    Ірына Іванова, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Івацэвіцкага райвыканкама, галоўны архітэктар.

    Наталля Радзівонава, начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама.

    Зразумела, такое маштабнае будаўніцтва не можа не выклікаць пытанняў ад лю-дзей, што ўзводзяць дамы, ад зацікаўленых службаў… Пытанні паступаюць і ў рэдакцыю “ІВ” – людзі цікавяцца наконт добраўпарадкавання, будаўніцтва камунікацый, непакояцца, што некаторыя ўчасткі размешчаны ў нізкіх месцах, а гэта пагражае падтапленнямі... 

    У ходзе “круглага стала”, што праведзены раёнкай, мы пастараліся адказаць на пытанні, што ставіць жыццё перад забудоўшчыкамі. Удзельнікі: Андрэй Рэгес, намеснік старшыні райвыканкама; Ірына Іванова, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, галоўны архітэктар; Наталля Радзівонава, начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама.

    Кар. “ІВ”: 

    – Пачнём з аднаго з апошніх зваротаў у “ІВ”. Наш чытач, які ўзвёў дом на вул. Букшты ў мікрараёне “Заходні-3” Івацэвічаў, абураецца, што іншыя ўчасткі не абкошваюцца, як і плошчы, што прылягаюць да вуліцы Букшты.

    Ірына Іванова: 

    – Вы закранулі пытанне, якое востра стаіць у апошнія гады. Атрыманыя для забудовы ўчасткі выкарыстоўваюцца вельмі па-рознаму. Хтосьці за некалькі месяцаў уздымае гмах, а хтосьці ніяк не возьмецца за работу. Як вынік, паўстае пытанне аб канфіскацыі ўчастка. Можна зразумець самыя розныя фактары, бо ў кожнага розныя даходы, але абкасіць свой участак, прабач-це, павінен кожны, а не дапускаць, каб там гаспадарылі бур’ян і пустазелле. Паўтаруся, у падобных выпадках прадугледжана канфіскацыя ўчастка (калі забудоўшчык за год не прыступіў да работ), гэтая мера прымяняецца ў нашым раёне. І яшчэ. Некаторыя забудоўшчыкі не звяртаюць увагу на адзін важны нюанс: атрымаўшы зямельны ўчастак для ўзвядзення і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома, гаспадар павінен звярнуцца ў службу “Адно акно” райвыканкама, каб атрымаць дазвол на праектаванне. Каб атрымаць кансультацыю наконт таго, як, дзе і што можа быць размешчана на ўчастку, трэба звяртацца ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама... 

    Многія лічаць інакш: вось я ўчастак зямельны атрымаў – цяпер можна працаваць. Але выдзяленне зямельнага ўчастка яшчэ не значыць, што можна ўзводзіць дом або іншыя прыбудовы – трэба звярнуцца ў структуры, пра якія я гаварыла вышэй. Фарміруецца пашпарт забудоўшчыка – пакет дакументаў, які павінен быць у кожнага, хто атрымаў зямельны ўчастак. Перш чым пачаць забудову прыватнага ўчастка (маецца на ўвазе гаражы, бані і інш.), важна разлічыць, на якой адлегласці ад плоту суседзяў будуць яны размяшчацца. Але ў любым выпадку не трэба баяцца атрымаць кансультацыю, бо дазвол трэба атрымліваць на любую пабудову – што ў горадзе, што ў вёсцы (вяскоўцы павінны звяртацца ў сельсаветы). Многія “забываюць” гэта рабіць, а пасля наўздагон выпраўляюць тое, што можна было зрабіць без парушэнняў.

    Наталля Радзівонава:

    – Я яшчэ заўважу, што часам грамадзяне бяруць участкі “ў запас”, маўляў, пасля не будзе так блізка ад цэнтра горада або “ўсе бяруць і я вазьму”. Пры гэтым забудоўшчык не ўлічвае свае фінансавыя магчымасці. Як вынік, на такім участку доўга ніхто не бярэцца за работу. Мы вымушаны забіраць іх (за 2015 год канфіскаваны шэсць, за першую палову 2016 – тры ўчасткі). Не ўсе ведаюць, што пасля канфіскацыі грамадзянін, які атрымаў участак, як асоба, што мае ў гэтым патрэбу, губляе права на бясплатнае атрыманне новага ўчастка; цяпер ён можа яго толькі купіць – права на яго атрыманне можа быць рэалізавана толькі адзін раз. Вось сітуацыя: у нашу службу некалькі гадоў таму звярнулася жыхарка Івацэвічаў, маці дваіх дзяцей, з просьбай выдзеліць участак для будаўніцтва. Атрымаўшы, яна за некалькі гадоў, як кажуць, палец аб палец не ўдарыла. Мы вымушаны былі канфіскаваць участак. Цераз некалькі гадоў гэтая жанчына нарадзіла трэцяе дзіця, стала шматдзетнай, атрымала крэдыт на будаўніцтва і зноў звяртаецца да нас, але мы ўжо не маглі выдзеліць ёй участак – яна сваё права скарыстала. Участак ёй прыйшлося купляць. 

    Дарэчы, нават калі чалавек зменіць месца жыхарства, пераедзе ў Бярозу, Баранавічы, Брэст, то і там не зможа прэтэндаваць на бясплатнае атрыманне ўчастка, калі сваё права на атрыманне ўчастка ён ужо рэалізаваў. Застаецца дадаць, што ў Івацэвічах за апошнія гады выдзелена больш за 600 участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома, а ў чарзе стаіць каля 100 грамадзян, якія жадаюць атрымаць участак. 

    Кар. “ІВ”:

     – Паступаюць скаргі ад забудоўшчыкаў, якія ўзводзяць дамы ў мікрараёне “Паўднёвы Захад” (непадалёку ад Міхнавічаў), там назіраецца натуральнае паніжэнне мясцовасці, людзі будуюць дамы ў даволі нізкім месцы, пасля дажджоў стаіць вада… Фундамент новых дамоў “прывязваюць” да “нуля”, а той нуль месцамі на 2-метровай вышыні… Няма і камунікацый.

    Наталля Радзівонава:

    – Распрацоўваючы квартал забудовы “Паўднёвы Захад”, мы кіраваліся генеральным планам развіцця Івацэвічаў. Гэты квартал сапраўды, так бы мовіць, неадназначны, але тут ёсць некалькі “але”. Па-першае, грамадзяне мелі выбар – будаваць у гэтым месцы ці, напрыклад, у нейкім іншым, бо кожнаму з іх прапаноўваліся розныя варыянты: атрымаць участкі ў Стайках, у вёсцы Воля – у населеных пунктах, якія фактычна злучыліся з горадам. Адмова ад участка не значыць, што пасля чалавеку не будзе такая магчымасць больш прадстаўляцца. Такім чынам, кожны ведаў і бачыў, што некаторыя ўчасткі тут у нізкіх месцах, і мог адмовіцца. Па-другое, кожны атрымальнік участка ў мікрараёне забудовы “Паўднёвы Захад” быў папярэджаны: сёння дазволена прадстаўляць участкі без мінімальнай інфраструктуры; некаторыя камунікацыі тут будуць праводзіць пазней, гэта не забаронена законам. 

    Андрэй Рэгес: 

    – Квартал забудовы “Паўднёвы Захад” тройчы накіроўваўся на тэхнічны савет у Брэсцкі аблвыканкам. І ўсё ж такі было прынята рашэнне дазволіць праводзіць тут забудову… Што тычыцца будаўніцтва камунікацый… Дадзеныя работы рэгулююцца памерамі асігнаванняў, якія выдзяляюцца абласным і рэспубліканскім бюджэтамі на будаўніцтва камунікацый прапарцыянальна і ў адпаведнасці з колькасцю кварталаў забудовы і ўчасткаў. На пачатак бягучага года, каб давесці ўсе кварталы забудовы ў Івацэвіцкім раёне да нармальнага стану – гэта падвесці і закончыць работы з сеткамі электра- і водазабеспячэння, пракласці дарогі з пясчана-гравійнай сумессю –  патрабавалася каля 40 мільярдаў недэмінаваных рублёў. У бягучым годзе выдзелена на гэтыя мэты 11 мільярдаў рублёў – і гэта з улікам таго, што мы ў 2016-м годзе ўжо ўвялі ў эксплуатацыю два шматпавярховыя дамы дзяржзаказу – 40-кватэрны і 24-кватэрны.  Таксама ў 2015 годзе павінны быць уведзены ў эксплуатацыю і пяць дамоў у сельскай мясцовасці (адзін ужо ўведзены). Гэтыя дамы забяспечваюцца інфраструктурай у першую чаргу, пасля, па астатачным прынцыпе, фінансуюцца кварталы забудовы. І яшчэ. Не ўсе ведаюць, што некалькі гадоў назад прынята пастанова Савета Міністраў, паводле якой будаўніцтва сетак каналізацыі вядзецца толькі за сродкі грамадзян. Гэта каштуе сур’ёзных грошай; да прыкладу, калі ў раёне забудовы “Паўднёвы Захад” забудоўшчыкі пажадаюць пабудаваць каналізацыйную сетку, то абыдзецца яна кожнаму гаспадару домаўладання прыкладна ў 30-35 мільёнаў недэмінаваных рублёў. Што тычыцца іншых работ, то не выключана, што ў дадзены квартал забудовы ў бягучым годзе будзе праведзена вада.       

    Ірына Іванова:

    – “Паўднёвы Захад” – вельмі няпросты раён забудовы, і так званы нуль – кропка, на ўзроўні якога павінен быць фундамент, тут даволі высока – месцамі больш за два метры ад глебы. Гэта значыць, патрабуюцца дадатковыя расходы… Паўночная частка гэтага квартала сапраўды ў даволі нізкім месцы, але жадаючых атрымаць участак гэта не спыніла. Пасыпаліся пасля скаргі, але я паўтару словы Наталлі Ра-дзівонавай: інфраструктура, як паведамлялася кожнаму, будзе праводзіцца пазней.

     Так, тут сапраўды магчымы падтапленні, і каб праблема стаяла не так востра, мы разглядаем некалькі варыянтаў, сярод якіх – будаўніцтва ў дадзеным квартале забудовы пажарнага вадаёма, які “сцягваў” бы ваду ў выпадку дажджоў. Але як рэалізаваць гэтую ініцыятыву, калі ўсе ўчасткі разабралі? Разглядаем магчымасць прадастаўлення гаспадарам участкаў, што размешчаны ў нізіне, участкі ў іншых месцах, а на гэтых месцах стварыць пажарны вадаём… Гэта толькі адзін з варыянтаў.  

    Андрэй Рэгес:

    – Я асабіста настаяў на тым, каб на кожнай апоры лініі электраперадач квартала забудовы “Паўднёвы Захад” былі пазнакі “нуля” – умоўнага ўзроўню, ніжэй якога не можа быць фундамент дома. На адным участку дадзенага квартала, у нізкім месцы, гэта сапраўды каля 2-х метраў ад глебы, але, прабачце, сілай ніхто нікога не прымушаў тут браць участкі. Не здзіўлюся, што пасля моцных дажджоў ад жыхароў гэтага квартала пойдуць скаргі, але, упэўнены, скардзіцца будуць тыя, хто не стаў прытрымлівацца нашых рэкамендацый.  

    Кар. “ІВ”: 

    – Адзін з нашых чытачоў-забудоўшчыкаў звярнуў увагу, што сутыкнуўся з праблемамі, калі пасадзіў дрэўца каля плоту…

    Ірына Іванова:

    – Людзі ў нас насамрэч вельмі схільныя да непатрэбнай самадзейнасці. Будуе дом, паставіў плот, пасадзіў рабінку за плотам… А калі там ідуць камунікацыі? З нечым падобным мы сутыкнуліся на вул. М. Танка ў Івацэвічах, людзі думалі, што робяць добрую справу, а насамрэч яны ствараюць праблемы розным службам. Атрымалася анекдатычная сітуацыя: хтосьці садзіць, а хтосьці следам ідзе і выкопвае… Што тычыцца пасадкі дрэў і іншых раслін на сваім участку, то тут трэба прытрымлівацца нарматываў, якія абмяжоўваюць пасадку дрэваў у залежнасці ад межаў зямельнага надзела: высакарослыя, вышэй за 3 метры – не бліжэй за тры метры ад плоту, дрэвы вышынёй каля 2-х метраў – не бліжэй за два метры ад плоту, каля метра – не бліжэй за метр. На адлегласці метр ад плота дазваляецца садзіць або газон, або расліны, якія не вышэй за адзін метр. Напрыклад, вінаграднік  нельга, але калі ён пасаджаны каля шпалеры (яе можна размяшчаць на адлегласці не бліжэй за 1 метр) і расліна фарміруецца ў бок свайго ўчастка, то вінаград садзіць дазваляецца.

    Кар. “ІВ”:

      — Ці часта ўзнікаюць спрэчкі паміж суседзямі?

    Ірына Іванова:

    – Узнікаюць даволі часта. Пачну з тыповага прыкладу. Адзін настойлівы грамадзянін з Івацэвічаў кінуўся “змагацца” з суседзямі, звярнуўся ў райвыканкам са скаргай. Альтанка, маўляў, у суседа стаіць “няправільна”, закрывае краявіды; пры гэтым яна, хутчэй за ўсё, незаконна ўзведзена. Разбярыцеся, калі ласка. Наведаўшы суседа і чалавека, які напісаў скаргу, мы ўпэўніліся, што альтанка сапраўды “не мае дакументаў”. Але якое было наша здзіўленне, калі мы ўпэўніліся, што ў аўтара скаргі такіх “самасційных” прыбудоў яшчэ больш, чым у суседа! Калі ён даведаўся, што за гэта яму прыйдзецца заплаціць штраф, то прэтэнзіі імгненна зніклі… 

    Жыхары двухкватэрных і болей блакіраваных жылых дамоў павінны ведаць: усе пытанні па ўзвядзенні нежылых пабудоў на прыдамавым участку могуць быць вырашаны толькі па ўзаемнай згодзе ўсіх уласнікаў жылых памяшканняў. Гэта тычыцца і рэканструкцыі кватэр у такім блакіраваным доме. Напярэдадні павінна быць аформлена дзяржрэгістрацыя зямельнага ўчастка – без гэтага дакумента не можа быць вырашана ніводнае пытанне па ўзвядзенні пабудоў на сваім участку! Вельмі шмат скаргаў з’яўляецца ад жыхароў дамоў, якія пабудаваны яшчэ ў савецкі час, калі не ўлічвалася прыватная тэрыторыя… Людзі пачынаюць шукаць межы, канфліктуюць, сварацца. У гэтай сітуацыі толькі суд можа паставіць кропку ў спрэчным пытанні, хаця я параіла б не псаваць адзін аднаму жыццё, шукаць кампраміс, бо часам бывае сітуацыя заблытанай настолькі, што амаль немагчыма знайсці выйсце. Але калі суседзі жывуць дружна, паважаюць адзін другога – праблемы вырашаюцца лёгка. І пакрыў-джаных не бывае. 

    Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).

    Автор: Аляксандр ГОРБАЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)