20 Июня, 2026 Суббота

Новы ўраджай закладваецца восенню

  • 15 сентября 2016 Экономика Беларуская 0

    Бадай, няма ў свеце работы  цяжэй за сялянскую! Так было спрадвеку, так застаецца і зараз, нягледзячы на ўсё новыя  здабыткі прагрэсу.  Хіба толькі зімой нашы кармільцы-аграрыі могуць трохі адпачыць. А восенню пра гэта яны яшчэ толькі мараць. Ужо 30 жніўня на Бераставіччыне адкрыўся чарговы “бураковы” сезон, а салодкія карані пачалі ўбіраць першымі ў раёне працаўнікі СВК імя Варанецкага, “Алекшыцы”, а з 31 жніўня падключыліся да ўборкі і ў РУСП “Масаляны”.

    Першыя некалькі дзён запатрабаваную салодкую сыравіну прымалі без абмежавання на Бераставіцкім буракапрыёмным пункце.  Зараз буракі ўжо  прымаюцца па квотах. Капаюць у раёне і бульбу. У РУСП “Масаляны” яна сёлета размяшчаецца на 20 гектарах. Гэта вядомы высокаўраджайны айчынны гатунак Скарб, які добра зарэкамендаваў сябе ў нашых кліматычных умовах і радуе гаспадынь сваім выдатным смакам. 

    А на полі мне давялося паглядзець, як вопытны руплівы сейбіт з дапамогай разумнай тэхнікі беражліва закладвае падрыхтаванае насенне ў глебу. Азімы рапс у РУСП “Масаляны” пасеялі, зараз сеюць азімыя пшаніцу Багатка і трыцікале Жыцень. Пад іх адвялі 440 і 187 гектараў адпаведна. Зямля добра падрыхтавана, яе ўзбагацілі калійнымі і фосфарнымі ўгнаеннямі. Механізатар Дзмітрый Данільчык за змену на працягу амаль 12-ці гадзін засейвае па 25-30 гектараў. Стамляецца за гэты час сейбіт, вядома.  Яго чырвоны рухавы  трактар МТЗ-3022 з сеялкай відаць здалёк. Беларуская тэхніка эфектыўная,  ўдасканаленая, радуе вока сваім сучасным прыгожым  выглядам, а роўныя парасткі азімых потым наглядна ўсім  пакажуць, што Дзмітрый –   адмысловы  майстар сваёй няпростай справы. Начальнік вытворчага ўчастка Віктар Хахлоў шчыра пахваліў механізатара і  расказаў, што такога выдатнага сейбіта вельмі паважаюць у калектыве. Сейбіт, як і жнец, павінен любіць родную зямлю і свой занятак, які дае хлеб надзённы яму і яго сям’і, тады лягчэй спраўляцца з такой манатоннай работай. І гук, і вібрацыя на працягу цэлай змены стамляюць любога трактарыста, нават маладога, але не здраджваюць сваёй прафесіі тыя, каму сялянскія карані, усведамленне адказнасці  і самадастатковасць прыдаюць сілы. 

    “Чалавечы фактар” у РУСП “Масаляны” адметны, людзі тут стараюцца, таму і вылучаецца сельгаспрадпрыемства стабільнай работай і поспехамі ў развіцці. А Дзмітрый не толькі працаваць, але і адпачываць умее – захапляецца спортам, ловам рыбы, удзельнічае ў грамадскім жыцці  гаспадаркі. Усё, што робіць, робіць ён з душой, з добрай усмешкай, са шчырай аддачай, бо інакш і не ўмее. Павышэнне культуры земляробства,  захаванне сучасных тэхналогій, стаўка на перспектыўныя гатункі збожжавых даюць упэўненасць, што і далей РУСП “Масаляны” будзе адным з флагманаў аграрнай вытворчасці на Бераставіччыне. Да новага ўраджаю застаецца яшчэ нямала часу, але хочацца спадзявацца, што ён спаўна  апраўдае чаканні нашых земляробаў. Фота аўтара    

    Автор: Ніна НаддэБераставіцкая газета

Комментарии (0)