22 Октября, 2024 Вторник

Уборка лёну — на фінішнай прамой

  • 23 сентября 2016 Экономика Беларуская 0

    Завяршаецца ўборка трасты. Па стане на 19 верасня ў цэлым па раёне яна была паднята і закручана ў рулоны на 2329 гектарах або на 93 працэнтах уборачнай плошчы. На гэты дзень на льнозавод было дастаўлена 7806 тон сыравіны сярэднім нумарам 1.17 і план яе нарыхтоўкі выкананы на 88 працэнтаў.

    Убраць трасту са сцелішчаў на пераважнай большасці плошчаў ў аптымальныя тэрміны паспрыялі не толькі надвор'е, але і добрая тэхнічная ўзброенасць механізаваных звёнаў і самааданая праца пераважнай большасці механізатараў і вадзіцеляў, якія працуюць на сцелішчах і дастаўляюць сыравіну на завод.

    Старанна і зладжана, як і ў папярэднія гады, працуюць тэхналагічныя звёны ААТ “Дубровенскі льнозавод”, якія не толькі паспяхова спраўляюцца з уборкай сыравіны на 2000 гектарах сваіх палеткаў, але і аказалі дапамогу льнаводам ААТ “Каманіна”. Тут механізатары льнозавода закруцілі трасту ў рулоны на ўсёй 60-гектарнай плошчы.

    На мінулым тыдні мне зноў разам з галоўным аграномам завода Уладзімірам Якуцёнкам давялося пабываць на сцелішчах ільнозавода і бачыць, як старанна, на высокім прафесіянальным узроўні працуюць механізатары і вадзіцелі.

    На адным з палеткаў непадалёку ад вёскі Пацэнькі загружаў рулоны трасты ў “МАЗ” з прычэпам на пагрузчыку “Маніту” французкай вытворчасці Васіль Паджары. Рабіў ён гэта хутка. Мінула менш двух дзясяткаў мінут, як на “МАЗ” з прычэпам акуратна былі ўкладзены ў тры рады 45 рулонаў. А гэта каля 10 тон.

    —Да абеду Васіль Паджары загрузіў трастой дзевяць “МАЗаў” з прычэпамі, — паведаміў вадзіцель Сяргей Трушкоў, “МАЗ” якога на той час ужо быў загружаны сыравінай.

    Старанна працуе на пагрузцы трасты Віктар Берагалюлька. За дзень гэтыя высокакласныя механізатары загружаюць на “МАЗы” па 350-400 тон трасты. Усю дастаўленую на завод сыравіну аператыўна разгружае і акуратна ў 7 радоў у вышыню ўкладвае пад шохі на французкім пагрузчыку “Маніту” Андрэй Чарняўскі.

    Усю нарыхтаваную на сцелішчах ільнозавода сыравіну дастаўляюць пад шохі прадпрыемства сем “МАЗаў” з прычэпамі, на якіх працуюць вопытныя і старанныя вадзіцелі. Галоўны аграном завода Уладзімір Якуцёнак асабліва задаволены работай маладога вадзіцеля Сяргея Трушкова, які практычна ўвесь сезон працуе ў складзе мех¬атрада на вырошчванні і ўборцы лёну. Вясной у час сяўбы ён дастаўляе на палеткі для запраўкі глебы КАС, летам падвозіць ваду для прыгатавання раствору пры правядзенні хімпраполкі, а ў час уборкі ўраджаю вывозіць трасту са сцелішчаў на льнозавод.

    Фронт работ аўтатранспарту завода ў час уборкі трасты ствараюць механізатары мехатрада. Іх у пік уборачных работ на сцелішчах каля трох с палавінай дзясяткаў. Яны працуюць на высокапрадукцыйных сучасных уборачных машынах. На самаходных і прычапных прэс-падборшчыках за дзень многія механізатары нарыхтоўваюць па 100 і больш рулонаў трасты, а гэта больш за 20 тон. Сёлета, як паведамілі работнікі планавага аддзела завода, такой высокай прадукцыйнай працай вызначаюцца Віктар Міхалеў, Сяргей Развянкоў, Валерый Вашчыннікаў, Мікалай Малчанаў, Віталь Бацічкін, Леанід Еўтушэнка. Ды і іншыя механізатары стараюцца рабіць усё магчымае для хутчэйшага завяршэння ўборкі.

    Каб траста хутчэй вылежвалася, а пасля дажджу падсыхала, на сцелішчах задзейнічана каля дзясятка абарочвальнікаў трасты і ўспуш¬вальнікаў. На выкананні гэтых тэхналагічных аперацый асабліва старанна працуюць Аляксандр Малахаў і Міхаіл Дранеўскі.

    Сярод ільнаводчых гаспадарак найбольш зладжана і плённа працуюць ільнаводы ААТ “Якубава-Агра”, дзе па стане на 19 верасня траста была закручана ў рулоны на 91 працэнце ўборачнай плошчы, а на завод дастаўлена 409 тон сыравіны, што складае 92 працэнты да плана. Убіраюць сыравіну пяць механізатараў. На прасаванні трасты задзенічаны вопытныя і старанныя механізатары Аляксандр Бацян, Сяргей Шаргаёў і Аляксандр Вайтоў, а на пагрузцы і дастаўцы яе на завод — Юрый Чмяркоў і Віталь Шафераў. Усе ўборачныя работы на сцелішчах выконваюць гэтыя механізатары. А льняное поле тут самае вялікае сярод ільносеючых гаспадарак — 140 гектараў.

    Завяршаецца ўборка трасты таксама ў ААТ “Баброва-Агра” і “Праўда-С”, КУСГП “Зарубы”. Характэрна, што сёлета ўсе гаспадаркі рэалізуюць сыравіну не ніжэй, чым нумарам 1.

    Автор: Андрэй КВІР.Дняпроўская праўда

Комментарии (0)