19 Апреля, 2024 Пятница

Без калектыву няма кабіны

  • 23 сентября 2016 Экономика Беларуская 0

    Калектыў ЗАТ «Амкадор-Унікаб» годна прайшоў перыяд станаўлення. 25-годдзе завода маладзечанскія машынабудаўнікі будуць адзначаць разам з прафесійным святам.

    — «Унікаб» сёння сучаснае дынамічнае прадпрыемства, прадукцыю якога ведаюць як у нашай краіне, так і далёка за яе межамі, — гаворыць начальнік аддзела па сацыяльна-кадравых пытаннях і ідэалагічнай рабоце Валянціна Дзярабіна. – Мы выпускаем кабіны для дарожнай, сельскагаспадарчай, будаўнічай і лесапрамысловай тэхнікі, электрацялежкі, электрапагрузчыкі, гідраўлічныя пад’ёмнікі. Пры гэтым кабіны пастаўляюцца на айчынныя прадпрыемствы холдынгу ААТ «Амкадор», а таксама ў Бранск і Санкт-Пецярбург.

    Валянціна Мітрафанаўна адзначыла: цяпер на заводзе выконваецца заказ для Бангладэш. Усяго ў гэту паўднёваазіяцкую краіну будзе пастаўлена каля 350 пагрузчыкаў, укамплектаваных маладзечанскімі кабінамі. Каб выканаць заданне, работнікі працуюць у дзве змены. Асноўная ўвага надаецца якасці. Людзі разумеюць: паспяховае асваенне новага рынку палепшыць фінансава-эканамічны стан таварыства.

    Што тычыцца традыцыйнага экспартнага напрамку ў Расію, ён пашыраецца даволі дынамічна. Спрыяюць гэтаму шматлікія міжнародныя выставы, у якіх удзельнічае «Амкадор». Адна з іх прайшла ў рамках трэцяга форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Тады з экспазіцыяй холдынгу пазнаёміліся Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

    — Заставацца канкурэнтаздольным «Унікабу» дазваляе мадэрнізацыя вытворчасці, а таксама стаўка на эканомію і беражлівасць, — падкрэсліла В. Дзярабіна. — Так, некаторыя вытворчыя памяшканні ацяпляюцца з выкарыстаннем катлоў на мясцовых відах паліва. Сучасныя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем значна эканомяць электраэнергію і матэрыялы. Немалаважнае значэнне мае і культура вытворчасці. Парадак у цэхах і на прылеглай тэрыторыі падтрымлівае гаспадарчая брыгада. Адпаведнымі пытаннямі займаецца і спецыяльна створаная камісія.

    Начальнік аддзела зазначыла, што галоўны рэсурс на прадпрыемстве — кваліфікаваныя кадры. Іх працавітасць, вопыт, веды і адказнасць дазваляюць спраўляцца з любымі заданнямі. Высокае майстэрства спецыялістаў пацвердзіў і нядаўна праведзены конкурс на званне «Лепшы па прафесіі». У ім прынялі ўдзел кіраўнікі падраздзяленняў завода. Па выніках спаборніцтва лепшым майстрам быў прызнаны Анатолій Чарняўскі. У намінацыі «Лепшы начальнік цэха (аддзела, службы)» перамог Аляксандр Каўрус.

    На прадпрыемстве ганарацца ветэранамі вытворчасці і падтрымліваюць моладзь. З моманту стварэння таварыства працуюць вадзіцелі Мікалай Шылько, Аляксандр Гірдзюк і Іван Булах, зваршчыкі Сяргей Шайцер і Рамуальд Марцінкевіч, аператары станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем Юрый Нехвядовіч і Аляксандр Ган, а таксама вядучы інжынер-тэхнолаг Анатолій Кулакоўскі. Першым дырэктарам завода быў Віталій Чаеўскі. Працягвае працоўную дынастыю яго сын Сяргей, галоўны інжынер.

    — Сёлета на «Унікаб» прыйшлі чатыры маладыя спецыялісты. Некалькі месяцаў таму калектыў узначаліў новы дырэктар Дзмітрый Анохаў. З ім звязаны пазітыўныя перамены: на завод вярнуліся многія высокакваліфікаваныя работнікі, сталі праводзіцца розныя культурна-масавыя мерапрыемствы. Маладзечанскія машынабудаўнікі ўпэўнены ў сваіх сілах і гатовы рэалізаваць шматлікія перспектыўныя праекты, — дадала Валянціна Мітрафанаўна.

    ЗАТ «Амкадор-Унікаб» было створана ў 1991 годзе. Выпускаць вілачныя электрапагрузчыкі і іншую імпартазамяшчальную тэхніку на прадпрыемстве пачалі ў 2010-м. Цяпер тут вырабляецца звыш 25 мадэляў кабін. Калектыў складаецца з 220 чалавек.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)