25 Апреля, 2024 Четверг

25 верасня – Дзень машынабудаўніка

  • 24 сентября 2016 Экономика Беларуская 0

    Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, на заводзе аптычнага станкабудавання не апускаюць рукі, працуюць, шукаюць новых спажыўцоў сваёй прадукцыі. Так, на рынак Украіны пастаўлены першыя камплекты запчастак і прыналежнасцей да тэхналагічнага абсталявання, якое смаргонскі завод прадаў раней у гэту краіну.

    Наладжваюцца партнёрскія сувязі з в’етнамскімі спажыўцамі оптыкамеханічнай прадукцыі. Адміністрацыя завода аптычнага станкабудавання падпісала ўжо адпаведны дагавор, неўзабаве ў Смаргонь павінен прыехаць з такім жа падпісаным дагаворам прадстаўнік В’етнама.

    Традыцыйным партнёрам ЗАСа з’яўляюцца расійскія прадпрыемствы. Напачатку гэтага года былі распрацаваны сумесныя праекты, але з-за фінансавых цяжкасцей, выкліканых крызісам у Расіі, рэалізацыя дамоўленасцей перанесена на канец гэтага года – пачатак наступнага.

    Завадчане шукаюць заказы і ў Беларусі, з некаторымі прадпрыемствамі працуюць па кааперацыі, пачалі выпускаць вузлы і дэталі для нядаўна створанай мінскай фірмы, заключаны дагавор на пастаўку 300 камплектаў вырабаў для агрэгатнага завода, якія будуць выкарыстаны ў міні-тэхніцы.

    Нядаўна завод аптычнага станкабудавання наведалі польскія прамыслоўцы. Іх зацікавіла заводскае абсталяванне для напылення дэталей, у прыватнасці, якія выкарыстоўваюцца ў аўтамабільнай прымысловасці. Палякі павінны прыехаць яшчэ раз, але ўжо з канкрэтнымі прапановамі.

    Партнёрскія сувязі наладжаны ў кіраўніцтва завода з прадстаўнікамі літоўскіх дзелавых колаў. Яны неаднаразова прыязджалі на смаргонскае прадпрыемства, глядзелі пустыя вытворчыя плошчы, каб узяць іх у арэнду, а пазней, магчыма, стварыць сумеснае прадпрыемства, на якім плануецца каля 300 працоўных месцаў.

    Паколькі ЗАС уваходзіць у склад Мінскага электратэхнічнага завода імя Казлова, то больш за 60 працэнтаў таварнай прадукцыі выпускае для гэтага прадпрыемства – дэталі для такаводаў высакавольтных і нізкавольтных трансфарматараў, уцепленыя кантэйнеры, якія ўяўляюць сабою звараную металічную канструкцыю, абшытую сэндвіч-панэлямі. У яе потым устанаўліваецца падстанцыя і начыняецца аўтаматыкай. Акрамя гэтага вырабляюць дэталі для тавараў народнага спажывання, якія выпускаюцца на электратэхнічным заводзе імя Казлова.

    У свой час на ЗАСе выпускалі сельскагаспадарчую тэхніку. І цяпер завод не адмаўляе сельгаспрадпрыемствам, калі неабходна вырабіць якія-небудзь запчасткі да тэхнікі, асабліва замежнай. На прадпрыемстве выраблялі запчасткі для камбайна “Кляйн”. Пэўная іх колькасць засталася на складзе гатовай прадукцыі. І сёлета СВК “Кракоўка” Ашмянскага раёна купіў гэтых запчастак на 100 мільёнаў недэмінаваных рублёў. Кіраўніцтва мясцовага камбіната хлебапрадуктаў звяртаецца на завод, калі выйдзе са строю якое-небудзь тэхналагічнае абсталяванне.

    На ЗАСе ёсць тэхналагічнае бюро, у якім працуюць канструктары і тэхнолагі. Яны займаюцца мадэрнізацыяй аптычных станкоў і вакуумных установак. Спецыялісты вопытныя, але ёсць і маладыя. З жыллём для іх няма праблем, бо ў ЗАСа ёсць інтэрнат.

    Асноўны касцяк працоўнага калектыву завода складаюць работнікі, якія адпрацавалі тут не адзін дзясятак гадоў. Некаторыя з іх ужо на пенсіі, але працягваюць працаваць.

    Добрых слоў заслугоўваюць токары Мікалай Карпечкін і Мікалай Шапавалаў, свідравальшчык Анатоль Віткоўскі, вядучы інжынер-канструктар Мікалай Калбаскін. Гэта спецыялісты высокага класа, адзначыў дырэктар завода аптычнага станкабудавання Святаслаў Голдар. Мікалай Карпечкін мае вышэйшую адукацыю, але ўсё жыццё адпрацаваў за станком, хаця яму прапаноўвалі перайсці на інжынерную пасаду, сказаў, што больш падабаецца выточваць дэталі.

    У сувязі з прафесійным святам дырэктар Святаслаў Голдар жадае ўсім работнікам завода здароўя, дабрабыту, аптымізму і, вядома ж, поспехаў у працы.

    Автор: Юрый ЯНУШКЕВІЧСветлы шлях

Комментарии (0)