09 Мая, 2024 Четверг

У гаспадарках убіраюць кукурузу і сеюць азімыя

  • 26 сентября 2016 Экономика Беларуская 0

    Асноўныя палявыя работы, як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, сканцэнтраваны вакол сяўбы азімых зерневых культур і ўборкі кукурузы. Што да першага, то з 11 тысяч гектараў, адведзеных сёлета пад азімыя зерневыя, каля 7 з паловай тысяч (68%) на гэты час заарана і прыкладна 4 з паловай тысячы гектараў (40%) ужо засеяна. 

    Поўным ходам ідзе ўборка кукурузы на сілас, гэтай справай займаюцца ва ўсіх сельгасарганізацыях. На ўчарашні дзень у цэлым па раёне былі ўбраны 52% плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць кукурузы пакуль 265 ц/га, аднак у райсельгасхарчы разлічваюць, што паказчык гэты павялічыцца: участкі, што застаюцца няўбранымі, болей ураджайныя. Увогуле, гэтым часам яшчэ працягваецца нарыхтоўка ўсіх відаў травянога корму. У прыватнасці, сена ў раёне маецца болей за 7 тысяч тон (87% ад патрэбы), і яго працягваюць нарыхтоўваць: вядзецца касьба атавы, якая падрасла. І хоць з-за дажджу дадзены працэс некалькі замаруджаны, у сярэднім па 20-30 тон у дзень сена ўдаецца занатаваць. Сенажу маецца 80 тысяч тон (68% ад неабходнага). Ен таксама яшчэ нарыхтоўваецца з мнагалетнікаў: люцэрны, канюшыны. Прычым, складзіруюцца не ў траншэі, а ў палімерную плёнку. Сіласу нарыхтавана без малога 68 тысяч тон, альбо 70% ад патрэбы раёна, і яго нарыхтоўка актыўна працягваецца. Калі гава­рыць пра травяны корм у цэлым, то на гэты час нарыхтавана 21,6 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы — удвая болей, чым на гэты перыяд у мінулым годзе. Нягледзячы на тое, што да        32 цэнтнераў яшчэ няблізка — менавіта такі паказчык адпавядае тэхналагічнай норме — у райсельгасхарчы разлічваюць яго дасягнуць. Галоўнае, што для гэтага патрабуецца, — актыўна, да пачатку кастрычніка, па максімуме ўбраць кукурузу, не даць замаразкам сапсаваць ураджай.

    У СВК “Гігант” прыступілі да ўборкі кукурузы таксама і на зерне. У іншых гаспадарках, дзе гэта планавалася, да культуры пакуль “прыглядаюцца”. У асобных сельгасарганізацыях вя­дзецца ўборка проса на зерне. У пераважнай частцы гаспадарак займаюцца капаннем бульбы, ураджайнасць другога хлеба на гэты час у цэлым па раёне складае 250 ц/га. У ААТ “Неўскі-Агра” і ААТ “Міхалёўская Ніва” працягваюць убіраць цукровыя буракі. У той час як  першыя ўбралі пакуль толькі крыху болей за 20% плошчаў (засаджана 400 га), міхалёўцы з салодкімі караняплодамі ўжо амаль справіліся (убрана 85%). І хоць сёлетняя ўраджайнасць культуры (245 ц/га) прыкметна ўступае мінулагоднім, спецыялісты адзначаюць даволі высокі паказчык цукру ў караняплодах, што дадае ім каштоўнасці.  

    Калі гаварыць пра гародніну, вырошчваннем якой традыцыйна займаюцца ў ЗАТ “ВЕОМ”, то яе ўборка таксама працягваецца. Па апошніх дадзеных, з 67 гектараў у гаспадарцы ўбралі трэць, сабралі болей за 400 тон морквы, цыбулі, капусты, іншай вітаміннай прадукцыі. 

    Адначасова ў раёне вядзецца догляд пасеваў азімага рапсу, якія ўжо даволі прыкметныя. І, як адзначаюць у райсельгасхарчы, верагодна спатрэбіцца прымяненне рэгулятараў росту. Апошнія не дазволяць раслінам “перарасці” да зімы і створаць ім магчымасць сустрэць маразы ўзмоцненымі.

    Автор: Алена КАРПЕНКАТрыбуна працы
    Теги: 

Комментарии (0)