22 Января, 2026 Четверг

Найлепшыя інвестыцыі – у адпачынак

  • 28 сентября 2016 Экономика Беларуская 0

    Гэты дзень можа лічыць уласным святам кожны дарослы жыхар нашай планеты, краіны, раёна, бо любы з нас хоць аднойчы збіраў свае рэчы і накіроўваўся зведваць раней нязведанае. А ёсць сярод нас і тыя, для каго арганізоўваць падарожжы і адпачынак – самая звычайная работа. Напярэдадні прафесійнага свята супрацоўнік “ІВ” сустрэўся з дырэктарам турыстычнай фірмы “ТаПер-тур” Таццянай Пераходзька.

    – Таццяна, эканамісты кажуць пра крызіс у Беларусі; прыходзіцца думаць, што нашы грамадзяне сталі менш падарожнічаць…

    – Не паверыце, але гэта не так. Мы сапраўды перажывалі, што адпачынак за мяжой Беларусі стане раскошай для нашых грамадзян, што падарожнічаць больш будуць у бліжняе замежжа, выкарыстоўваць эканом-туры, але ўсё атрымалася з дакладнасцю да наадварот. У пашане не толькі добра знаёмыя і любімыя Егіпет, Турцыя, Балгарыя або іншыя еўрапейскія краіны Грэцыя, Іспанія і нават Балеарскія, Канарскія астравы, што належаць Іспаніі. Нядаўна нашы землякі вярнуліся з іншага кантыненту – з Лацінскай Амерыкі, толькі пералёт куды займае каля 11 гадзін. Наперадзе цёплы мяккі сезон у паўднёва-усходняй Азіі і ўжо ёсць канкрэтны попыт на Індыю, Таіланд, В’етнам… Візавыя паслабленні ў многія краіны, калі візу можна адкрыць непасрэдна ў аэрапорце, – усё гэта толькі спрыяе пашырэнню геаграфіі падарожжаў. Большасць жыхароў Івацэвіччыны  з ліку адпачываючых выбірае, так бы мовіць, камбінаваны адпачынак: наведаць святыні той або іншай краіны, прыняць удзел у экскурсіях, падлячыцца, на моры пакупацца, пазагараць. 

    – Не магу не спытаць пра Крым – паўвостраў, які заўсёды быў любімым і жаданым месцам адпачынку.

    – Скажу адназначна: Крым пакуль выпаў са сферы інтарэсаў сярэдняга жыхара Івацэвіччыны. Якія фактары таму прычынай? Дабрацца да паўвострава стала складаней, чым раней, узровень сервісу знізіўся, а цэны падраслі. Зразумела, што сярэдні турыст у такіх умовах аддасць перавагу Турцыі або Балгарыі. Калі казаць пра Чарнаморскае ўзбярэжжа, то адз-начу, што цікавасць выклікаў летам аўтобусны тур “Адэса выхаднога дня”, калі можна было прыняць загар, купацца і на вялікім рынку ў Адэсе затаварыцца. Не выключана, калісьці Крым стане больш даступным, але пакуль пра гэта гаварыць рана.

    Бліжэйшай альтэрнатывай Крыму могуць стаць расійскія курорты Краснадарскага краю – Анапа, Геленджык, тут захаваліся добрыя традыцыі савецкага лячэння, многае абнавілася, стала сучасным і прывабным.

    – А былыя савецкія рэспублікі?

    – Цікавасць стала выклікаць Грузія – многія жыхары нашага краю наведаліся ў бягучым годзе ў гэтую цудоўную рэспубліку, дзе хапае сонца, помнікаў даўніны, цудоўная кухня, гасцінныя людзі. Астатнія былыя савецкія рэспублікі вялікай цікавасці не выклікаюць, будзем спадзявацца, што пакуль.

    – Наколькі цікавы непасрэдна наш раён для гасцей з блізкага і далёкага Замежжа?

    –“ТаПер-тур” з 2011 года з’яўляецца партнёрам “ЦэнтрКурорта” – вядучага аператара ў вобласці выязнога і ўнутранага турызму; наша агульная цікавасць – развіццё паляўнічага турызму. Мы падпісалі кантракты з ДПУ “Белавежская пушча” і Нацыянальным паркам “Прыпяцкі”, прыцягваем іншаземных турыстаў – паляўнічых і рыбаловаў. Што тычыцца нашага раёна, то рэсурсы нашага краю ў многім могуць задаволіць паляўнічага хоць з Заходняй Еўропы, хоць з Расіі – і спецыялісты раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, а таксама Івацэвіцкага лясгасу могуць арганізаваць дастойны адпачынак. Хаця, канешне, не хапае аб’ектаў сервісу… Дадам, што наша знешнеэканамічная дзейнасць прынесла ў раён каля 100 тысяч еўра.

    Хацелася б, каб у нашым раёне больш хуткімі тэмпамі ішло аднаўленне гістарычных і культурных аб’ектаў, ва ўсім свеце вялікую папулярнасць набываюць настальжы-туры, але ўзнікаюць пытанні: што паказаць гасцям, дзе іх размясціць? У гэтым сэнсе нам ёсць куды развівацца… Сёння, у Сусветны дзень турызму, хачу пажадаць, каб гэтае свята стала па-сапраўднаму народным, бо ўсе мы ў большай або ў меншай ступені вандроўнікі. Цікавых вам падарожжаў, шаноўныя землякі! Я ў чарговы раз узгадаю выраз М. Твена: “Толькі аб дзвюх рэчах мы будзем шкадаваць перад смерцю – што мала любілі і мала падарожнічалі”.

    Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ.

    Автор: Аляксандр ГОРБАЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)