05 Мая, 2024 Воскресенье

Восень – работ восем

  • 28 сентября 2016 Экономика Беларуская 0

    Напрыканцы мінулага тыдня ў падсобнай сельскай гаспадарцы “Чарневічы” ААТ “Барысаўскі завод агрэгатаў” сяўба азімых збожжавых культур набліжалася да завяршэння. Аднак настрой у кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства Уладзіміра Пулькача быў не вельмі аптымістычны.

    – Мы пасеем азімыя збожжавыя культуры на плошчы больш чым 700 гектараў у аптымальныя тэрміны, да 25 верасня, высакаякасным насеннем высокіх рэпрадукцый і па добрых папярэдніках, толькі вось заправіць палеткі патрэбнай колькасцю мінеральных угнаенняў пад запланаваную ўраджайнасць, на вялікі жаль, не можам па прычыне адсутнасці фінансавых сродкаў на іх набыццё, – сумна канстатаваў Уладзімір Іванавіч. – Калійных тукаў нам удалося закупіць у патрэбнай колькасці, азотнымі пастараемся падсілкаваць расліны ў час падкормак, а вось фосфарныя ўгнаенні ўносяцца ў мінімальных дозах, што, несумненна, адмоўна паўплывае на ўраджайнасць. Як гэта адбылося, дарэчы, сёлета, калі менавіта па прычыне недахопу фосфару зерне не налілося належным чынам, таму нам удалося атрымаць толькі па 32,3 цэнтнера збожжавых і зернебабовых культур з гектара, хаця разлічвалі на ўраджайнасць не менш чым 35 цэнтнераў з гектара.

    З-за недахопу фінансавых сродкаў у гаспадарцы не змаглі закупіць і неабходную колькасць гербіцыдаў, таму не на ўсёй плошчы правялі хімпраполку пасеваў азімага рапсу, які быў пасеяны ў аптымальныя тэрміны на 190 гектарах. А вось апрацоўку пасеваў гэтай культуры рэгулятарамі росту зрабілі, таму што пры цёплым надвор’і рапс мог перарасці.

    Падчас наведвання гаспадаркі на сяўбе азімага жыта каля вёскі Палялюм быў задзейнічаны адзін энерганасычаны трактар “МТЗ-3022”. Паводле слоў кіраўніка, механізатар Васіль Балясны пры спрыяльным надвор’і камбінаваным глебаапрацоўча-пасяўным агрэгатам “АПП-6” штодзённа засявае па 35-40 гектараў. Перавыконваючы даведзенае заданне, ён акрамя асноўнага заробку атрымлівае яшчэ і прэміі. На ворыве глебы на трактарах “МТЗ-1221” з чатырохкорпуснымі плугамі працавалі механізатары Міхаіл Макарчык, Леанід Паўловіч і Васіль Грыгаркевіч. А механізатар Генадзь Ключнік на трактары такой жа мадыфікацыі з шыроказахватным камбінаваным глебаапрацоўчым агрэгатам “АКШ-6” займаўся культывацыяй, забяспечваючы фронт работы сейбіту.

    Як сцвярджае народная прымаўка, увосень – работ восем. Вось і ў падсобнай сельскай гаспадарцы “Чарневічы” ў гэтыя дні не спадае працоўнае напружанне. Акрамя завяршэння сяўбы азімых збожжавых культур, работнікі прадпрыемства працягваюць нарыхтоўваць кармы для грамадскай жывёлы. З атавы шматгадовых траў у сухое надвор’е рыхтуецца сена і сянаж, а з кукурузы закладваецца сілас.

    Кукуруза сёлета была пасеяна ў гаспадарцы на плошчы 220 гектараў, з якіх 20 гектараў мяркуецца ўбраць на зерне, а астатнія 200 – на зялёную масу. Вырасла “каралева палёў” добрая, з кожнага гектара атрымліваецца не менш чым па 250 цэнтнераў зялёнай масы. Да таго ж у большасці раслін маецца па два-тры пачаткі, так што павінен атрымацца вельмі каштоўны энергетычны корм для кароў і маладняку буйной рагатай жывёлы.

    Да сярэдзіны мінулага тыдня ў гаспадарцы было закладзена ў траншэі 2250 тон кукурузнага сіласу і яшчэ мяркуецца закласці каля 2,5 тысячы тон. І тады, з улікам нарыхтаванага раней сенажу і сена, будзе створаны паўтарагадавы запас кармоў для грамадскага статку, які налічвае 1180 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 400 кароў. І якасць нарыхтаваных кармоў павінна быць добрай, таму што і сянажныя, і сіласная траншэі закладваліся за тры-чатыры дні.

    Паводле слоў кіраўніка, у летні час у гаспадарцы было нямала зроблена па падрыхтоўцы ферм да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы. У двух кароўніках адрамантаваны стойлы і сістэма водапаення, праведзена дэзінфекцыя і пабелка памяшканняў, а ў гэтыя дні заканчваюцца апошнія работы па іх уцяпленню.

    А на ферме “Восава” закладзены падмурак і распачата будаўніцтва гаспадарчым спосабам так званага каранцінніка на 40 галоў. Лёгкая дашчатая канструкцыя павінна быць здадзена ў эксплуатацыю да пачатку лістапада, пасля чаго там будзе праводзіцца вакцынацыя маладняку буйной рагатай жывёлы і адаптацыя перад пераводам у асноўныя памяшканні для далейшай дагадоўлі.

    Дарэчы, уся жывёла гаспадаркі пераведзена ўжо на стойлавае ўтрыманне з адпаведным рацыёнам кармлення. Аднак на пашу каровы выганяюцца на некалькі гадзін, на прагулку, таму не адбылося зніжэння іх прадуктыўнасці. Цяпер сярэдні ўдой на карову складае звыш 14,5 кілаграма малака, што на 2,3 кілаграма больш мінулагодняга. І валавая вытворчасць малака перавышае мінулагодні аб’ём больш чым на 24 працэнты. А створаная трывалая кармавая база дае падставы меркаваць, што і ў далейшым вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі ў гаспадарцы будзе павялічвацца.

    Між іншым, з мэтай умацавання кармавой базы гэтай восенню тут пасеялі 40 гектараў свірэпіцы, а для павышэння прадуктыўнасці кароў у летне-пашавы перыяд збіраюцца перазалужыць 40 гектараў і закласці на такой плошчы многакампанентную пашу інтэнсіўнага тыпу.

    Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

    Автор: Николай ЧАЛЕЙЕдинство
    Теги: 

Комментарии (0)