29 Апреля, 2026 Среда

Адкуль вышыванка? З Маладзечна!

  • 30 сентября 2016 Экономика Беларуская 0

    Мы пабывалі на Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў і даведаліся, хто і як стварае адзенне з нацыянальнай вышыўкай.

    «Вам пашанцавала: станеце сведкамі нараджэння новай вышыванкі. Літаральна праз дваццаць хвілін яна будзе гатова!» — узрадавала нас вядучы інжынер-тэхнолаг Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў Кацярына Барысава.

    Тэндэнцыя часу

    Яшчэ ў чэрвені ў час Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2016» мы запрыкмецілі мужчынскія і жаночыя льняныя кашулі, аздобленыя беларускім арнаментам, пашытыя на нашай фабрыцы. А нядаўна на закрыцці пленэру скульптараў у гарадскім Палацы культуры ўсе майстры-ўдзельнікі прыбраліся ў прыгожыя вышыванкі, якія спецыяльна для іх заказалі ў маладзечанскіх умельцаў. Яны ўлавілі тэндэнцыю нашага часу – зварот моладзі, а ўслед за ёй і дарослых да адзення, аздобленага нацыянальнымі ўзорамі. Імі ўпрыгожваюць нават футболкі, у сувязі з чым з’явіўся новы тэрмін «вышымайка». Перыядычна ў Мінску праходзяць Дні вышыванак – фестывалі, куды збіраюцца людзі, якія вырабляюць і носяць іх — аматары беларушчыны. Сёлета такі прайшоў 2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны. Хочацца спадзявацца, што свята стане традыцыйным і настане той час, калі, прыбраўшыся ў нацыянальныя строі, нам захочацца і гаварыць на роднай мове…

    Маладзечанская мода

    А пакуль мы вырашылі пазнаёміцца з заканадаўцамі маладзечанскай моды на вышыванкі. Яны маладыя, смелыя, захопленыя новымі ідэямі і ў той жа час не адарваныя ад рэальнасці, умеюць спалучыць свае задумы з магчымасцямі вытворчасці. Кацярына Барысава працуе вядучым інжынерам-тэхнолагам з красавіка гэтага года. На фабрыцы змянілася кіраўніцтва, яе ўзначаліў Аляксандр Рамановіч, які некалькі дзесяцігоддзяў быў начальнікам аддзела культуры райвыканкама. Ён падтрымаў прапанову разам з традыцыйнай прадукцыяй фабрыкі – ільнянымі лялькамі, сталовымі камплектамі і пасцельнай бялізнай — асвойваць новыя віды, у тым ліку і адзенне ў нацыянальных традыцыях. Трэба сказаць, што некалькі відаў мужчынскіх і жаночых кашуль-вышыванак былі распрацаваны раней, яны прадаюцца ў фірменным магазіне «Падарунак» і карыстаюцца попытам. Асабліва прывабныя жаночыя, упрыгожаныя васількамі.

    Ільняныя касцюмы для мужчын

    У жніўні мастак-мадэльер гарадскога Палаца культуры Наталля Мялюк паказала Кацярыне эскізы мужчынскіх вышыванак і прапанавала запусціць іх у вытворчасць. На ўкараненне новага віду прадукцыі звычайна патрабуецца некалькі месяцаў, але гэты эксклюзіўны заказ быў гатовы праз тры тыдні. Кацярына Барысава працавала над ім разам з маладой мастачкай Элінай Дуброўскай, якая нядаўна прыйшла на фабрыку пасля заканчэння аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа. Дапамагала ім лабарант Таццяна Віткоўская – вельмі вопытны майстар, якая працуе тут з 1981 года і валодае ўсімі відамі машыннай вышыўкі, умее дакладна разлічыць, колькі нітак і часу патрэбна на выраб той ці іншай мадэлі. У прыватнасці, на вышыўку адной кашулі трэба затраціць дзве з паловай гадзіны. Гэта творчае трыа бліскуча справілася з пастаўленай задачай. Скульптарам спадабаліся вышыванкі. Высока ацаніў іх і мастацкі савет у Мінску, які зацвярджае новыя віды прадукцыі фабрыкі. Кашулі прадаюцца ўжо ў фірменным магазіне фабрыкі і карыстаюцца попытам, выпускаюць іх ад 48-га па 56-ы памер. Закупляюць іх і мінскія магазіны. За гэты час выпусцілі некалькіх відаў: са стопрацэнтнага лёну натуральнага колеру, са змешанай тканіны (лён напалову з бавоўнай) джынсавага колеру. Распрацавалі і камплекты: кашулі і штаны свабоднага пакрою.

    Сукенка «Софія», блузка «Ракуцёўскае лета»

    У канцы жніўня запушчана ў вытворчасць новая льняная сукенка з вышыўкай. Кацярына назвала яе «Софія» — гэта самае папулярнае ў апошні час жаночае імя. А зусім нядаўна разам з Элінай яны прыдумалі мадэль прыгожай жаночай блузы: на белай тканіне – блакітныя васількі і чырвоны арнамент. Дзяўчаты назвалі блузку вельмі паэтычна — «Ракуцёўскае лета». Пра яе і гаварыла наша субяседніца, калі ў першыя хвіліны знаёмства абяцала паказаць навінку. Такую блузку можна апрануць нават у офіс пад пінжак — лічаць дзяўчаты. Пакуль яна ў адзіным экзэмпляры, але ўжо сёння можна сказаць, што будзе карыстацца попытам. Яна стыльная, практычная, і цана даступная – крыху большая за 20 рублёў.

    Кацярына правяла нас па цэхах, паказала ўсе этапы стварэння беларускіх убораў. Многае робіцца ўручную: выразаюцца па лякалах загатоўкі, на іх праз наколатыя на папяровых выкрайках дзірачкі сінькай наносіцца ўзор. Каб вышыць яго на машынцы, загатоўкі нацягваюць на пяльцы. Вышывальшчыцы рухаюць іх у патрэбным кірунку пад лапкай машынкі – вельмі карпатлівая праца. Дарэчы, наша фабрыка вядомая на ўсю краіну сваёй вышыўкай рышэлье, у якой узоры спалучаюцца з проразямі ў тканіне. Можна сказаць, што гэта наш брэнд. Магчыма, праз некаторы час такую ж папулярнасць ва ўсёй Беларусі набудуць і маладзечанскія вышыванкі, кожная з якіх захоўвае цяпло рук майстрых, іх добрую энергетыку.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)