29 Апреля, 2026 Среда

"Сад дзяцінства сніўся мне..."

  • 17 октября 2016 Экономика Беларуская 0

    Прыклад фермера-садавода Ігара Вятлова даказаў, што для дасягнення мэты неабходныя моцнае жаданне давесці справу да канца, самаадукацыя і працавітасць. Сёння яго сад адзін з самых буйных у краіне, Ігар марыць зрабіць яго яшчэ і лепшым.

    Прафесар памыляўся

    У любым узросце перспектыва поўнай нерухомасці і інваліднай каляскі падобная на прысуд. А калі табе ўсяго дваццаць і ўсё жыццё наперадзе — катастрофа. Ігар пачуў гэта ад прафесара пасля чарговай аперацыі. Траўма пазваночніка была ў яго яшчэ да арміі — хлопец займаўся цяжкай атлетыкай. У час службы ў войсках ваенна-паветраных сіл здарылася яшчэ адна траўма, якая праз нейкі час нагадала аб сабе. Ігар восем месяцаў быў прыкаваны да ложка, ног не адчуваў зусім, але штодзень спрабаваў варушыць пальцамі. І калі аднойчы яны паслухаліся, зразумеў, што гэта перамога. Два гады хадзіў на мыліцах, яшчэ дзесяць — з палачкай, а затым і яна не спатрэбілася. Так што прафесар памыляўся.

    Але хлопец нават не ўяўляў сабе, што выздараўленне — гэта толькі пачатак пераадолення перашкод. Інваліднасць паставіла крыж на яго прафесіі токара. Тады ён вырашыў атрымаць спецыяльнасць бухгалтара і закончыў гандлёва-эканамічны тэхнікум. Неўзабаве зразумеў, што гэты занятак не для яго. Браць на працу інваліда другой групы ніхто не хацеў, вельмі шмат было ў хлопца абмежаванняў па здароўі. Ганяў машыны, гандляваў на рынку і нават купіў вязальную машыну, каб вязаць шапкі. Ігар Аляксандравіч з усмешкай успамінае, што гэта быў самы прыбытковы бізнес. Але потым прыйшлі в’етнамцы з іх танным таварам, і ён перастаў прыносіць прыбытак.

    Інтуіцыя не падвяла

    Дзяцінства Ігара Аляксандравіча прайшло ў вёсцы Залессе Смаргонскага раёна. У сям’і быў вялікі сад, які затым часта сніўся яму ўжо ў дарослым жыцці. Але Ігар не надаваў гэтаму значэння і працягваў шукаць справу па душы. Спрабаваў распрацаваць праект па развядзенні пчол, нават пра свінагадоўлю задумваўся, але інтуіцыя падказвала, што гэта ўсё не тое. Выпадкова даведаўся, што ў Палянах (Лебедзеўскі сельсавет) даюць участкі зямлі пад дачы. Напісаў заяву, і яму выдзелілі 15 сотак. Побач быў яшчэ адзін свабодны, і ён угаварыў сястру аформіць яго на сябе. У выніку атрымалася амаль паўгектара — прырэзалі яшчэ няўдобіцу, на якую ніхто не прэтэндаваў. Тады і вырашыў, што будзе займацца садоўніцтвам. У яго задуму паверыла толькі мама Валянціна Васільеўна. Сын пазычыў у яе 200 долараў і ўзяўся за работу. Але першы вопыт быў няўдалым, амаль усе купленыя дрэўцы павымярзалі. Аднак Вятлоў не думаў здавацца. Наадварот, вырашыў сур’ёзна заняцца самаадукацыяй. Выявіліся гены — бацька быў аграномам і вучыў яго, яшчэ маленькага хлопчыка, прышчапляць дрэвы. Ігар Аляксандравіч знайшоў дома старыя падручнікі, затым перачытаў усе кнігі па садоўніцтве, якія былі ў Маладзечанскай раённай бібліятэцы. Пакрысе справы сталі наладжвацца, і саджанцы, якія ён вырошчваў на дачным участку і прадаваў, пачалі прыносіць першыя грошы.

    Новы этап

    Калі гандляваў на рынку, пазнаёміўся з Вадзімам Янушам і Іванам Яцыновічам, якія ўжо мелі фермерскія гаспадаркі і сур’ёзна займаліся садоўніцтвам, і вырашыў таксама стаць фермерам. Напісаў заяву і атрымаў у арэнду 10 гектараў зямлі ў Талуях. Гэта быў 2003 год. Давялося нямала папрацаваць, перш чым там можна было вырошчваць саджанцы. Таксама Ігар Аляксандравіч уступіў у асацыяцыю «Белсадгадавальнік», якой і цяпер кіруе яе нязменны дырэктар Анатолій Каранько. Калі навукоўцы прыехалі прымаць у яго сад, то былі шакіраваныя: на гарыстай мясцовасці сад не можа расці, а ў Талуях суцэльныя горы, амаль другія Сілічы. Гэта таксама быў вопыт…

    Ігар Аляксандравіч з Вадзімам Янушам вырашылі грунтоўна заняцца садоўніцтвам і папрасілі зямлю пад свой праект. Але вялікага ўчастка ім не далі. Затое фермерам прыйшла прапанова з Магілёўскай вобласці заснаваць там садавінна-ягадны гадавальнік. У гэты час стартавала рэспубліканская праграма развіцця садаводства, пад якую вылучаліся грошы і якая прадугледжвала закладку 5 тысяч гектараў садоў. Там плошчаў не шкадавалі, вызначыўшы толькі кірунак: Магілёў — Чавусы. Дасведчаныя людзі падказалі, што ідэальным месцам будзе вёска Хацкавічы ў Чавускім раёне, дзе калісьці былі сады «Магілёўсада». У часы былога Саюза немцы пабудавалі там халадзільнік на 2 тысячы тон садавіны, які нават не паспелі запусціць. Фермерам выдзелілі 300 гектараў зямлі і паставілі задачу закласці сад і гадавальнік. Разумеючы, што ўдваіх з такім аб’ёмам работ не справіцца, Вятлоў і Януш прапанавалі ўвайсці ў долю яшчэ двум фермерам з Лепеля. Так у 2006 годзе з’явіўся ТАА «Дусен», якое Ігар Аляксандравіч узначальваў два гады, а цяпер мае там 25 працэнтаў акцый. Прыгадвае, што працавалі ад світанку да цямна, без выхадных, але на запланаваныя паказчыкі выйшлі. Цяпер там толькі прыгожага саду 150 гектараў.

    Мары здзяйсняюцца

    Праз некалькі гадоў маладзечанскія ўлады паклікалі фермераў назад. Але адразу папярэдзілі, што тую зямлю, якую яны хочуць, ім не дадуць. Фермеры на іншыя прапановы не згаджаліся, маўляў, у іх работы і на  Магілёўшчыне хопіць. Урэшце пытанне было вырашана на іх карысць. Так у Ігара Аляксандравіча з’явіўся 101 гектар зямлі, праўда, у розных месцах.

    З таго моманту прайшло шэсць гадоў, і сёння гэта не толькі сад, але і матачнік, гадавальнік, дзе вырошчваюцца саджанцы. Прадае іх фермер не толькі ў нашай рэспубліцы, але і ў Расіі. Нядаўна быў заключаны кантракт з Калінінградскай вобласцю. Садавіну пастаўляе ў гандлёвыя сеткі краіны, а таксама на рынкі Масквы. Асаблівым попытам у расіян карыстаюцца грушы.

    Ігар Аляксандравіч гаворыць, што яго мара пасадзіць і выгадаваць сад ажыццявілася. Цяпер трэба толькі ўдасканальвацца. Плануе спыніць вырошчванне саджанцаў і заняцца толькі садоўніцтвам. З іншых культур пакіне маліну і клубніцы. На развіццё гэтага кірунку былі выдзелены 200 мільёнаў рублёў субсідый з бюджэту. А вось з ароніяй (чарнаплодная рабіна) давядзецца развітацца. Трэці год запар цэны на ягаду падаюць, а для яе збору быў нават закуплены спецыяльны камбайн. Вятлоў гаворыць, што ў той жа Польшчы фермеры займаюцца нечым адным, а не распыляюцца па дробязях. Ды і каб утрымліваць матачнік і гадавальнік, трэба шмат зямлі. На старым месцы гадавальнік можна закладваць толькі праз 10 гадоў, ды і сад па садзе не садзіцца.

    Мы пацікавіліся пра сарты яблынь, што вырошчваюцца ў садзе, і пачулі ў адказ, што сорт не самае важнае. Галоўнае, каб яблык меў таварны выгляд (у Вятлова гэты паказчык 95 працэнтаў) і меў попыт на рынку. У кожнага пакупніка свае прыхільнасці. Адны добра бяруць Белы наліў, камусьці падабаецца Антонаўка, ёсць Чэмпіён, Лігал, Беларускае салодкае, Алеся, Хані-крысп. Карыстаюцца попытам дэсертныя сарты. Ігар Аляксандравіч заўважае, што з пацяпленнем клімату хутка і ў яго садзе можна будзе вырошчваць эталонны еўрапейскі сорт Рэд прынц. Лічыцца, што гэта самыя смачныя яблыкі. Наогул, у яго садзе звыш 50 сартоў і каля 70 тысяч дрэў. Фермер пастаянна вывучае рынак і пры неабходнасці садзіць новыя сарты, выводзіць тыя, што не прыносяць даход. Яшчэ вырошчвае грушы, а для асартыменту — персікі, абрыкосы, вішні, чарэшню. Сёлета фермер сабраў 200 тон яблыкаў, якія заклаў на захоўванне ў пабудаванае сховішча. Яго ўмяшчальнасць — 400 тон, на чарзе будаўніцтва другой часткі, дзе будзе захоўвацца яшчэ 600 тон садавіны. На такія магутнасці плануе выйсці з цягам часу.

    Каб засушлівае лета не зблытала карты, Ігар Аляксандравіч выкапаў у садзе велізарнае возера глыбінёй чатыры метры. Вады ў ім хопіць на тры палівы. Яно абышлося фермеру ў 400 мільёнаў рублёў. Пабудавана помпавая станцыя, да кожнага дрэва падведзена спецыяльная сістэма кропельнага паліву. У сад укладваюцца вялікія грошы: купляецца тэхніка для сховішча, дарагія сродкі аховы раслін (на гэтым тут не эканомяць і выконваюць поўны цыкл работ). Ёсць пяць трактароў і апырсквальнік (іх браў у лізінг), тры мікрааўтобусы, велікагрузная 6-тонная машына. Што да фінансаў, то фермер разлічвае на свае сродкі, крэдыты цяпер браць нявыгадна. Нягледзячы на багаты практычны вопыт, Ігар Аляксандравіч працягвае вучыцца. Асацыяцыя «Белсадгадавальнік» праводзіць пастаянныя семінары з удзелам лектараў з Польшчы, Галандыі, іншых краін. Штогод ездзіць у фермерскія гаспадаркі краін далёкага замежжа да калег, якія ахвотна дзеляцца вопытам. Але і тады ён «на сувязі» са сваім садам – відэакамера ўсё перадае на планшэт.

    Дому быць!

    Аб сваім дзецішчы Ігар Вятлоў можа расказваць гадзінамі. І для нас правёў па садзе сапраўдную экскурсію. Расказаў аб карлікавых і паўкарлікавых прышчэпах (нават даў майстар-клас), ураджайных сартах, паказаў калонападобныя яблыні, гадавальнік, плантацыі ароніі.

    Даведаліся мы яшчэ пра адну мару фермера — пабудаваць дом у сваім садзе. Ігар Аляксандравіч заўважае, што дрэва пасадзіў, і не адно, выгадаваў сына, таму дом у гэтым ланцужку лагічны працяг. Нават праект ужо знайшоў. Але пакуль дазволу на гэта не атрымаў — на сельскагаспадарчых землях будавацца нельга. Але ж у садзе ёсць і ўчастак няўдобіцы. Ігар Аляксандравіч гаворыць, што ён упарты, зямлю пад сад дачакаўся (праўда, на гэта спатрэбіліся сем гадоў) і тут станоўчага рашэння дачакаецца. А пакуль даводзіцца з сям’ёй наймаць у горадзе кватэру. Дарэчы, жонка Вольга Аляксандраўна надзейны памочнік мужа ва ўсіх справах, яго правая рука.

    Сын — надзея бацькі

    У час нашай размовы тэлефон фермера не змаўкаў. Камусьці ён адказваў на пытанні, камусьці абяцаў праз гадзіну перазваніць. На сувязь выйшаў і сын Ягор, які цяпер заканчвае магістратуру ў Венгрыі. Калісьці Ігар Аляксандравіч настойліва раіў сыну паступіць на эканамічны факультэт у сельгасакадэмію ў Горках. І хоць Ягор схіляўся да сталічных ВНУ, усё ж прыслухаўся да парад бацькі. У 2013 годзе студэнт чацвёртага курса эканамічнага факультэта Ягор Вятлоў прадстаўляў Рэспубліку Беларусь у Чылі на 56-м Міжнародным кангрэсе IAAS (Міжнародная асацыяцыя студэнтаў сельскагаспадарчых і сумежных профіляў) «Вырабляючы ежу для свету». У ходзе кангрэса яго абралі другі раз на пасаду віцэ-прэзідэнта па фінансах IAAS. Ён аб’ездзіў нямала еўрапейскіх краін, быў у Амерыцы, Інданэзіі, назапасіў багаты вопыт. А на канікулах разам з бацькам займаецца садам і марыць прадоўжыць сямейную справу. Старэйшы і малодшы Вятловы цвёрда вырашылі, што іх сад павінен стаць адным з лепшых у Беларусі.

    Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

    Автор: Алена ЛАШУК.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)