20 Апреля, 2024 Суббота

Дарога Р-23: па еўрапейскіх стандартах

  • 10 ноября 2016 Экономика Беларуская 0

    Адметнай падзеяй быў адзначаны мінулы чацвер: у раёне вёскі Шышчыцы прайшло ўрачыстае адкрыццё рэканструяванай часткі дарогі Р-23 Мінск – Мікашэвічы (74 – 102 кіламетр).

    Нагадаю, што рэканструкцыя дарогі Р-23 праводзілася ў рамках адпаведнай рэспубліканскай праграмы. Заказчык рэканструкцыі дарогі – РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр», генпадрадчыкі – ААТ«Дарожна-будаўнічы трэст №5» і ДП «Упраўленне дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама». На рэканструкцыі аўтатрасы працавалі дарожнікі, будаўнікі многіх арганізацый рэспублікі, яна праведзена ў вызначаныя тэрміны (лістапад 2014-га – лістапад 2016 года).

    Як адзначыў у інтэрв’ю генеральны дырэктар РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» Мікалай Мікалаевіч Мацюк, дарога мае сучаснае асфальтабетоннае пакрыццё (укладзена 415 тысяч тон асфальтабетону), выканана земляных работ аб’ёмам 1,5 мільёна метраў, устаноўлена 1 200 дарожных знакаў. У выніку рэканструкцыі забяспечаны ўсе нарматывы адпаведнасці аўтамабільнай дарогі першай катэгорыі. Дарога ўладкавана пад чатырохпалосны рух з раздзяляльными межами, уздоўж дарогі ўстаноўлены шумаабаронныя экраны, падчас рэканструкцыі на Р-23 пабудавана транспартная развязка,

    4 масты, 4 пешаходныя танэлі, 3 прагоны для жывёлы, добраўпарадкаваная пляцоўка для адпачынку, абсталяваная навесам для гандлю.

    Ва ўрачыстасці  адкрыцця рэканструяванай часткі дарогі прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатолій Мікалаевіч Калінін, Міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь  Анатолій Аляксандравіч Сівак, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Барысавіч Шапіра, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Аляксеевіч Ражанец, кіраўнікі, работнікі шэрагу  дарожных, будаўнічых арганізацый, занятых на рэканструкцыі Р-23.

    Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатолій Мікалаевіч Калінін, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што правядзенне рэканструкцыі на ўчастку дарогі Р-23 было прадыктавана неабходнасцю стварэння больш бяспечных, камфортных умоў для ўдзельнікаў дарожнага руху. Праведзена вялікая і якасная работа, сёння гэта дарога першай катэгорыі, зручная для аўтамабілістаў, пешаходаў. Увядзенне такіх аўтамабільных дарог – яшчэ адзін пасыл для прыцягнення ў краіну новых інвестыцый, транзітных патокаў. Дарэчы, па выніках 2016 года ў рэспубліцы запланаваны ўвод 151,8 кіламетра рэканструяваных рэспубліканскіх аўтамабільных дарог, у тым ліку на тэрыторыі Мінскай вобласці –  72 кіламетры. Актыўна вя-дзецца рэканструкцыя дарогі М-6 (віцебскі напрамак). Намеснік Прэм’ер-міністра дзякаваў дарожнікам за выдатна выкананую работу. Падкрэсліў, што такімі дарогамі, як Р-23, можна ганарыцца, прафесіяналізм беларускіх дарожнікаў і будаўнікоў цэняць і за мяжой краіны, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі.

    Старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра адзначыў, што аўтамагістраль Р-23 мае важнае значэнне ў забеспячэнні руху паміж населенымі пунктамі краіны, выдатна, што знойдзены магчымасці для рэалізацыі гэтага значнага праекта. Дарога змянілася непазнавальна, забяспечаны максімальныя ўмовы бяспекі. Словы падзякі  ўсім, хто працаваў на рэканструкцыі дарогі, выказалі Міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Анатолій Аляксандравіч Сівак, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Аляксеевіч Ражанец. Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатолій Аляксандравіч Сівак нагадаў, што ўчастак дарогі Р-23 у напрамку да Слуцка адзін з самых інтэнсіўных, за суткі тут праязджае больш за 10 тысяч адзінак транспарту. Пасля рэканструкцыі дарогі  ўзровень бяспекі дарожнага руху тут вырас у разы. Рэканструкцыя трасы Мінск –  Мікашэвічы будзе працягвацца ў напрамку да Салігорска.

    Граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Падзякамі старшыні Мінаблвыканкама, граматамі Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, Падзякамі старшыні Слуцкага райвыканкама, Граматамі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэ-спублікі Беларусь, нагруднымі знакамі гэтага міністэрства «Ганаровы транспартнік», «Ганаровы дарожнік Беларусі» за выдатную працу, а таксама ў сувязі з Днём аўтамабіліста і дарожніка ўзнагароджаны спецыялісты, працаўнікі арганізацый РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр», ДП «Упраўленне дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама», субпадрадных, праектных і іншых арганізацый. У тым ліку Ганаровымі граматамі Мінаблвыканкама адзначаны дырэктар філіяла «ДБУ №9» ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст №5» А.А. Драбушэвіч, начальнік філіяла «ДЭУ №64» РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» В.Я. Палазнік, Ганаровымі граматамі Слуцкага райвыканкама – дырэктар ТАА «Дарбудсэрвіс» А.М. Шарэшык, начальнік участка філіяла «ДБУ №9» ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст №5» С.А. Салагуб,  Падзякай старшыні Слуцкага райвыканкама – начальнік планава-вытворчага аддзела   гэтай арганізацыі А.А. Сарвіра, нагрудным знакам «Ганаровы дарожнік Беларусі» І ступені – начальнік лінейнай дарожнай дыстанцыі 641 філіяла «ДЭУ №64» РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» С.І. Новік і іншыя.

    Перарэзана чырвоная стужка, права адкрыць рух на абноўленым участку дарогі Р-23 было прадастаўлена дарожнікам і будаўнікам, якія зрабілі яе такой прыгожай і ўладкаванай. Бясспрэчна, гэта вялікі падарунак случчанам ды ўсім жыхарам краіны. Дзякуй і добрага шляху!

    Автор: Наталля СЕЛЯЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)