25 Апреля, 2024 Четверг

Жыллёвая субсідыя — як форма дзяржаўнай падтрымкі грамадзян

  • 14 ноября 2016 Экономика Беларуская 0

    З пачатку кастрычніка ў Беларусі распачата работа па разліку і налічэнні безнаяўных жыллёвых субсідый катэгорыям грамадзян, чые выдаткі на плату за жыллёва-камунальныя паслугі перабольшваюць 15% ад сукупнага даходу сям’і (ці асобнага грамадзяніна) у сельскай мясцовасці і 20% — у горадзе. Каб папярэдзіць пытанні, якія могуць узнікнуць у жыхароў нашага раёна ў сувязі з дзеяннем Указа №322, асноўныя яго моманты мы папрасілі патлумачыць начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама Ірыну Пракопчык.

     Ірына Генадзьеўна, што ўвогуле такое безнаяўная жыллёвая субсідыя (БЖС) і на якія камунальныя паслугі яна аказваецца?

    — Безнаяўная жыллёвая субсідыя — гэта форма дзяржаўнай падтрымкі грамадзян для частковай аплаты жыллёва-камунальных паслуг, іншымі словамі — розніца паміж налічанай па нарматыўных нормах сумай і сумай абавязковага плацяжу, які складае 15% сукупнага даходу — для вяскоўцаў і 20 — для гараджан. Такім чынам, атрымаць субсідыю змогуць сем’і альбо адзінокія грамадзяне, чые затраты на аплату жыллёва-камунальных паслуг перавысяць 15% ад сукупнага даходу ў сельскай мясцовасці і 20% — у горадзе.

    — Якія камунальныя паслугі субсідзіруюцца?

    — Субсідзіруюцца паслугі па гарачым і халодным водазабеспячэнні, водаадвядзенні (каналізацыі), газа-, электра- і цеплазабеспячэнні, забеспячэнні звадкаваным углевадародным газам ад індывідуальных балонных ці рэзервуарных установак, капітальным рамонце, тэхабслугоўванні жылога дома і ліфта, звароту з цвёрдымі бытавымі адходамі, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома.

    А вось цякучы рамонт і плата за карыстанне жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду ў дадзены пералік не ўваходзіць. Гэта значыць, субсідыя на вяртанне выдаткаў, якія ўласнік панясе, да прыкладу, падчас цякучага рамонту пад’ездаў альбо па арэнднай плаце прадастаўляцца не будзе. Гэтак жа, як і на дадатковыя камунальныя паслугі, ад якіх можна адмовіцца. У прыватнасці, на тэхнічнае абслугоўванне дамафонаў, азеляненне прыдамавых тэрыторый.

    — Каму прадастаўляецца безнаяўная жыллёвая субсідыя?

    — БЖС прадастаўляецца ўласніку альбо наймальніку жылога памяшкання дзяржаўнага жылфонду, члену арганізацыі забудоўшчыка альбо членам сям’і, якія пражываюць з імі сумесна.

    — Ці ўсім грамадзянам з невялікім агульным даходам можа быць прадастаўлена безнаяўная жыллёвая субсідыя?

    — Не ўсім. У афармленні субсідыі будзе адмоўлена, калі ўладальнік жылля альбо хто-небудзь з членаў сям’і, якія сумесна з ім пражыва­юць, будуць мець ва ўласнасці некалькі жылых памяшканняў на тэрыторыі краіны (да прыкладу, кватэру і дом, дзве кватэры і г. д.) альбо долей у іншай кватэры (выключэнне склада­юць шматдзетныя сем’і), здаваць жыллё па дагаворы найму альбо валодаць кватэрай, у якой зарэгістравана прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Дадзенае правіла дзейнічае нават у тым выпадку, калі сукупны даход малы і дазваляе прэтэндаваць на субсідыю. Прычым, калі стане вядома, што звесткі пра даходы не адпавядаюць рэчаіснасці, прыдзецца вярнуць не толькі ўсю налічаную субсідыю, але і заплаціць пеню за кожны дзень такой дапамогі ў памеры 0,3%.

    — Як фарміруюцца спісы грамадзян на субсідыю? Ці варта чалавеку самаму пісаць заяву?

    — Субсідыя будзе прадастаўляцца на аснове заяўнага прынцыпу і прынцыпу выяўлення. Па апошнім дапамогу дзяржавы змогуць атрымаць пенсіянеры, якія не працуюць і дасягнулі ўзросту, устаноўленага для пенсіі па ўзросце на агульных умовах, альбо непрацуючыя паўналетнія інваліды, калі сумесна з імі не пражываюць працаздольныя члены сям’і. Гэтым катэгорыям грамадзян ніякіх даведак збіраць не трэба, пра ўсё паклапоцяцца адпаведныя службы. Астатнім катэгорыям субсідыя будзе прадастаўляцца па заяўным прынцыпе — сем’і і грамадзяне, чые плацяжы за “камуналку” перавысяць вызначаны ўказам працэнт абавязковага плацяжу, павінны самастойна сабраць пакет дакументаў і звярнуцца з заявай у арганізацыю ЖКГ, упаўнаважаную па ўліку, разліку і налічэнні платы за камунальныя паслугі, у нашым раёне — ва УКП “Жылкамгас”. Сума дзяржпадтрымкі ў кожным выпадку будзе разлічвацца індывідуальна.

    — Скажам, калі чалавек зарэгістраваны ў Бабруйску, але часова пераехаў у Гарбацэвічы даглядаць пажылых бацькоў-­інвалідаў, ці будуць улічваць ягоны даход падчас вызначэння сукупнага даходу для атрымання субсідыі па месцы жыхарства баць­коў?

    — Не будуць. Калі бацькам-­інвалідам будзе паложана субсідыя, яе разлічаць і прызначаць аўтаматычна па прынцыпе выяўлення.

    — На які тэрмін прадастаўляецца жыллёвая субсідыя?

    — Па прынцыпе выяўлення бу­дуць прымацца ў разлік даходы сям’і за 3 месяцы, па заяўным — за 6 месяцаў, якія папярэднічалі месяцу звароту. На гэты ж тэрмін і будзе прадастаўлена субсідыя. Прычым, заява на яе атрыманне разглядаецца на працягу 10 дзён, калі спатрэбіцца праверка дакументаў — да 20 дзён. Рашэнне аб прызначэнні субсідыі ўступае ў сілу ў месяц, наступны за месяцам яго прыняцця.

    — Якія дакументы неабходны на субсідыю?

    — Уласнік жылля павінен прадаставіць заяву на яе атрыманне, пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу; дакументы, якія пацвярджаюць даходы ўласніка і членаў ягонай сям’і за 6 месяцаў; пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (для тых, у каго дзеці да 18 год); пасведчанне аб шлюбе (альбо яго скасаванні); пенсійнае пасведчанне альбо пасведчанне інваліда (калі ў сям’і ўласніка ёсць пенсіянеры альбо інваліды). Некаторыя дакументы служба субсідзіравання будзе запытваць самастойна. Пры гэтым за даведку аб тым, што заявіцелю і членам яго сям’і належыць права на аб’екты нерухомай маёмасці альбо іх адсутнасць заяўляльніку неабходна будзе заплаціць самаму.

    — На налічэнне субсідыі якія даходы будуць улічвацца?

    — Улічваюцца ўсе віды пенсій, у тым ліку з іншых дзяржаў, штомесячныя страхавыя выплаты, грашовае ўтрыманне, усе віды стыпендый, дапамог, заробак, сумы, налічаныя па грамадзянска-прававых дагаворах; даходы, атрыманыя асобамі ў перыяд знаходжання ў месцах пазбаўлення волі, аліменты, даходы па акцыях: дывідзенды, працэнты; сумы грашовых сродкаў, атрыманыя ў выніку наследавання, дарэння, дабрачыннасці, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці і іншае. Пры гэтым варта ўлічыць — каб атрымаць субсідыю, неабходна прадаставіць дакумент аб даходах за кожны поўны месяц на працягу паўгода.

    — Ці можа аформіць субсідыю ўласнік кватэры, які, да прыкладу, пражывае адзін, вучыцца на платным аддзяленні ў вузе, даходаў не мае і знаходзіцца на ўтрыманні?

    — Не можа: няма даходу — няма субсідыі.

    — Па якім прынцыпе будуць налічваць субсідыю пенсіянерам і інвалідам, калі яны пражыва­юць разам з працаздольнымі членамі сям’і?

    — Па заяўным прынцыпе з прадастаўленнем поўнага пакету дакументаў і даведак аб даходах кожнага члена сям’і.

    — Як даведацца пра памер налічанай субсідыі?

    — Гэта будзе адлюстравана ў “жыроўцы”. Акрамя таго, кожнаму грамадзяніну (сям’і) — атрымальніку субсідыі па пошце павінна прыйсці паведамленне аб прадастаўленні альбо адказе ў прадастаўленні субсідыі.

    — Дзякуй за размову.

    Автор: Алена КАРПЕНКАТрыбуна працы
    Теги: 

Комментарии (0)