29 Апреля, 2026 Среда

Парламентарыі наведалі Бялыніччыну

  • 28 ноября 2016 Экономика Беларуская 0

    З прадпрыемствамі перапрацоўчай прамысловасці Магілёўшчыны знаёміліся на гэтым тыдні члены Камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь. Зрабочым візітам яны завіталі і ў наш раён.

    Падчас наведання цэха па вытворчасці сыроў ААТ “Бабуліна крынка” з поўным цыклам вытворчасці прадукцыі парламентарыяў пазнаёміла дырэктар Тамара ГАЛЁТА. Дэпутатаў цікавілі пытанні аб’ёму вытворчасці цэха, а гэта 20 тон сыру і паўтары тоны сметанковага масла за суткі, тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны, асноўныя паказчыкі сыравінных зон, якасць і асартымент прадукцыі.

    Асаблівая ўвага была звернута на сучаснае абсталяванне, устаноўленае ў цэху па перапрацоўцы малака. Уведзенае ў эксплуатацыю 10 год таму, яно і сёння з’яўляецца адным з перадавых.

    Акрамя таго, дэпутаты адзначылі высокі ўзровень добраўпарадкавання тэрыторыі цэха. А ў тым, што нашы сыры сапраўды маюць выдатныя смакавыя якасці, яны змаглі ўпэўніцца на арганізаванай выставе-дэгустацыі.

    Падводзячы вынікі візіту, член Камісіі і пакуль дзеючы гендырэктар ААТ “Бабуліна крынка” – упраўляючая кампанія холдынгу “Магілёўская малочная кампанія “Бабуліна крынка” Ігар КАНАНЧУК адзначыў, што, нягледзячы на курсавыя ваганні і эканамічныя складанасці, Бялыніцкі цэх – адно з нямногіх прадпрыемстваў холдынгу, якое ва ўсе часы працавала са станоўчай рэнтабельнасцю.

    Парламентарыі падзякавалі Тамары Галёце і Ігару Кананчуку за стварэнне і працу эканамічна стабільнага прадпрыемства з прафесійным калектывам, які стварае станоўчы імідж не толькі раёна і вобласці, але і нашай краіны.

    Затым для дэпутатаў была праведзена экскурсія па райцэнтры, падчас якой яны даведаліся аб гісторыі і развіцці Бялыніцкай зямлі.

    Візіт парламентарыяў на Бялыніччыну завяршыла наведанне фарэлевай гаспадаркі ў аграгарадку Вішоў, дзе яны пазнаёміліся з тэхналогіяй вырошчвання высокакаштоўных відаў рыбы.

    Структура Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі налічвае 14 пастаянных камісій. У склад Камісіі па аграрнай палітыцы ўваходзяць 6 дэпутатаў, якія займаюцца пытаннямі аграрнай палітыкі, развіцця інфраструктуры сельскіх населеных пунктаў, заканадаўства аб сельскай гаспадарцы, нарыхтоўцы сельгаспрадукцыі, а таксама ахове і выкарыстанні земляў.

    Вольга НАБОКАВА.

    Автор: Вольга НАБОКАВА.Зара над Друццю
    Теги: 

Комментарии (0)