28 Апреля, 2024 Воскресенье

Паспець да Новага года

  • 02 декабря 2016 Экономика Беларуская 0

    Убраны ўраджай, апусцелі палеткі. У гэтыя дні механізатары сельгаспрадпрыемстваў завяршаюць работы па пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне і пачынаюць яе падрыхтоўку да наступнага сельгаскагаспадарчага года. Нядаўна на раённай нарадзе ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання паставіла перад інжынернай службай сельгаспрадпрыемстваў задачу ў першую чаргу прыступіць да рамонту кормаўборачных камбайнаў і завяршыць гэтую работу да наступлення новага года.

    —Такая паспешнасць з рамонтам кормаўборачных камбайнаў выклікана тым, што пераважная большасць гэтых машын адслужылі па восем і больш сезонаў, вельмі пазнасіліся і часта ў час нарыхтоўкі кармоў выходзілі са строю. Каб надзейна працавалі камбайны на сенажацях у будучым сезоне і ўлічваючы тое, што на іх рамонт патрэбна затраціць вялікія сумы грошай, і вырашана прыступіць да іх рамонту неадкладна з восені. Спадзяемся, што гэта дазволіць якасна падрыхтаваць гэтая машыны да сенакосу, — тлумачыць сітуацыю начальнік вытворчага аддзела райсельгасупраўлення Уладзімір АНІШЧАНКА.

    Што канкрэтна робіцца ў сельгаспрадпрыемствах па аднаўленні кормаўборачных машын? Нядаўна давялося пабываць на машынным двары ААТ “Усход-Чырына”. У рамонтнай майстэрні я ўбачыў на падстаўках два кормаўборачныя камбайны: “Ягуар” і КВК-800, з якіх былі зняты многія вузлы і дэталі. Механізатар Дзмітрый Вайцюшэнка, які ў сезон працуе на “Ягуары”, паведаміў, што неабходна правесці капітальны рамонт рабочых вузлоў камбайна. Работы шмат.

    —Ці паспееце да Новага года паставіць на лінейку гатоўнасці камбайн? — пацікавіўся ў механізатара.

    —Калі будуць усе неабходныя для рамонту запчасткі, дык паспею. Некаторыя з іх ужо закуплены, — гаворыць Д.Вайцюшэнка.

    Сітуацыю з абнаўленнем кормаўборачных машын папрасіў пракаменціраваць намесніка дырэктара гаспадаркі Дзмітрыя Янчанку.

    —З трох наяўных кормаўборачных камбайнаў спраўны толькі адзін КВК-800. А для аднаўлення двух кормаўборачных машын, якія зараз у майстэрні, неабходна выдаткаваць вялікую суму грошай. Напрыклад, для пакупкі помпавай станцыі, якая прыводзіць у дзейнасць рабочыя органы КВК-800, трэба 180 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Пакуль неабходнай сумы грошай для набыцця запчастак няма. Але разлічваем, што фінансавыя праблемы будуць вырашаны і кормаўборачныя камбайны адрамантуем у намечаны час, — гаворыць Д.Янчанка.

    У той дзень, акрамя камбайнаў у майстэрні былі на рамонце тры трактары, аўтамабіль “МАЗ”, глебаўборачны агрэгат АКШ-7,2.

    Намеснік дырэктара гаспадаркі Д.Янчанка паведаміў, што тэхніка, якая не задзейнічана ў вытворчых працэсах, ужо пастаўлена на зімовае захоўванне. Збожжаўборачныя камбайны, прэс-падборшчыкі, пасяўныя агрэгаты і іншыя складаныя сельгасмашыны ачышчаны ад гразі, памыты і захоўваюцца пад дахам павецяў, што надзейна іх засцерагае ад атмасферных ападкаў. Словам, працаўнікі ААТ “Усход-Чырына” рыхтуюцца да новага сельскагаспадарчага года.

    Автор: Андрэй КВІР.Дняпроўская праўда

Комментарии (0)