29 Марта, 2024 Пятница

Не расслабляцца – дабавіць на фінішы года

  • 03 декабря 2016 Экономика Беларуская 0

    Запатрабаваў ад кіраўнікоў рэгіёнаў, прадпрыемстваў і арганізацый старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс

    На чарговым пасяджэнні аблвыканкама, якое адбылося 25 лістапада, разгледжаны два пытанні: “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту вобласці за 9 месяцаў 2016 года” і “Аб стане работы па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур і ў цэлым па рэалізацыі патрабаванняў Дэрэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. №2 “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва”. У рабоце пасяджэння ўдзельнічалі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Калінін,  намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Генадзь Смольскі, першы намеснік старшыні канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Ігар Шустаў, начальнік эканамічнага ўпраўлення канцэрна “Беллегпрам” Наталля Бейда.

     Перад тым як даць слова для даклада па першым пытанні старшыні камітэта эканомікі Міхаілу Бацэнка, Анатоль Ліс зрабіў кароткі аналіз вынікаў работы за справаздачны перыяд. Адзначыў, што вобласцю з васьмі ключавых паказчыкаў эфектыўнасці ў поўным аб’ёме выкананы тры. У тым ліку заданні па экспарце паслуг, працаўладкаванні на зноў  створаныя рабочыя месцы за   кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Астатнія ключавыя паказчыкі, нягледзячы на станоўчую дынаміку, па выніках работы за 9 месяцаў засталіся невыкананымі.  Так, валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) склаў 98,8 працэнта пры заданні ў 101,1 працэнта. Прадукцыйнасць працы па ВРП – 

    100,7 працэнта пры заданні 101,3 працэнта. Экспарт тавараў (без уліку рэспубліканскіх арганізацый)  – 101, 1 працэнта пры заданні 104 працэнты. 

    А самым праблемным пытаннем губернатар назваў прыцягненне ў эканоміку вобласці інвестыцый. Ён адразу нацэліў кіраўнікоў гаррайвыканкамаў на неабходнасць  актывізацыі работы ў гэтым кірунку. “Інвестыцыі – гэта аснова развіцця эканомікі. Мы не можам чакаць росту паказчыкаў па асобных галінах, калі не ўкладваюцца сродкі ў іх мадэрнізацыю, не прыцягваюцца інавацыйныя тэхналогіі”, – сказаў Анатоль Ліс.  І падкрэсліў, што з сфармаванага спіса інвестпраектаў рэалізацыя некаторых нават не пачыналася.  Такая работа райвыканкамаў недапушчальная. Прычын можна знайсці шмат, але ў дадзеным выпадку кіраўнікі рэгіёнаў павінны былі зрабіць усё магчымае для рэалізацыі праектаў. Старшыня аблвыканкама папярэдзіў адказных асоб, што па выніках года будзе да-дзена прынцыповая ацэнка работы ўсіх галін  народнагаспадарчага комплексу з адпаведнымі высновамі. Час яшчэ ёсць, і неабходна   максімальна эфектыўна яго выкарыстаць.

    Інвестыцыйнай дзейнасці шмат увагі надаў у сваім дакладзе і Міхаіл Бацэнка. Ён адзначыў, што за справаздачны перыяд не атрымалася выканаць паказчык па інвестыцыях  у асноўны капітал за кошт замежных крыніц. Тэмп росту склаў 93,3 працэнта пры заданні 102,2 працэнта. Толькі 26,8 мільёна долараў склалі прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, што амаль на 22 мільёны менш  ад запланаванага. У некаторых раёнах вядзецца недастатковая работа па стварэнні прадпрыемстваў з замежным капіталам. Найбольшыя аб’ёмы замежных інвестыцый на чыстай аснове прыцягнуты ў Брэсце, Кобрынскім, Ляхавіцкім, Бярозаўскім раёнах. Зараз на стадыі рэалізацыі – 11 праектаў з прыцягненнем прамых замежных інвестыцый на агульную суму ў 50 мільёнаў долараў ЗША.

    Дакладчык таксама адзначыў, што не выкананы заданні па тэмпах росту дабаўленай вартасці ў будаўніцтве, аптовым і рознічным гандлі, забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай і кандыцыяваным паветрам. А вось працаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту з сваімі заданнямі справіліся паспяхова. 

    Было падкрэслена, што вобласць захоўвае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне па тэмпах росту: ВРП (1-е месца), прадукцыйнасці працы па ВРП (1-е месца), прамысловай вытворчасці (1-е месца), сельскай гаспадарцы (2-е месца), рознічнага таваразвароту (2-е месца), экспарту тавараў у цэлым па вобласці (2-е месца), экспарту паслуг (2-е месца), падрадных работ (1-е месца), энергазберажэнні (2-е месца). Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) склала 12,8 мільярда рублёў, тэмп росту – 113,7 працэнта – гэта лепшы вынік у рэспубліцы. Атрымана 456,3  мільёна чыстага прыбытку, што ў 10 разоў больш, чым было за адпаведны перыяд 2015 года. Казна вобласці папоўнілася больш чым на 1,3 мільярда рублёў. 

    За 9 месяцаў прадпрыемствы вобласці экспарціравалі тавараў больш чым на 1,3 мільярда долараў (тэмп росту – амаль 102 працэнты). Сальда знешняга гандлю склалася станоўчае на ўзроўні 383,4 мільёна долараў. Вобласць утрымлівае першае месца ў рэспубліцы па аб’ёмах экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання – 754,1 мільёна долараў ЗША, што складае 25,3 працэнта ад рэспубліканскага аб’ёму. “На працягу трэцяга квартала дынаміка нарошчвання экспарту  стабільна станоўчая. Чакаецца, што такой яна захаваецца да канца года”, – сказаў Міхаіл Бацэнка. Ён адзначыў, што сёлета асаблівая ўвага нашых экспарцёраў была звернута на пошук новых рынкаў збыту, замацаванне  на існуючых рынках, а таксама на ўзнаўленне згубленых кантактаў. У студзені–верасені тавары нашых вытворцаў пастаўляліся ў 80 краін, адкрыта 9 новых рынкаў збыту – Бразілія, Аргенціна, Ліван, Нігерыя, Партугалія, Панама, Саудаўская Аравія, Эквадор, Танзанія. Экспарт у гэтыя краіны склаў каля 140 тысяч долараў. Не сталі разавымі пастаўкі  на рынкі, адкрытыя ў 2015 годзе. Сёлета тавары з Брэстчыны па-ранейшаму запатрабаваныя ў Японіі, Іране, Філіпінах. 

    Таксама праводзіцца паэтапнае  пераарыентаванне рынкаў збыту. Так, экспарт-ныя пастаўкі ў краіны Еўрасаюзу выраслі на 19,7 працэнта і склалі 111,2 мільёна долараў, на 21 працэнт  павялічыўся экспарт  у краіны Азіі (без СНД), на 60,5 працэнта – у Аўстралію і краіны Акеаніі. На новыя перспектыўныя рынкі прадпрыемствы Брэстчыны  адправілі прадукцыі на 5,7 мільёна долараў.

    І ўсё ж  на пасяджэнні аблвыканкама давалася больш крытычная ацэнка вынікам працы. У першую чаргу гэта тычылася будаўнічага комплексу. Менавіта будаўніцтва  больш усяго адмоўна ўплывае на фарміраванне ВРП. Падзенне дабаўленай вартасці ў гэтай галіне ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года склала 20,4 працэнта. Значна знізіліся аб’ёмы будаўніча-мантажных і падрадных работ. Віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін звярнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на тое, што пры будаўніцтве жылля прадпрыемствы ў першую чаргу павінны арыентавацца на пакупніцкую здольнасць грамадзян. І падкрэсліў, што ўзвядзенне жылля павінна быць  эфектыўным, яго кошт – даступным. 

    Па другім пытанні, разгледжаным на пасяджэнні, з дакладам выступіла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама Вольга Варабей. 

    Па разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні аблвыканкама.

    Автор: Адам АРСЕНЬЕЎНародная трыбуна

Комментарии (0)