29 Марта, 2024 Пятница

Прычыны — у суб’ектыўным

  • 07 декабря 2016 Экономика Русский 0

    Пры ўсёй павазе да людзей нялёгкіх сельскагаспадарчых прафесій, улічваючы няпростае эканамічнае становішча, у якім некаторыя аграрныя прадпрыемствы апынуліся не толькі па сваёй віне, тым болей цяжка зразумець, чаму ў сітуацыі, калі ёсць магчымасць зарабіць хоць якую капейку, асобныя настойліва працягваюць гэтае ігнараваць. 

    Чаму на стале рагуль у цэху па вытворчасці малака зусім адсутнічаюць соль і багатая на караціны хвоя, а ў корме, што прапаноўваецца, значна перавышаны паказчык вільгаці? Чаму ў рацыён маладняку не ўключаны такія неабходныя для яго росту сена і канцэнтраты? Чаму загадчыца фермы не валодае інфармацыяй аб нормах і рэцэпце прыгатавання кормасумясі і не кант­ралюе ход апошняга? Чаму ранішняе кармленне жывёлы ажыццяўляецца са значным спазненнем? Чаму не падрыхтавана і не функцыянуе радзільнае аддзяленне, а ў памяшканнях для ўтрымання скаціны і па-за іх межамі антысанітарыя?.. 

    Пералік такіх «чаму» — пытанняў, якія ўзніклі ва ўдзельнікаў штотыднёвай раённай нарады па вытворчасці і рэалізацыі малака да спецыялістаў і кіраўніцтва Бабруйскага ААТ «Аграмашсервіс», на базе якога прайшло мерапрыемства ў мінулую суботу, можна б было працягваць. Між тым аргументаваных адказаў на іх не было. Ні ў дырэктара таварыства Сяргея Свірко, ні ў спецыялістаў гаспадаркі, штат якіх цалкам укамп­лектаваны, ні тым болей у работнікаў фермы «Слабада», якую ў гэты дзень наведалі. Затое адказ выразна чытаўся на тварах прысутных і ў адозвах кіраўніцтва — бяздзеянне, блізкае да шкод­ніцтва. 

    Можна б было спаслацца на няпростую эканамічную сітуацыю і адсутнасць грашовых сродкаў, што ў апошні час сапраўды мае месца, але не ў гэтым выпадку. Мерапрыемствы, якія з настойлівым пастаянствам ігнаруюць у «Аграмашсервісе», — пра гэта гаварылі і начальнік райсельгасхарчу Дзмітрый Харчанка, і ягоны намеснік па жывёлагадоўлі Аляксандр Кісялёў — патрабуюць не грошай, а толькі адказнага падыходу да прамых абавязкаў кожнага на сваім працоўным месцы і ў першую чаргу — кіраўніка. Ні гэтага, ні хоць бы простага чалавечага ўдзелу да лёсу жывёлы на ферме заўважана не было. А гэта значыць — сітуацыя патрабуе неадкладнага рэагавання. Пра гэта гаварылі і старшыня райвыканкама Аляксандр Осіпаў, і намеснік дырэктара ААТ «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў» Барыс Клешчукевіч на плянарным пасяджэнні, якое адбылося ў Хімоўскім СДК і падчас якога — так ужо сталася — на прыкладзе пабачанага было прааналізавана, як рабіць нельга. 

    Там жа была завострана ўвага на выніках работы малочнай галіны раёна за папярэдні тыдзень, абмеркавана выкананне даведзеных арганізацыям заданняў на гэты перыяд, пастаўлены задачы на бліжэйшыя 7 дзён. Улічваючы тое, што з заданнем па росце малака ў апошнія лістападаўскія дні справіліся толькі 4 сельгасарганізацыі — філіялы «Харчавік-­Агра» ААТ «Чырвоны харчавік», «Агракамбінат КХП» ААТ «Баб­руйскі камбінат хлебапрадуктаў», «Варатынь» ААТ «БЗТДіА» і ААТ «Стасеўка», рэкамендавана работу ў дадзеным накірунку працягнуць. Пераважнай частцы гаспадарак указана актывізаваць будаў­ніцтва індывідуальных домікаў для ўтрымання маладняку. Спецыяліс­там ААТ «Саўгас Кісялевічы», ра­зам з іншым, — узмацніць кант­роль за вытворчым працэсам, дзе выяўлены хібы. Раённай ветэрынарнай службе самым сур’ёзным чынам падыйсці да выканання супрацьмасцітных мерапрыемстваў і тых, што датычацца прафілактыкі і лячэння іншых хвароб. Усім разам — на­даць першаступеннае значэнне прыгатаванню ў адпаведнасці з тэхналогіяй кормасумясяў для жывёлы. Інфармацыю, як гэта рабіць, спецыялістам райсельгасхарчу прыйдзецца давесці да жывёлаводаў паўторна. Ім жа ўказана ажыццяўляць кантроль за выкананнем зробленых кіраўніком раёна даручэнняў. 

    У апошнім, здавалася б, нічога дзіўнага. Але толькі таму, што да падобнай пастаноўкі справы мы, на жаль, прывыклі. Між тым, не толькі дзіўнае, але супрацьнатуральнае бачыцца ў тым, што гаспадароў даводзіцца прымушаць карміць жывёлу, спраўна яе даглядаць. Ды яшчэ тых, хто за гэта атрымлівае грошы?! Аднак практыка паказвае, што пакуль і ад такой меры адмаўляцца нельга. 

    ***

    Між тым, можна гаспадарыць і па-іншаму. Пасля шматлікіх нараканняў з боку раённага кіраўніцтва і зацікаўленых службаў станові­шча выправілі на ферме Баранавічы філіялу “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”. Цяпер памяшканні, дзе ўтрымліваецца статак, пакідаюць прыемнае ўражанне — чыста вымеценыя, жывёла па-­гаспадарску падсцелена. Для гэтых мэт на комп­лексе выкарыстоўваюць у асноўным апілкі, пра якія загадзя паклапаціліся: акуратна складзены падсцёл чакае свайго часу непадалёк ад радзільнага аддзялення МТК. На стале ў маладняку, акрамя сіласу, у вольным доступе сена і камбікармы. У радзільным аддзяленні навацельныя, сухастойныя каровы па перыядах і цялушкі размежаваны, у кожнай групы свой рацыён. На момант нашага прыезду рагулі актыўна паядалі кормасумясь уперамешку з канцэнтратам, а жывёлаводы тым часам наводзілі парадак (на фота).  

    Зрэшты, з практыкі заўважана — калі работа сапраўды вядзецца, то і сказаць пра яе ёсць што. Работніцы комплексу з лёгкасцю ўступалі ў размову, наперабой расказвалі пра распарадак працоўнага дня, кармленне жывёлы, перавагу апілкаў над саломай… І нават калі дапусціць, што наша з’яўленне не было для іх раптоўным — мабільная ж сувязь існуе не дарма — тое, што пабачанае — не спехам змайстраваны дабрабыт, а штодзённая праца калектыву, адчуваецца ва ўсім. І найперш — у вытворчых паказчыках. Па словах галоўнага заатэхніка гаспадаркі Валянціны Васілеўскай, навацельныя каровы на МТК Баранавічы даюць гэтым часам па 16,8 л малака на галаву. За апошні тыдзень яго рэалізацыю на комплексе павялічылі на 400 л — прыкладна па кілаграму прыбавіла кожная рагуля. Сярэднесутачныя прывагі жывёлы за лістапад склалі 789 г. А гэта гаворыць пра тое, што людзі стараюцца працаваць.   

    Автор: Алена КАРПЕНКАТрыбуна працы
    Теги: 

Комментарии (0)