05 Мая, 2024 Воскресенье

Сертыфікат як абярэг – не заўсёды дзейсны…

  • 23 декабря 2016 Экономика Беларуская 0

    Сёння ўжо і не надта ўспамінаюць не такі нядаўні час, калі дзяржава запатрабавала ад гандляроў усіх катэгорый мець сертыфікаты на рэалізуемы тавар. Колькі было шуму, якія кіпелі жарсці, даходзіла і да спынення работы некаторых рынкаў. Ці не тройчы пераносіліся тэрміны ўвядзення норм заканадаўства. Нарэшце, яны запрацавалі.

    Дзеля чаго ўсё тое рабілася, звычайныя пакупнікі цалкам не разумелі. Бо, прызнаемся самі сабе, ніколі мы не разлічвалі на выключную якасць таго, што набывалася на рынках ці ў невялікіх кіёсках. “Зроблена ў Кітаі” – гэты лэйб стаўся для нас не знакам якасці, а, на жаль, знакам даступнасці для непераборлівага спажыўца. А што ж, казалі мы: на сезон хопіць, а там і выкінуць не шкада. А вось чым абарочваўся гэты самы сезон нашэння той ці іншай рэчы, мы асабліва не задумваліся. Хіба можа неяк пашкодзіць нам нашэнне абутку ці адзення?

    Аказваецца, пашкодзіць можа. І асабліва нашым дзецям. Недарэмна менавіта для гэтай катэгорыі – для дзяцей – распрацаваны і дзейнічаюць ва ўсім свеце жорсткія нормы, у якіх вялікая колькасць патрабаванняў. І не са столі яны ўзятыя, а прадыктаваныя жыццёвай практыкай, назіраннямі ўрачоў.

    Неабходнасць сертыфікацыі тавару паўстала заслонай перад саматужнай вытворчасцю, запатрабавала ад вытворцаў улічваць бяспеку і стандарты. Але, тым не менш, тавары, якія трапляюць на прылаўкі, а пасля да пакупнікоў, з адступленнямі ад ДАСТаў сустракаюцца. І, як гэта ні  сумна, па-ранейшаму сярод тавараў, дзе знаходзяцца шматлікія парушэнні, – вырабы з Кітаю.

    Брэсцкая абласная інспекцыя Дзяржстандарту у верасні-лістападзе пры правядзенні надзорных мерапрыемстваў выявіла нямала фактаў падобных парушэнняў. Варта пералічыць некаторыя, каб засяродзіць увагу нашых чытачоў на тых стандартах, пра якія многія з нас і не падазраюць.

    … У дзіцячым абутку ясельнага ўзросту была прыменена пракладка з поліэстэру, хімічнага валакна, разам з тым, у такім абутку дапускаецца пракладка з утрыманнем хімічных валокнаў не больш за 10 працэнтаў.

    Дзіцячыя летнія туфелькі з Кітаю, пастаўшчык з Расіі, для дзяцей да трох гадоў мелі адкрытую пятачную частку, чаго не павінна быць.

    Найбольш парушэнняў выяўлена ў дзіцячым абутку ў адносінах да вышыні абцасіка. Так-так, тут таксама існуюць жорсткія нормы – не павінны дзеці да пэўнага ўзросту насіць такі абутак. І тут зноў, хоць пастаўшчыкамі былі як расійскія, так і айчынныя кампаніі, асноўны вытворца – Кітай.

    Не думаю, што нехта на падобныя парушэнні скажа, што яны – дробязь. Размова ідзе пра рост дзіцяці, фарміраванне яго знешнасці.

    Што тычыцца адзення, то ведаем мы ўсе, што пажадана насіць тое, якое “дыхае” – прапускае паветра, забірае з цела вільгаць. Безумоўна, тут сама лепш выбіраць натуральныя тканіны. Але ж як утрымацца і не купіць такую прывабную, яркую кітайскую сукеначку для дачушачкі? Купілі, прадавец так запэўніваў, што якасны тавар і добры. Мажліва, але ж не ўвесь.

    Сярод дзіцячага адзення выяўлены факты наяўнасці сукенак, якія складаліся на 60 працэнтаў з бавоўны і на 40 з акрылу і мелі паказчык гіграскапічнасці (гэта значыць – магчымасць забіраць вільгаць) 8,7 працэнта. А магчымы ўзровень –  не ніжэй за 10 працэнтаў. Тое ж тычылася і дзіцячых штанікаў, зноў – вытворца з Кітая, гіграскапічнасць – 8,5 працэнта. Знайшліся і джынсы для дзяўчынак, якія, вобразна кажучы, амаль не дыхалі.

    У стандарты ўнесена норма для дзіцячай бялізны, якая не дапускае кантакту асобных сінтэтычных матэрыялаў са скурай дзіцяці. І зноў, у дзіцячых камбінезонах, калготах, маечках (вытворцы як Кітай, так і Расія) знойдзены парушэнні гэтага стандарту.

    Увагу работнікаў інспекцыі атрымалі і дзіцячыя веласіпеды, зноў жа, вытворцы – Кітай і Расія, дзе меры бяспекі выкананы былі не на належным узроўні.

    Не трэба спадзявацца, што тавары могуць быць небяспечнымі толькі для дзяцей з пункту гледжання стандартаў. Для дарослых, як высветлілі інспектары, пэўную небяспеку ствараля мэбля некаторых расійскіх кампаній (полкі, ложкі, кухні, прыхожыя…) праз адсутнасць на тарцах мэблевай пліты ахоўнага пакрыцця…

    І вось выніковыя лічбы: забаронена для рэалізацыі 39 партый небяспечнай прадукцыі на агульную сумму каля 9 тысяч дэнамінаваных рублёў (90 мільёнаў). Выдадзены прадпісанні аб выняцці з абароту 22 найменняў небяспечнай прадукцыі. 11 найменняў прадукцыі забаронены для ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі краіны. На 18 сертыфікатаў выдадзены прадпісанні аб прыпыненні іх дзейнасці. І ўрэшце 13 пратаколаў аб адміністрацыйных парушэннях.

    Па выснову з усяго гэтага далёка хадзіць не трэба: наяўнасць сертыфікату, на жаль, не гарантуе бяспеку тавару, асабліва ў тых выпадках, калі пазначаны вытворца “Кітай” (бо той “кітай” можа мець прапіску ў якім падвальным памяшканні Падмаскоўя). А таму з гэтага вынікае: лепш купляць сваё, асабліва тады, калі ідзе справа аб пакупках для дзіцяці – у выпадку чаго, хоць будзе куды звярнуцца з прэтэнзіяй…

    Падрыхтаваў Валерый Гапееў.

    Автор: Валерый ГапееўІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)