26 Апреля, 2024 Пятница

Дыялогі пра дарогі

  • 23 декабря 2016 Экономика Беларуская 0

    На мінулым тыдні Шчучын наведаў міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Анатоль Аляксандравіч Сівак. Мэта яго візіту ў наш горад – правядзенне асабістага прыёму грамадзян.

    Дарэчы, міністр узгадаў, што два гады таму ён ужо прыязджаў у наш райцэнтр і вёў зацікаўлены дыялог са шчучынцамі. – Менавіта тады мы гаварылі аб будаўніцтве пуцеправода ля Шчучына.

    Прыйшлі да высновы, што гэта трэба абавязкова зрабіць. І яго пабудавалі, – падкрэсліў Анатоль Аляксандравіч. – Сёння ж мы ўжо аб’ехалі і паглядзелі дарогу М6, пацікавіліся ходам яе рэканструкцыі, калегіяльна абмеркавалі важныя моманты, у тым ліку з ДАІ – пытанні бяспекі пасля заканчэння будаўніцтва. Пастаўлена задача, каб былі ўлічаны ўсе апошнія дасягненні. Паралельна разгледзім і іншыя пытанні, якія датычаць сферы транспарту і камунікацый.

    Так, намеснік старшыні райвыканкама Я.Б. Майсей і начальнік ДРБУ-161 М.І. Сцельмашок абмеркавалі з міністрам мясцовае дарожнае пытанне. На тэрыторыі раёна ёсць дзве гравійкі, што злучаюць Шчучынскі і Гродзенскі раёны. Стан іх здавальняючы, падкрэсліў Ян Браніслававіч Майсей, аднак хацелася б “апрануць” гэтыя шляхі зносін у асфальт.

    – Важна, каб дарогі, у тым ліку мясцовыя, што вядуць у самую аддаленую вёску, былі больш якасныя, – агучыў сваю пазіцыю А.А. Сівак. – Каб яны мелі добрае пакрыццё, і можна было круглы год хутка і без праблем даязджаць у патрэбным накірунку. Вось і сёння ўжо прагучала, што ёсць нядрэнная гравійка, але людзі хочуць бачыць на ёй асфальт. Іншыя дарогі патрабуюць рамонту, і гэтую праблему таксама варта вырашаць… Есць даручэнне Прэзідэнта сур’ёзна займацца мясцовымі дарогамі, нагадаў А.А. Сівак. Што датычыць рэгіёнаў, то будзе прапрацоўвацца пытанне выдзялення крэдытных сродкаў на гэтыя мэты.

    Таксама гутарка вялася аб сучасных тэхналогіях у дарожным будаўніцтве, расшырэнні дарожнай сеткі, падтрыманні існуючых гравійных і грунтовых шляхоў зносін у належным стане, транспартным зборы і г.д. Закраналіся таксама пытанні бяспекі дарожнага руху. Сваю пазіцыю выказаў і прысутны пры дзелавой размове намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама У.І. Дзяшко.

    Уладзімір Іосіфавіч Дзяшко звярнуў таксама ўвагу на новыя мабільныя тэхналогіі, якія дапамагаць сачыць за функцыянаваннем транспартных артэрый, станам дарожнага пакрыцця, сітуацыяй з бяспекай на дарогах. Цяпер, нават знаходзячыся ў кабінеце, можна разгледзець участкі дарог, лічы, у рэжыме онлайн (інфармацыя абнаўляецца праз 15 хвілін), дзякуючы дыстанцыйным вымяральным станцыям. Такім чынам магчыма бачыць не толькі дарогі вобласці, але і ўсёй краіны.

    Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

    Автор: Татьяна ПолубяткоДзянніца

Комментарии (0)