19 Апреля, 2024 Пятница

Эканоміць час і сродкі

  • 09 января 2017 Экономика Беларуская 0

    Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел намеснік начальніка ўзбраення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Андрэй Валянцінавіч Федзін, начальнік Дэпартамента транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Сяргей Ігнатавіч Новікаў, намеснік начальніка Дэпартамента – начальнік 3-га ўпраўлення транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны краіны палкоўнік Аляксей Валер’евіч Якунін, начальнік бронетанкавага ўпраўлення Міністэрства абароны палкоўнік Алег Вячаслававіч Фамін, настаяцель храма святога князя Аляксандра Неўскага іерэй Сяргей Рында, вайскоўцы брыгады.

    Да нядаўняга часу ва Узброеных Сілах краіны быў толькі адзін цэх па рамонце грузападымальных машын і механізмаў. Наменклатура рамонту там абмяжоўваецца аўтакранамі. Створаны ж у 30-й асобнай чыгуначнай брыгадзе аддзел адрозніваецца ад іншых рамонтных падраздзяленняў магчымасцю вырашэння мноства новых задач.

    Аддзел складаецца з лабараторыі і цэха па рамонце грузападымальных машын. Лабараторыя прызначана для правядзення дыягностыкі і экспертызы грузападымальных кранаў метадам неразбуральнага кантролю, а супрацоўнікі цэха выконваюць рамонтна-аднаўленчыя работы, праводзяць абслугоўванне кранаў.

    Да пераваг лабараторыі можна аднесці яе мабільнасць: на ўзбраенні спецыялістаў знаходзяцца сучасныя сродкі дыягностыкі. Мабільная група лабараторыі можа выехаць у любую кропку Беларусі, дзе і правядзе дыягностыку крана пры дапамозе спецыяльнага абсталявання. Гэта дазваляе эканоміць час, мотарэсурс тэхнікі і матэрыяльныя сродкі.

    Намеснік начальніка ўзбраення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Андрэй Валянцінавіч Федзін падзякаваў вайскоўцам за стварэнне важнага вытворчага аб’екта:

    – Міністр абароны краіны высока ацэньвае дзейнасць 30-й асобнай чыгуначнай брыгады. Для гэтага ёсць падставы: вы зрабілі крок наперад і стварылі зачын, які дазволіць нам далей развівацца і ўдасканальвацца. На ўзбраенні краіны – некалькі тысяч  грузападымальнай тэхнікі рознага прызначэння, якая патрабуе сістэматычнага дыягнаставання і рамонту.

    Як паведаміў Сяргей Ігнатавіч Новікаў, абсталяванне ў аддзеле – айчыннай вытворчасці, надзейнае. Абсталяванне, якое знаходзілася ў чыгуначных рухомых майстэрнях, ужо было немэтазгодна выкарыстоўваць па прызначэнні, таму часткова ўстанавілі ў аддзеле. Акрамя таго закупілі сучаснае абсталяванне за кошт матэрыяльных сродкаў, выручаных ад рэалізацыі вызваляемай маёмасці. У аддзеле створаны ўчасткі па рамонце гідраўлічнага абсталявання і вырабу рукавоў высокага ціску, па рамонце кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі, па рамонце электрычнага абсталявання і іншыя. 

    – Аддзел дыягностыкі і рамонту прызначаны выконваць задачы па падтрыманні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці ўсіх тэхнічных сродкаў краіны на базе  грузападымальных машын. Створаны аддзел дазваляе вырашаць комплекс задач – аднаўленне няспраўнай тэхнікі, якая эксплуатуецца ў войсках, а таксама наменклатуры спецыяльнай тэхнікі Узброеных Сіл – бронетанкавага ўпраўлення, – адзначыў Сяргей Ігнатавіч Новікаў. – У перспектыве на базе аддзела плануем асвоіць аднаўленне падкранавых пуцей казлавых і спецыяльных кранаў. Створанае падраздзяленне вырашае важныя задачы: гэта самастойнае і незалежнае ад іншых арганізацый правядзенне дыягностыкі і рамонту складанага абсталявання, а таксама эканомія грашовых сродкаў, стварэнне новых працоўных месцаў.

    Автор: Ірына КАВАЛЕНКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)