27 Апреля, 2024 Суббота

Субсидия службы занятости и курсы предпринимательской деятельности помогли открыть свое дело

  • 19 января 2017 Экономика Беларуская 0

    Раней мужчына працяглы час перабіваўся выпадковымі заробкамі майстра па аддзелцы кватэр. Не  раз пабываў у Расіі, дзе не было ніякіх гарантый не тое, што абагаціцца, а ўвогуле вярнуць затрачанае на дарогу і інструменты. 

    — Калі даведаўся, што ад дзяржавы можна атрымаць  фінансавую падтрымку, то за такую магчымасць ухапіўся абедзвюма рукамі, —дзеліцца сваім вопытам Сяргей Яраслававіч.

    Практычна поўную інфармацыю прадаставілі яму супрацоўнікі аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама аб тым, як зарэгістравацца беспрацоўным, прайсці навучанне на спецыяльных курсах і нават скласці патрэбны бізнэс-план.

    Як прызнаецца суразмоўца, пэўныя працэдуры праходзілі марудна. Здараліся мінуты, калі нават шкадаваў, што ўзяўся за такую для сябе нязвыклую і, на першы погляд, непад’ёмную справу, як прадпрымальніцкая дзейнасць. Але зараз лічыць, што гэты «галаўны боль» аказаўся апраўданым: узамен  атрымаў нямала выгод.

    Па-першае, дзякуючы афіцыйнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, ён можа адкрыта рэкламаваць свае паслугі, у тым ліку і праз раённую газету.

    — З дапамогай менавіта аб’яў я з мінулага лета  атрымаў каля дзясятка заказаў на рамонт кватэр рознай складанасці. Гэта забяспечыла стабільны заробак і магчымасць планаваць свае выдаткі на будучае.

    Па-другое, С.Я.Казловіч цяпер смела выдае гарантыю на сваю работу. Ён плаціць неабходныя падаткі, на падставе чаго заключае афіцыйныя дамоўленасці на аказанне паслуг. Гэта дае і яму пэўныя гарантыі, што заказчык будзе абавязаны выканаць свае абавязацельствы. Гэта ўвогуле пазбаўляе ад рызыкі выпадковых заробкаў і  дапамагае разрульваць магчымыя непаразуменні.

    Ёсць і трэцяя зручнасць — матэрыяльнае забеспячэнне першых крокаў у прадпрымальніцкай дзейнасці. Адпаведна з заканадаўствам, як будучы індывідуальны прадпрымальнік, С.Я.Казловіч атрымаў 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Здаецца, што грошы невялікія, але больш за 2 тысячы дэнамінаваных рублёў на пачатковым этапе можна лічыць неблагім штуршком. Што і атрымалася ў Сяргея Яраслававіча: як ён зазначае, на гэтыя грошы змог набыць прафесійны інструмент, які папоўніў яго ўласную «калекцыю майстра». Гэта не толькі палепшыла якасць выконваемых работ па рамонце, але і расшырыла межы магчымасцей самога выканаўцы. Маючы лазерны ўзровень, прафесійныя шурупавёрты, перфаратар і іншы інструментарый, майстар смела бярэцца за такія заказы, калі патрэбна правесці дасканалую рэканструкцыю па прынцыпе «пад ключ», нягледзячы на плошчу рамантуемых памяшканняў. Тэхнічнае аснашчэнне дазваляе і істотна скараціць тэрміны выканання работ, што зноў жа станоўча ўплывае на заробкі індывідуальнага прадпрымальніка.

    На сённяшні дзень С.Я. Казловіч шкадуе аб адным: што раней не ведаў пра такую магчымасць і патраціў нямала нерваў у пошуку выпадковых заробкаў.

    Навучальныя курсы «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці» праводзяцца для набыцця беспрацоўнымі ведаў па бізнэс-планаванні.

    За два тыдні заняткаў «курсанты» не толькі складаюць патрэбны для атрымання субсідыі бізнэс-план, але і атрымліваюць кансультацыі па асновах падаткаабкладання, інфармацыю ад юрыстаў і фінансістаў.

    Навучанне і пражыванне за кошт сродкаў службы занятасці.

    Алег СІДАРЭНКА,                Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

    Автор: Алег СідарэнкаРаённыя будні

Комментарии (0)