03 Мая, 2024 Пятница

Які бізнес лепш адкрыць у сельскай мясцовасці?

  • 20 января 2017 Экономика Беларуская 0

    Знайсці работу ў вёсцы складаней, чым у горадзе. Месцаў прадаўцоў і кіроўцаў (менавіта яны карыстаюцца найбольшым попытам у саіскальнікаў у сельскай мясцовасці) на ўсіх ахвотных не хопіць, а нешматлікія адкрытыя вакансіі патрабуюць спецыяльнай адукацыі. Адзін са спосабаў забяспечыць сябе жаданай прафесіяй і прыстойным заробкам — адкрыць сваю справу. Якая дзейнасць можа стаць прыбытковай? Разбіраемся ў гэтым разам з вясковымі прадпрымальнікамі і экспертам.

    Сувеніры для Белавежскай пушчы

    Ігар Курленя жыве ў аграгарадку Мажэйкава Лідскага раёна. Па спецыяльнасці ён станочнік: скончыў мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж у Кобрыне. Як ён сам кажа, хобі — разьба па дрэве — перарасло ў прафесію.

    Мужчына працаваў спачатку на Лідскай мэблевай фабрыцы. Потым пасля арміі ўладкаваўся да прыватніка. Прадпрыемства знаходзілася ў Мінскай вобласці: вакансію бліжэй да дома знайсці не ўдалося. Таму Ігар задумаўся над тым, каб адкрыць сваю справу і працаваць на сябе. У лістападзе 2015 года звярнуўся ў раённую службу занятасці. Там яму дапамаглі скласці бізнес-план і выдалі субсідыю (для тых беспрацоўных, хто збіраецца займацца прадпрымальніцтвам у сельскай мясцовасці, яна складае 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму — на сёння гэта каля 2,6 тысячы рублёў). На гэтыя грошы мужчына набыў неабходны інструмент, матэрыял для выпуску прадукцыі на пачатковым этапе.

    — Раблю сувеніры з дрэва, посуд, упрыгажэнні для мэблі, — расказвае ён пра сваю дзейнасць. — Дзе прадаю потым? На кірмашах бываю, яшчэ частка вырабаў па знаёмых разыходзіцца. Сувеніры ў Белавежскую пушчу пастаўляю.

    У планах Ігара — пашыраць вытворчасць. Мужчына збіраецца майстраваць альтанкі. Але для гэтага патрэбны станкі, на якія пакуль не хапае фінансаў. Таму цяпер умелец шукае новыя пункты збыту сваёй прадукцыі. «Хачу сувеніры яшчэ ў Лідскі замак перадаваць, цяпер дамаўляюся», — дзеліцца рамеснік.

    Садоўніка выклікалі?

    Запатрабаваную сёння прафесію заатэхніка Аляксандра Шышонак з вёскі Ведрыца Чэрвеньскага раёна атрымала ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Але кім толькі ні працавала: і ў арміі па кантракце служыла, і мастацкім кіраўніком у клубе была. А ў выніку знайшла сябе ў садаводстве.

    — Усё жыццё захаплялася кветкамі, як і мама, — тлумачыць свой выбар жанчына. — Яшчэ да таго, як адкрыла сваю справу, вырошчвала ружы. Людзі падыходзілі, цікавіліся, ці можна набыць. Так попыт нарадзіў прапанову.

    У сваім кветніку Аляксандра вырошчвае ружы, хвойныя расліны, петуніі. «Раблю акцэнт на такія кветкі, якія карыстаюцца папулярнасцю ва ўсе часы. Калі на ліліі, бавоўнік інтарэс ідзе хвалямі, то ружа заўсёды добра прадаецца. Спрабую чаранкаваць кветкі, каб яны былі больш прыстасаваныя да нашага клімату, каб не было такога клопату з укрыццём, хваробамі».

    Пакупнікоў удаецца знайсці праз знаёмых. Як той казаў, сарафаннае радыё — найлепшая рэклама. Расаду набывае таксама школа, асобныя прадпрыемствы для сваіх клумбаў.

    — У гандлёвых пунктах абарот ідзе за кошт колькасці тавару. Я ж раблю стаўку на якасць, каб пакупнікі наступным разам звярталіся менавіта да мяне, — расказвае пра сваю стратэгію Аляксандра.

    Акрамя развядзення кветак, жанчына займаецца яшчэ ландшафтным дызайнам: з дапамогай спецыяльнай камп'ютарнай праграмы распрацоўвае праекты азелянення прысядзібных участкаў. Аказвае таксама паслугі садоўніка.

    — Звяртаюцца часам пенсіянеркі, якія адны пражываюць, просяць у дрэва галінкі абрэзаць ці куст падстрыгчы. У нас наймаць садоўніка непапулярна, лепш самому як-небудзь участак даглядаць. Але кожнай работай павінен займацца спецыяліст, — мяркуе Аляксандра.

    Яна ўспамінае, што свой бізнес пачала з наладжвання кантактаў і вывучэння чужога вопыту. Ездзіла да іншых ландшафтных дызайнераў па вобласці, звязвалася з фермамі, якія займаюцца пастаўкай расады. А атрыманую субсідыю патраціла на набыццё садовага інвентару — цяпліцы, сістэмы кропельнага паліву і іншага.

    — Ведаю, што некаторыя прадпрымальнікі-пачаткоўцы закупляюць на гэтыя грошы тавар, але, я лічу, гэта немэтазгодна, — кажа Аляксандра. — Лепш патраціць іх на абсталяванне, якое праслужыць табе некалькі гадоў.

    На вёсцы патрэбны паслугі

    Пра тое, якія кірункі прадпрымальніцкай дзейнасці найбольш перспектыўныя ў сельскай мясцовасці, расказвае намеснік загадчыка кафедры эканомікі і кіравання Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Мінпрацы і сац-

    абароны Наталля ДОЛБІК:

    — Зразумела, на вёсцы выгадна займацца сельскай гаспадаркай: гадоўляй буйной рагатай жывёлы, свінагадоўляй, гадоўляй трусоў, вырошчваннем бульбы (для насельніцтва і юрыдычных асоб па заказах). Прыбытковасць справы залежыць ад якасці прадукцыі, затратнасці на яе вытворчасць і таго, наколькі фермер гатовы ўдзяліць увагу пошуку патэнцыйных пакупнікоў. Я разумею, што канкурэнцыя вельмі вялікая, але яна ёсць усюды. Заўсёды нейкія вытворцы сыходзяць з рынку, пераходзяць у іншую сферу. Разам з тым сказаць, што ніша запоўненая на 100 працэнтаў, немагчыма ні пра які кірунак. Усё знаходзіць свайго пакупніка. Проста трэба прымяняць розныя маркетынгавыя стратэгіі.

    У сельскай мясцовасці патрабуюцца таксама розныя паслугі. Той жа рамонт абутку і адзення, цырульні, фітнес, танцы, цэнтры для дзяцей. «Гэтыя віды дзейнасці развіваюцца яшчэ лепш, чым гаспадарка, — заўважае Наталля Долбік. — Калі ў Мінску такіх паслуг шмат, то ў вёсках яны ўвогуле адсутнічаюць».

    Вясковыя бізнесмены могуць разлічваць на істотныя льготы. Так, згодна з Дэкрэтам №6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці», вытворцы ўласнай прадукцыі вызваляюцца на 7 гадоў ад падаткаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія плацяць адзіны падатак, могуць атрымаць па ім добрыя льготы, бо мясцовыя выканаўчыя органы маюць права прымаць рашэнне аб паніжэнні гэтых ставак.

    У раёнаў ёсць праграмы развіцця рэгіёнаў, на якія выдаткоўваецца пэўнае фінансаванне: тыя, хто хоча адкрыць сваю справу, могуць разлічваць на грашовую дапамогу ў рамках гэтых праграм. Плюс ёсць магчымасць атрымання грантаў. Цяпер шмат еўрапейскіх праграм аказваюць падтрымку развіццю менавіта сельскай ініцыятывы. Гранты невялікія, але для прыватніка з'яўляюцца істотнымі.

    Статыстыка

    Самыя запатрабаваныя рабочыя прафесіі на вёсцы — аператар машыннага даення і трактарыст. Сярод спецыялістаў найбольшым попытам у наймальнікаў карыстаюцца ветэрынары, заатэхнікі, медыцынскія сёстры, урачы, інжынеры і бухгалтары. А вакансій эканамістаў і юрыстаў, якія ў горадзе традыцыйна ў дэфіцыце, у сельскай мясцовасці больш, чым беспрацоўных, што прэтэндуюць на іх.

    Автор: Наталля ЛубнеўскаяЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)