25 Апреля, 2024 Четверг

Што будзем сеяць?

  • 14 февраля 2017 Экономика Беларуская 0

    Наш паўночны рэгіён знаходзіцца ў зоне так званага рызыкоўнага земляробства. Нават калі зроблены добры задзел пад будучы ўраджай, калі ў гаспадарцы ёсць патрэбная колькасць «мінералкі» і тэхнікі, ніхто не можа сказаць дакладна: якім будзе ўраджай?

    Пра падрыхтоўку да вясенне-палявых работ, насенне і тэхнічнае «ўзбраенне» гаспадарак  нам расказалі спецыялісты райсельгасхарчу.

    Галоўны спецыяліст сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Данута Станіславаўна БРАЗЕВІЧ:

    – Ва ўсіх гаспадарках раёна распрацавана структура пасяўных плошчаў. Збожжавая група ў параўнанні з мінулым годам амаль не змянілася. Так, пад ураджай 2017 з восені пасеяна 8 270 гектараў азімых культур. Пад яравую сяўбу адве­дзена 18 038  гектараў, з якіх амаль 11 тысяч зоймуць збожжавыя і зернебабовыя.  Цукровыя буракі будуць вырошчвацца на плошчы 1 620 гектараў, бульба –  на 160 гектарах.

    Але, як кажуць, не хлебам адзіным… Па-ранейшаму перад аграрыямі стаіць задача сфарміраваць надзейны запас кармоў. У гэтым сэнсе ў кормавытворчасці цяжка пераацаніць ролю кукурузы. Каралева палёў «прапішацца» на 5 500 гектарах, у тым ліку на зерне яна будзе пасеяна на 650 гектарах.

    У апошнія гады іль­наводствам займалася адзі­ная гаспадарка ў раёне – саўгас «Падольскі». У мінулым годзе пад маслянічны лён было адведзена 100 гектараў. Сёлета ў сувязі з нерэнтабельнасцю і значнымі эканамічнымі затратамі на вырошчванне гэтай культуры было вырашана адмовіцца ад «блакітнавокага».

    З восені праведзена хімічная праполка толькі 3 252 гектараў азімых культур, што складае 23% ад плана. Вясной плануецца апрацаваць астатнія 5 018 гектараў. Гліфасаты ўнесены на плошчы 9 884 гектара (82%). Заворана 7 765 гектараў глебы – гэта крыху больш, чым палова.

    З нарыхтоўкай арга­нічных угнаенняў праблем няма: гаспадаркі раёна нарыхтавалі 308,7 тысячы тон (87%). Найбольш актыўна спрацаваў КСУП «Гудагай» (105%). На палі вывезена 292 тысячы тон арганікі, што складае 95% ад нарыхтаванай, а ўнесена – 106 тысяч тон.

    Пад яравую сяўбу ўжо назапашана 3 629 тон мінеральных тукаў – 34% ад неабходнага. Напрыклад, КСУП «Гудагай» забяспечаны «мінералкай» на 60%, а КСУП  «Гервяты» – на 39%.

    Усе гаспадаркі раёна будуць сеяць  насенне, якое прайшло праверку ў насеннай інспекцыі. Для сортааднаўлення плануецца набыць эліту ў элітгасах вобласці.

    Зараз у засеках гаспадарак ёсць 3 152 тоны насення збожжавых і зернебабовых пры патрэбе 2 535 тон. 105 тон насення гібрыдаў кукурузы будзе закуплена цэнтралізавана праз ДУП «Аблсельгастэхніка». Насеннем цукровых бура­коў гаспадаркі раёна забяспечыць Слуцкі цук­ровы камбінат. А вось бульбу будуць садзіць вырашчанымі на сваіх палях клубнямі.

    Галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання

    Уладзімір Іосіфавіч РАМАНОЎСКІ:

    – Народная мудрасць – рыхтуй сані летам, а калёсы зімой – не страціла сваёй актуальнасці і зараз. Ва ўсіх гаспадарках ідзе падрыхтоўка да вясенне-палявых работ.

    Механізатараў, токараў, слесараў не палохаюць маразы: усе цэнтральныя майстэрні абаграваюцца. Ва ўсіх гаспадарках зацверджаны графікі ра­монту тэхнікі. Да 1 са­кавіка да выхаду ў поле павінна быць гатова 95% трактароў, камбінаваных пасяўных агрэгатаў і плугоў. На пачатак лютага да палявых работ пад­рыхтавана 87 працэнтаў трактароў, 77% плугоў і 71 працэнт пасяўных агрэгатаў.

    У сувязі са складаным фінансавым становішчам гаспадаркі раёна сёлета не плануюць набываць новую тэхніку. Па-ранейшаму галоўным кло­патам для інжынернай службы застаюцца за­п­часткі – гаспадаркі набываюць іх за ўласныя сродкі. Найбольш складаная ў гэтым сэнсе сітуацыя ў КСУП «Варняны» і РУП «Саў­гас «Падольскі». Дапамогу ў рамонце двух пасяўных агрэгатаў варнянскай гаспадарцы аказвае сельгастэхніка.

    Увогуле на яравой сяўбе будзе задзейнічана 30 трактароў, з якіх 21 – айчыннай вытворчасці. Акрамя гэтага, у полі будуць працаваць 24 камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. «На ўзбраенні» земляробы маюць 21 раскідвальнік міне­ра­ль­­ных угнаенняў і 59 куль­тыватараў. Для пад­кормкі азімых культур ёсць 7 самаходных энер­гетычных агрэгатаў «Раса». Насенне цукровых буракоў і кукурузы у глебу загорнуць 20 сеялак.

    Па папярэдніх разліках для своечасовай сяўбы і іншых палявых работ гаспадаркам раёна спатрэбіцца 1 650 тон дызельнага паліва, 215 тон бензіну і 83 тоны масла. Пытанне, ці будзе адкрыта крэдытная лінія для набыцця гаруча-змазачных матэрыялаў, пакуль застаецца адкрытым.

    Гаспадаркі раёна на 40% будуць ажыццяўляць тэхнічнае абслугоўванне энерганасычаных тра­кта­роў за ўласныя сродкі, астатнюю частку кампенсуе бюджэт.

    У сакавіку распачнецца тэхнічны агляд тэхнікі, а ўсе працаўнікі, якія будуць заняты на вясенне-палявых работах, абавязкова пройдуць медыцынскі агляд.

    Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.

    ostrov-red.ganulich@tut.by

    Автор: Алена ГанулічАстравецкая праўда

Комментарии (0)