06 Февраля, 2023 Понедельник

Кожнаму падраду рады

  • 14 февраля 2017 Экономика Беларуская 0

    Эканамічныя рэаліі апошняга часу падкарэкціравалі маштабы будаўніча-мантажных работ, ад яшчэ нядаўна нярэдкай сітуацыі “будаўнікі выбіраюць падрады” нічога не засталося. Зараз усё наадварот – у тым ліку і на будаўнічым рынку нашага раёна.

    Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч, сёння кожная з трох будаўнічых арганізацый раёна – ДРБУ-200, ПМК-13 і, тым больш, ПМК-17 – знаходзіцца ў актыўным пошуку. Саміх сябе на рынку будаўнічых паслуг ці свайго месца пад будаўнічым сонцам. Найбольш поўным, па словах суразмоўцы, выглядае на гэты момант партфель заказаў раённых дарожнікаў. Ляхавіцкая ПМК-17  займаецца зараз зносам трухлявых безгаспадарных пабудоў у адным з населеных пунктаў Альхоўскага сельсавета, працуе на жывёлагадоўчых фермах адной з гаспадарак раёна.  І, па вялікім рахунку, на гэтым пералік іх вытворчых клопатаў завяршаецца. За работай спецыялістаў ПМК-13 мы можам назіраць у рэжыме рэальнага часу. Прыкладна з сярэдзіны мінулай восені пачаліся будаўнічыя шчыраванні вакол былога інтэрната аграрнага   каледжа, размешчанага па вуліцы Леніна, 54 у Ляхавічах. Спачатку ў прамым сэнсе вакол: абгарадзілі перыметр, “пайшлі” па паверхах, забраліся на дах. Ужо выведзена пад пакрыццё двухсхільная кроквенная сістэма. Часткова выканана, часткова працягваецца “матэрыялізацыя” перапланіроўкі ўнутраных памяшканняў, пара паверхаў ззяе ўжо новымі пластыкавымі вокнамі. Праект агульным разліковым коштам  1790 тысяч рублёў фінансуецца са сродкаў абласнога і раённага бюджэтаў. Раённы ўзнос у справу рэканструкцыі былога інтэрната ў шматкватэрны жылы дом складзе 250 тысяч рублёў. Здача аб’екта пад ключ запланавана на канец чэрвеня. Падзелены на   адна-, двух- і трохпакаёвыя кватэры, дом атрымае статус арэнднага.

    Іменна з абмеркавання сітуацыі па трансфармацыі інтэрната ў жылы дом пачыналася лютаўская раённая будаўнічая лятучка на чале са старшынёй райвыканкама Вячаславам Сельмановічам і з удзелам кіраўніцтва задзейнічаных у рэалізацыі на тэрыторыі раёна будпраектаў (заказчыкі, праекціроўшчыкі, будаўнікі, іншыя). Мерапрыемства планавае. Мэта – падсумаваць ужо зробленае, “развязаць” магчымыя вытворчыя вузлы, прайсціся па планах і заглянуць у перспектыву.

    У працяг жыллёвай тэмы адзначым, што ў 2017 годзе ў раёне павінна быць пабудавана 5 тысяч квадратных метраў жылля. Дом, пра які гаварылася вышэй, дасць 2 тысячы квадратаў. Збалансаваць планавую лічбу мяркуецца намаганнямі індывідуальных забудоўшчыкаў.

    Запланаваны на гэты год і работы па абнаўленні з аднаўленнем яшчэ аднаго інтэрната – размешчанага па вуліцы Южакова, 12 у Ляхавічах. Гісторыя дома дастаткова даўняя, выгляд і функцыянал далёкія ад добрага. На яго капітальны рамонт з мадэрнізацыяй у абласным бюджэце закладзена 700 тысяч рублёў. Заказчыкам выступае камунгас. Ужо вызначаны і распісаны аб’ёмы і віды работ. У бліжэйшыя тыдні стане вядомы падрадчык, і з паступленнем фінансавання будаўнікі возьмуцца за справу. Якая з арганізацый – вызначыцца ў ходзе конкурсных таргоў.

    Пад капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі трапіць і адзін з дамоў па вуліцы Заводскай у Тухавічах. Дах пабудовы заменяць, у працэсе рамонту будуць умацаваны балконы. Як і ў папярэднім выпадку, заказчыкам выступіць раённы жылкамунгас, матэрыялізацыя праекта стартуе некалькі пазней і, цалкам верагодна, гэта права атрымае наша ПМК-13.

    Акрамя жыллёвай тэмы, у рамонтна-будаўнічым спіску Ляхавіцкага раёна  значыцца шэраг аб’ектаў рознага іншага кшталту. Важных і не дробнага маштабу. Кіраўніцтва раёна і ЦРБ занепакоены тэрмінам увядзення ў дзеянне рэнтгенкабінета. Аб’ект “пад ключ” райбальніца павінна была атрымаць яшчэ ў пачатку лістапада.

    Люты, а канца работ не    відаць, – абураўся ў адрас баранавіцкай фірмы-падрадчыка старшыня райвыканкама. Фірма, дарэчы, далёка не дэбютант на будаўнічым полі нашага раёна.

    Згодна з планамі і ў адпаведнасці з выдаткаванымі на іх ажыццяўленне фінансамі бальніца ў бягучым годзе павінна абзавесціся новым харчаблокам. Усё застанецца ў тых жа каардынатах, аднак, капітальна і ў стылі мадэрн адрамантаваным. Грошы на ажыццяўленне планаў знайшліся ў абласным і часткова раённым   бюджэтах. Абазначаная сума зусім крыху не дацягвае да 580 тысяч рублёў. У сакавіку, як прагучала падчас нарады, многае стане вядома, каму, у прыватнасці, дастанецца падрад, як хутка стартуюць, іншае.

    Колькі слоў пра добраўпарадкаванне дарог, вуліц, іншых аб’ектаў і тэрыторый раёна. Не да кожнага аграгарадка сёння можна дабрацца па дарозе з цвёрдым пакрыццём. Задача гучыць проста: усе яны павінны мець асфальтавую сувязь з дарогай магістральнага тыпу. Першыя крокі ў імкненні злучыць Падлессе з так званай клецкай трасай пачаліся. ДРБУ-200, якое выступае ў якасці выканаўцы, паспела тое-сёе зрабіць да маразоў. Як толькі дазволіць надвор’е, чакаецца ажыўленне работы.  Далей – больш: наступным новым асфальтавым адрэзкам стане гравійка, якая злучае Малое Гарадзішча з цэнт-рам сельсавета Альхоўцамі. Але гэта пазней, пасля таго, як будуць падрыхтаваны ўсе неабходныя дакументы. Гэтыя і наступныя падобныя дарожныя праекты будуць ажыццяўляцца за  абласныя грошы. У тым ліку тыя, што праходзяць па артыкуле дарожных збораў з аўтаўладальнікаў.

    “Рог” вуліц Матросава і Ламаносава. Крама “Еўраопт”, тэрыторыя перад якой ну вельмі далёка стаяла ад еўрапейскіх стандартаў дарожнага будаўніцтва. Абяцана паправіць, як толькі вясна дасць на гэта адмашку. Уладальнік будынка і арандатар абяцалі “скінуцца” на асфальт.

    Прадоўжыцца пачатае летась добраўпарадкаванне вуліц Камсамольскай і Янкі Купалы ў райцэнтры, мяркуецца ў хуткім часе запусціць добраўпарадкаванне квартала індывідуальнай жылой забудовы Патапавіцкі, шматпавярховай – у межах   вуліц Леніна-Палявая-Інтэрнацыянальная. Магчыма, атрымаецца завяршыць 10-гадовую пускавую эпапею па добраўпарадкаванні жылквартала Южакова-Будаўнікоў-Кальцавая-завулак Фестывальны. Для гэтага патрабуецца пабудаваць міні-комплекс ачышчальных збудаванняў.

    Але вельмі многае залежыць ад якасці і вынікаў работы рэальнага сектара эканомікі.  Больш прадукцыі вырабіць, больш і максімальна выгадна прадаць – мэта і аб’ёмы нашага бюджэту, частку якога, у сваю чаргу, можна пусціць на вырашэнне той ці іншай сацыяльнай задачы, важнага грамадскага праекта.

    Усё гэта кіраўніцтва раёна ведае, бачыць, імкнецца вырашыць.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота: 

    Трансфармацыя былога інтэрната па вуліцы Леніна, 54 у райцэнтры ў 35-кватэрны жылы дом працягваецца (абодва здымкі).

    Автор: Іван КАВАЛЕНКАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)