25 Апреля, 2024 Четверг

Прыйшла вясна - распусціліся ямы: у краіне прыступілі да рамонту дарог і вуліц

  • 03 марта 2017 Экономика Русский 0

    Вясна. На дарогах, вуліцах, нібы першыя пралескі, «распусціліся» ямы. Карэспандэнт «Р» адправілася на рамонт мінскіх вуліц.

    Мы знаходзімся на вуліцы Прытыцкага, дзе раптоўна з'явіліся дзве ямы глыбінёй больш за пяць сантыметраў. Такая глыбіня лічыцца крытычнай.

    — Яшчэ ўчора іх тут не было, — Канстанцін Кухарчук, майстар брыгады ўпраўлення «Цэнтр» ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама», паказвае на адну з выбоін памерам 30 на 30 сантыметраў.

    Чацвёра рабочых пачынаюць яе ліквідаваць. Па-першае, выстаўляюць інфармацыйныя і папераджальныя знакі.

    — Кожны дзень мы праводзім агляд праезнай часткі, ацэньваем стан асфальтабетоннага пакрыцця. Пасля, заўважыўшы пралом, стараемся ў самы кароткі тэрмін устараніць дэфекты, — тлумачыць прынцып работы майстар.

    У яркай аранжавай форме рабочы Сяргей Бузо бярэ ў рукі нарэзчык, і на вуліцы становіцца шумна: ён выразае шырэй за контур выбоіны ўчастак асфальту. Пасля за справу бярэцца рабочы Мікалай Праташчык: разбівае адбойным малатком «карту» — так называюць рамонтны ўчастак. Затым «карту» ачышчае рабочы Аляксандр Пугач, а Аляксандр Арцяменя спецыяльнай тэхнікай яе прадзьмухвае. Дарэчы, тое, што дасталі з ямы, пазней адправяць на драбнілку, дзе перапрацуюць былы асфальт у асфальтабетонную крошку, якую можна выкарыстоўваць як будаўнічы матэрыял.

    — Пакуль яшчэ ёсць мінусавыя тэмпературы, мы запаўняем выбоіну гарачымі літымі асфальтабетоннымі сумесямі. Яны часовыя. Заменім іх, калі будзе стабільна плюсавая тэмпература, — расказвае майстар Канстанцін.

    Дзе бяруць сумесі? Кожную раніцу брыгада ездзіць за асфальтам на завод ААТ «Макрадор». Вось, напрыклад, на квадратны метр выбоіны глыбінёй у пяць сантыметраў патрэбна 120 кілаграмаў асфальту! Зараз каля нас у рамонтнай устаноўцы знаходзіцца тры тоны гарачага асфальту, якога хопіць толькі на адзін рэйс брыгады. Для таго, каб ён не застыў, рамонтная ўстаноўка па прынцыпе тэрмаса падтрымлівае неабходную для яго тэмпературу — 180 градусаў.

    — Сярога, залівай! — дае каманду майстар, і «шматфункцыянальныя салдаты», як называе сваіх падначаленых Канстанцін, запаўняюць «карту» сумессю, мы бачым, як ад яе ідзе пара. Тут жа рабочыя ўсё акуратна ўкладваюць і папраўляюць, каб участак быў гладкім. Літаральна 20 хвілін — і ўсё застыне. А пакуль апошні штрых — зверху, для паляпшэння счаплення, сыплюць дробны друз.

    — Працуем мы з 8 раніцы і да 18—19 гадзін вечара. Калі дзесьці ёсць крытычная ямачнасць, выязджаем на месца і ноччу, — распавядае Канстанцін Кухарчук. — Па начах стараемся працаваць у такіх праблемных месцах, як, напрыклад, скрыжаванні — днём там гэта немагчыма з-за інтэнсіўнага руху аўто. У дзень мы рамантуем каля 40 квадратных метраў вуліц. Для ямачнага рамонту ў залежнасці ад тэмпературы на вуліцы выкарыстоўваем розныя віды асфальтабетонных сумесяў: гарачыя, літыя, цвёрдыя, паўцвёрдыя і іншыя.

    І вось дзвюх ям не стала. Брыгада прыбірае свае прыстасаванні, папераджальныя знакі і адпраўляецца далей. Хоць ямы на вуліцах і дарогах могуць з'явіцца ў любую пару года, усё ж вясна — час інтэнсіўнай працы. Сёння наперадзе ў брыгад рамонт на вуліцы Арлоўскай, праспектах Незалежнасці і Пераможцаў. Дарэчы, у месцах найбольш інтэнсіўнага руху, як, напрыклад, на МКАД, рэгулярна дзяжураць дзве рамонтныя брыгады.

    Першы намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Таццяна Сусекава кажа, што вясной і восенню ўсе вуліцы Мінска на планавым кантролі. Вось і зараз створаны рабочыя групы ў кожным з раёнаў горада — правяраюць, дзе неабходна «лячэнне», а дзе поўная замена асфальту.

    — Усяго ў Мінску 1400 кіламетраў вулічна-дарожнай сеткі. Безумоўна, перапады тэмператур, перагруз дарог транспартам уплываюць на стан пакрыцця. Адмовіцца ад ямачнага рамонту мы не можам. Залатаныя выбоіны ёсць ва ўсіх краінах.

    У тэму 


    Сёлета на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах плануецца адрамантаваць капітальным рамонтам 27,85 км дарог і 710,45 пагоннага метра маставых збудаванняў, бягучым рамонтам — 810,4 км дарог і 1696,7 пагоннага метра маставых збудаванняў. У Міністэрстве транспарту і камунікацый паведамілі, што запланаваны аб'ём рамонтных работ на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах складае 123,2 млн рублёў. Гэтага недастаткова для выканання ўсіх неабходных рамонтаў для прывядзення транспартна-эксплуатацыйнага стану дарог да нарматыўнага ўзроўню.

    Автор: Алина КАСЕЛЬРэспубліка
    Теги: 

Комментарии (0)